Пра будаўніцтва кватэр і стасункі з людзьмі ішла гаворка на "прамой лініі"

13:09 / 26.08.2011

Усе падрабязнасці будаўніцтва кааператыўных кватэр, праблема закінутых і нядобраўпарадкаваных дамоў, скаргі, з якімі звяртаюцца грамадзяне – пра гэтае і іншае можна было даведацца падчас “Прамой лініі” з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерыем Эдуардавічам Сенюцём.


–Добры дзень. Скажыце, каму належыць закінуты будынак, дзе калісьці быў інтэрнат, які знаходзіцца на вуліцы Фізкультурнай? І хто павінен наводзіць парадак каля яго? Проста тэрыторыя ля будынку бывае такой, што брыдка глядзець.


(Жыхары вуліцы)


–Гэты інтэрнат спачатку належаў прадпрыемству меліярацыйных сістэм. Пасля яны перадалі яго жыллёва-камунальнай гаспадарцы пад жылы фонд. Цяпер распрацоўваецца пытанне аб перадачы гэтага будынка дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню №159. Аднак непасрэдна зараз інтэрнат належыць ЖКГ і ўся адказнасць за яго добраўпарадкаванне і знешні выгляд ускладзена на гэту арганізацыю.


–Зразумела, што астраўчане звяртаюцца ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі не толькі ў час “Прамых ліній”. З якімі пытаннямі звяртаюцца найчасцей?
–Людзі не толькі тэлефануюць, але і прыходзяць да нас амаль кожны дзень. З чым? Пытанні самыя розныя. Яшчэ класік адзначыў, што людзей ва ўсе часы хвалявала кватэрнае пытанне. Хвалюе яно грамадзян і зараз. Таму часцей за ўсё яны цікавяцца, ці будзем мы будаваць кааператывы, ці застанецца кошт за адзін квадратны метр ранейшым, ці не адменяць льготныя крэдыты…


–І што чуюць у адказ?
–Мы дзейнічаем у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны, а ў ім пакуль ніякіх змен няма. Таму, як будавалі, так і будзем будаваць, як крэдытаваліся людзі, так і будуць крэдытавацца – пад адзін працэнт на сорак гадоў. Планы будаўніцтва жылля выконваюцца. Пакуль усё ідзе нармальна.


–Да вас звяртаецца жыхар райцэнтра. У мяне такое пытанне: на вуліцы Прамысловай знаходзіцца закінуты дом. Шчыра кажучы, ён – як бяльмо на воку, псуе ўвесь выгляд. Няўжо там няма гаспадара?
–На самой справе там не дом, а палова дома. Гэта праблема нам даўно вядомая. Жыллё было перададзена ў спадчыну канкрэтным людзям, якія з’яўляюцца яго ўладальнікамі. Але чамусьці ўступаць у свае гаспадарчыя правы і абавязкі не жадаюць. Колькі мы прасілі, каб яны хоць плот ля дома паставілі – безвынікова. Не хацелася б уздзейнічаць на такіх гаспадароў у адміністрацыйным парадку, выпісваючы штрафы. Але калі словы не даходзяць, можа, хоць матэрыяльны ўрок падгоніць.


–Ці здараліся канфліктныя сітуацыі, калі людзі прыходзяць да вас са скаргамі?
–Хапае і такога. Хаця я не назваў бы гэта канфліктамі. Часцей за ўсё проста прыходзіць чалавек, які не ведае заканадаўства, але хоча нешта даказаць. Галоўнае ў такіх выпадках – спакойныя, ветлівыя стасункі і дакладныя дзеянні ў адпаведнасці з заканадаўствам. Жадаеце атрымаць пісьмовы адказ – калі ласка. З чымсьці не згодныя – наймайце адваката, падавайце ў суд на абскарджанне. Мы не супраць. Але, як правіла, калі даходзіць да слоў “суд, адвакат, абскарджанне”, чалавек мяняе тактыку і пачынае цікавіцца: а што там запісана ў заканадаўстве?
Або яшчэ сітуацыя. Прыходзіць чалавек і заяўляе: “Я стаю ў чарзе на будаўніцтва кааператыўнага жылля 19 гадоў. На якія льготы магу разлічваць?” У яго цікавішся, чаму ж за столькі часу так і не пачалі будавацца? А ён адказвае, што чакае дзяржаўную (чытай – бясплатную) кватэру. Якая кватэра! Іх ужо з 1994 года не будуюць. І аб якіх льготах можа ісці размова? Падобных выпадкаў хапае.
Дарэчы, да нас прыходзяць скардзіцца не толькі на камунальную службу, але і на сваіх суграмадзян. Напрыклад, стаіць на прыватнай тэрыторыі адрына. 20 гадоў стаяла і ўсё нармальна было, а на 21-шы сусед гаспадара гэтай пабудовы бачыць, што, аказваецца, няправільна яна стаіць, не па санітарных нормах і прычыняе непасрэдную шкоду яму, суседу. Трэба тэрмінова парадак навесці! І ён да нас прыходзіць скардзіцца. Часам да абсурду даходзіць.
Жыццё не бывае без праблем, але цяжкасцей было б нашмат менш, калі б мы не стваралі іх сабе самі. Не трэба забываць пра прыстойнасць, справядлівасць, стрыманасць і добразычлівасць, імкненне зразумець сваіх блізкіх, суседзяў, бо ніхто і нішто, ніякія жыццёвыя цяжкасці, не адмяняюць гэтых чалавечых якасцяў. Наша задача ў рабоце з грамадзянамі – разбудзіць гэтыя якасці характару, даць магчымасць чалавеку быць задаволеным як акружаючымі, так і самім сабой.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.