Cтаршыня райвыканкама адказаў на пытанні

07:24 / 18.08.2011
2

Вясной гэтага года рэдакцыя “Астравецкай праўды” ўжо праводзіла “Прамую лінію” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам. Акрамя таго, пытанні старшыні райвыканкама чытачы нашай газеты могуць задаць у адпаведнай рубрыцы раённай газеты і на сайце нашага выдання – і многія, трэба сказаць, гэтай магчымасцю актыўна карыстаюцца
І тым не менш і на гэты раз падчас правядзення “Прамой лініі” пытанняў да кіраўніка раёна было шмат. Іх задавалі на сайце, людзі прыходзілі са сваімі праблемамі ў рэдакцыю ці званілі, тыя, хто хацеў асабіста пагутарыць з Адамам Дзмітрыевічам, тэлефанавалі непасрэдна падчас правядзення “Прамой лініі”. Да кіраўніка раённай вертыкалі звярталіся з самымі рознымі праблемамі – бытавымі, жыццёвымі, асабістымі і грамадскімі.
Як звычайна, Адам Дзмітрыевіч не спяшаўся даць адказ, а пастараўся разабрацца, у тым ліку і з дапамогай адпаведных аддзелаў і службаў райвыканкама, у сутнасці справы. І сёння людзі, што звярталіся з пытаннямі на “Прамую лінію”, могуць атрымаць на іх адказы. Думаецца, што яны будуць цікавыя і многім іншым жыхарам Астравеччыны.


Пытанне з сайта “Астравецкай праўды”.
—Чаму ў нашай бальніцы ў летні час урачы масава сыходзяць у адпачынак? І пачынаецца самае цікавае: адзін урач прымае ў адзін час, другі – у іншы, трэцяга няма і не будзе бліжэйшыя тыдні тры. А яшчэ адзін і той жа ўрач можа прымаць у розны час як зусім іншы спецыяліст!!! Чаму на ўсіх іншых прадпрыемствах работнікі адпускаюцца ў адпачынак на працягу ўсяго года, а вось бальніца – выключэнне?
—Як вядома, у нашай краіне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй кожны чалавек мае права на адпачынак. Урачы – таксама.
Даць адказ на гэты зварот было даручана галоўнаму ўрачу Валянціну Ігнатавічу Тачонаму. Ён паведаміў, што правядзенне адпускной кампаніі ў Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з графікам водпускаў. Ён складаецца штогод і зацвярджаецца кіраўніком такім чынам, каб усе работнікі скарысталі сваё права на адпачынак і разам з тым захоўвалася няспыннасць лячэбнага працэсу. На час адсутнасці ўрача-спецыяліста яго замяняюць іншыя ўрачы, якія маюць спецыяльную падрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці.
У бальніцы прызнаюць, што ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, калі па нейкай прычыне – водпуск, камандзіроўка, курсы павышэння кваліфікацыі – на рабочым месцы адсутнічае спецыяліст, замены якому няма ў нашай бальніцы – да прыкладу, урачы, якія праводзяць ультрагукавое даследаванне ці фібрагастраскапію. Але ж гэта не азначае, што яны не павінны хадзіць у адпачынак! У выпадку неабходнасці аказання экстранай дапамогі хворым запрашаюцца ўрачы з суседніх раёнаў — такім жа чынам, калі трэба, мы дапамагаем ім.
Валянцін Ігнатавіч сцвярджае, што да гэтага часу прэтэнзій па даступнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна не паступала. Ды і я, па праўдзе кажучы, чую падобныя прэтэнзіі ўпершыню.


Вера Іванаўна Клепусевіч, якая нядаўна справіла наваселле ў новым доме па вуліцы Петруся Броўкі, цікавілася, ці будзе на іх вуліцы пабудаваны магазін, дарога, ці з’явіцца тут каналізацыя?
—Што тычыцца дарогі, то ў гэтым годзе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама запланавала выраб праектна-каштарыснай дакументацыі і добраўпарадкаванне вуліц Гагарына, Сонечная, Янкі Купалы і Петруся Броўкі. Дакументацыю зрабілі, правялі яе экспертызу, ужо быў практычна падрыхтаваны дагавор падраду з ДРБУ-159 на будаўніцтва дарогі па вуліцы Петруся Броўкі. Аднак у сувязі са змяненнем эканамічнай сітуацыі ў краіне 30 чэрвеня гэтага года Савет Міністраў прыняў пастанову “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі праграмы жыллёвага будаўніцтва ў 2011 годзе”. У адпаведнасці з ёй на 51 працэнт зменшаны ліміт крэдытных рэсурсаў на фінансаванне інжынерных сетак і аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёнах жыллёвай забудовы. У адпаведнасці з гэтай пастановай у раёне гадавыя ліміты будаўніцтва былі зменшаны напалову – і, па сутнасці, на другое паўгоддзе іх проста не засталося.
Калі сродкі з’явяцца, будаўніцтва аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры да жылых дамоў на вёсцы і мікрараёнаў індывідуальнай забудовы ў Астраўцы будзе працягвацца – у тым ліку будзе добраўпарадкавана і вуліца Петруся Броўкі.
Будаўніцтва магазіна, пракладка водаправода і каналізацыі на гэтай вуліцы ў бліжэйшы час не плануецца.

Людміла Граблеўская, вёска Варняны:
—У мяне не столькі пытанне, колькі прапанова. Новыя, так званыя мальскія могілкі зараз пашыраюцца, вядзецца іх рэканструкцыя. Ці нельга там устанавіць нейкую ёмістасць з вадой, каб не трэба было кожны раз, каб паставіць ці паліць кветкі,цягнуць з сабой ваду з дому ці з рэчкі?

І другое. Было б вельмі добра, калі б каля могілак для рэйсавых аўтобусаў, якіх тут праходзіць шмат, зрабілі “прыпынак па запатрабаванню” пасажыраў. Усё ж ісці туды далекавата…
—Прапановы слушныя. Наконт ёмістасці для вады дырэктар РУП ЖКГ Аляксандр Браніслававіч Стурліс паведаміў, што пры пашырэнні могілак праектам прадугледжаны пляцоўкі для ўстаноўкі двух бакаў для вады. Але паколькі рэканструкцыя яшчэ не завершана, а праблема існуе ўжо сёння, то Аляксандр Браніслававіч паабяцаў, што ёмістасць для вады на могілках будзе ўстаноўлена ў бліжэйшы час, да 20 жніўня.
Што тычыцца абуладкавання ля могілак пункта прыпынку аўтобусаў па запатрабаванню, то, паколькі гэта дарога рэспубліканскага значэння і абслугоўваецца яна РУП “Гроднааўтадар”, то ў адрас яго кіраўніцтва накіравана пісьмо-хадайніцтва аб вырашэнні гэтага пытання. Пасля атрымання адказу аб прынятым рашэнні будзе паведамлена дадаткова.

Адразу тры пытанні паступіла на “Прамую лінію” ад жыхаркі Міхалішак Алены Іванаўны Сямашка.
—Ці будзе наша вёска поўнасцю газіфікавана – у прыватнасці, вуліцы Кірава, Лясная, школа, бальніца?

—Далейшая газіфікацыя аграгарадка Міхалішкі, як і іншых населеных пунктаў, да якіх падведзены газ, цалкам магчымая. У прыватнасці, да тых жа вуліц Кірава і Лясной можна пракласці газаправод ад існуючага, што вядзе да дома мясцовага СВК: да вуліцы Кірава яго працягласць складзе 300 метраў, да Лясной – 500 метраў.
Але трэба мець на ўвазе, што газіфікацыя прыватных домаўладанняў адбываецца пры наяўнасці заяў грамадзян на імя старшыні райвыканкама і ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №368 ад 02.06.2006 года “Аб мерах па ўрэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жылога фонду”, у адпаведнасці з якім праектаванне і будаўніцтва размеркавальнага вулічнага газаправода з газаправодамі-уводамі ажыццяўляецца пры фінансаванні 70 працэнтаў кошту работ з рэспубліканскага бюджэту, 30 працэнтаў – за кошт грамадзян, якім належаць жылыя памяшканні гэтага жылога фонду.
—Чаму ў Міхалішках не рамантуюцца магазіны?
—Цяжа сказаць, якія магазіны мае на ўвазе Алена Іванаўна, – у Міхалішках іх некалькі. Калі тыя, што належаць раённаму спажывецкаму таварыству, то адзін з іх, прадуктовы, быў адрамантаваны яшчэ ў 2009 годзе, на гэтыя мэты райспажыўтаварыства зрасходавала 332 мільёны рублёў. Рамонт прамтаварнага магазіна, як паведамілі ў праўленні райспажыўтаварыства, запланаваны на наступны год.
—У 2006 годзе пры будаўніцтве аграгарадка ў Міхалішках пачалі ўзводзіць новую музычную школу, ды так і не закончылі. Цяпер стаіць незавершаны будынак на цэнтральнай вуліцы, як бяльмо на воку. Ці будзе калі-небудзь закончана гэтае будаўніцтва?
—Будаўніцтва музычнай школы ў Міхалішках было прыпынена з-за недахопу фінансавых сродкаў. Па хадайніцтву аддзела культуры раённы выканаўчы камітэт мяркуе ўключыць заканчэнне гэтага аб’екта ў план 2012 года. Пры наяўнасці фінансавання будаўніцтва Міхалішкаўскай музычнай школы будзе завершана ў наступным годзе.

Шанчук Уладзімір Яўгенавіч, вёска Заборцы.
—Я ўжо аднойчы звяртаўся да вас з нагоды выдзялення пашы для кароў паблізу нашай вёскі. Старшыня сельсавета тады абяцаў, што паша будзе створана, але да гэтага часу нічога не зроблена. У мяне трое малых дзяцей, трымаю падсобную гаспадарку: дзве каровы, свіней, іншую жыўнасць. Здаю кожны дзень па 20-30 літраў малака, прадаю СВК цялят. Але дапамогі ва ўтрыманні гаспадаркі няма ніякай. Кароў пасвіць няма дзе: або па няўдобіцах, якія ніколі не залужаліся, або навязваць за паўтара-два кіламетры ад дому, а потым па некалькі разоў за дзень перавязваць. Прашу вашай дапамогі ў вырашэнні гэтага пытання.

—Для таго, каб разабрацца ў сутнасці справы, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання стварыла камісію ў складзе намесніка старшыні райсельгасхарчу М.М. Шлыковіча, начальніка землеўпарадкавальнай службы А.Б. Кухарава, старшыні Міхалішкаўскага сельвыканкама Г.І. Часнойця і старшыні СВК “Міхалішкі” А.І. Чаплінскага.
Высветлілася, што каля Заборцаў ёсць 8,1 гектара луга-пашавых угоддзяў, на якіх жыхары вёскі могуць пасвіць жывёлу – для чатырох кароў і трох коней, якія трымаюць мясцовыя жыхары, плошча больш чым дастатковая. Але, паколькі Уладзімір Яўгенавіч неаднаразова ўздымае гэтае пытанне, кіраўніцтва СВК “Міхалішкі” паабяцала вясной 2012 года правесці перазалужэнне пашы ля вёскі Заборцы.

Місюкевіч Алена Міхайлаўна, жыхарка Астраўца.
—Ля нашага дома №69 па вуліцы Валадарскага няма дзіцячай пляцоўкі. Затое ў двары стаяць тры смеццевыя кантэйнеры, якія заўсёды перапоўнены. Нічога не магу сказаць у адрас камунальнікаў: яны кожны ранак вывозяць смецце, але да вечара кантэйнеры зноў завалены. Часта жыхары, лянуючыся адкрыць накрыўку, смецце проста звальваюць побач. А літаральна за некалькі метраў, цераз дарогу, стаяць шэсць паўпустых смеццевых кантэйнераў, да якіх жыхары проста лянуюцца дайсці, скідваючы ўсё сваё “дабро” ля нашых. Ці нельга нашы кантэйнеры ўвогуле прыбраць – існуючых шасці будзе ўпаўне дастаткова.

— Вы павінны разумець, што кантэйнеры для смецця ўстанаўліваюцца ля дамоў у адпаведнасці з санітарнымі нормамі. І таму прыбраць іх нельга – заўтра ж да нас звернуцца вашы суседзі, тыя самыя, якія, як вы лічыце, лянуюцца прайсці пару лішніх метраў да суседняй пляцоўкі, са скаргамі, што кантэйнераў не хапае – і будуць мець рацыю. Справа ЖКГ – своечасова вывозіць смецце, сачыць за парадкам на пляцоўцы – і яны, як вы пацвярджаеце, з гэтай задачай спраўляюцца.
Каб зняць праблему, якую вы ставіце, жылкамунгас плануе да 20 жніўня ўстанавіць на пляцоўцы ля вашага дома яшчэ два смеццевыя кантэйнеры.
Ну а змагацца з лянівымі і неакуратнымі жыхарамі шматкватэрных дамоў і выхоўваць іх трэба разам – і камунальнікам, і ўладам, і суседзям.

Ад імя жыхароў вёскі Дварчышча Кямелішскаўкага сельскага Савета на “Прамую лінію” патэлефанавала Ганна Аляксееўна Тункевіч.
—У гэтай вёсцы засталося толькі чацвёра жыхароў, усе пажылыя людзі. Але да вёскі – не дабрацца, 200 метраў шляху, што вядуць да паселішча ад цэнтральнай дарогі, пасля нават невялікага дожджыку ператвараюцца ў суцэльнае балота. Іх можна пераадолець толькі пешшу і ў гумовых ботах. Людзям не падвозяць хлеб, у выпадку неабходнасці не даедзе “хуткая дапамога” . Просьба прывесці ў парадак гэты невялікі ўчастак дарогі.

—Я даручыў разабрацца з гэтай сітуацыяй свайму намесніку, які курыруе пытанні будаўніцтва, Віктару Мікалаевічу Аксютчыку. Ён асабіста выязджаў на месца, каб высветліць усе абставіны.
Аказваецца, што праезд да вёскі Дварчышча ўсё ж існуе – па аўтадарозе Некрашуны-Дварчышча-Сціпіны, гэта дарога 6-ай катэгорыі, якая знаходзіцца на балансе ДРБУ-159 і ўтрымліваецца ў належным стане ў адпаведнасці з патрабаваннямі ўтрымання дарог у Рэспубліцы Беларусь. А ўчастак, пра які гаворыцца ў звароце жыхароў, на балансе ДРБУ не стаіць і з’яўляецца, па сутнасці, жывёлапрагонам для грамадскага статка РУП “Саўгас “Падольскі” і па гэтай прычыне прывесці яго ў належны стан пры ўсім старанні вельмі цяжка. Па меры магчымасці сіламі раённай дарожна-будаўнічай арганізацыі гэты ўчастак дарогі будзе грэйдзіравацца, але асаблівага эфекту ад гэтага чакаць не адводзіцца. Я б параіў жыхарам карыстацца той дарогай, якая знаходзіцца ў належным стане.

Галіна Казіміраўна Мураўская, вёска Бабраўнікі.
—Мой драўляны дом стаіць ля самай дарогі. Пры будаўніцтве новай дарогі да АЭС рух велікагрузных аўтамабіляў быў вельмі інтэнсіўны, і ў доме стала адставаць падмуроўка. Ці можна дапамагчы ў рамонце?

—З гэтым пытаннем я таксама даручыў разабрацца Віктару Мікалаевічу Аксютчыку.
Ён паведаміў, што прыватны дом Галіны Казіміраўны пабудаваны прыкладна ў 1944 годзе на так званым “падкатным” фундаменце з камянёў-валуноў, а пасля неаднаразова гэты фундамент падмуроўвалі цэментным растворам.
Вертыкальнай планіроўкі каля дома няма, адмосткі – таксама, і пагэтаму адбываецца адслаенне падмуроўкі ад драўляных канструкцый. Паколькі дом знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, аказаць дапамогу ў яго рамонце немагчыма.

Хрысціна Іванаўна Камінская, г.п. Астравец
—Каля майго дома па вуліцы Камсамольскай, 39, растуць тры старыя ліпы. Ад іх столькі смецця, што ўжо няма сіл немаладому чалавеку прыбіраць. Можа, можна што-небудзь зрабіць з імі: спілаваць дрэвы ці хоць абрэзаць сукі?

—З дрэвамі ў нас заўсёды дзве праблемы: адны просяць: спілуйце, другія затым абураюцца: навошта нішчыце прыроду, каму яны перашкаджаюць?
Вашы ліпы пілаваць пакуль няма патрэбы, яны не такія старыя. А вось сукі на іх работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі абяцаюць абрэзаць зімой.

Хрысціна Вацлаваўна Пляўга, вёска Кямелішкі:
—Прашу вашай дапамогі, каб навесці справядлівасць з закупам малака ад насельніцтва. У нас няма кантролю за работай малаказборшчыкаў. Тлустасць малака яны ставяць “на вока”, як захочуць. Я, напрыклад, праверыла тлустасць малака ад сваёй каровы, яна складае 5,1 працэнта, а мне ставяць 3,9. Звярталася з гэтым пытаннем да старшыні сельвыканкама, ён абяцаў прыслаць камісію і разабрацца, але нічога так і не зрабіў.

—Ну што ж, тое, што не зрабіў старшыня сельвыканкама, давялося зрабіць нам. Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама была створана незалежная камісія з удзелам прадстаўнікоў ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”, старшыні Кямелішкаўскага сельвыканкама, лабаранта РУП “Саўгас “Падольскі”. У выніку кантрольны адбор пробы малака з асабістага падвор’я Хрысціны Вацлаваўны паказаў, што тлустасць малака ад яе каровы ў той дзень складала 4,69 працэнта. Але гэта велічыня не пастаянная, і кантроль за гэтым і іншымі паказчыкамі якасці малака павінен ажыццяўляцца рэгулярна. Таму кіраўніцтву РУП “Саўгас “Падольскі” трэба ўзмацніць кантроль за работай лабаранта, малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў.
—І яшчэ адно пытанне. У нашай вёсцы каля дома №24 па вуліцы Савецкай стаяла водаразборная калонка. Цяпер яна сапсавалася і ніхто яе не рамантуе. Старшыня сельсавета ў адказ на нашы звароты гаворыць, што гэта дорага. А што людзям рабіць? З калодзежа ваду піць немагчыма, там верхаводка. Людзі возяць ваду на тачках з другога канца вёскі. Вялікая просьба адрамантаваць нашу калонку.
—Вашу просьбу пераадрасавалі РУП ЖКГ. Яго дырэктар А.Б. Стурліс паведаміў, што калонка будзе адрамантавана пасля таго, як з жыхарамі будуць заключаны дагаворы на адбор вады.

Мікалай Грачанік, вёска Палушы:
—Восенню ў мяне сапсаваўся халадзільнік “Атлант”. Патэлефанаваў прыватнаму прадпрымальніку Букелю, які займаецца іх рамонтам, ён прыехаў, паглядзеў і забраў з сабою. Вярнуў толькі вясной. Да гэтага часу я халадзільнікам не карыстаўся. Уключыў толькі нядаўна – а ён не марозіць. Што цяпер рабіць? Грошы ж заплачаны немалыя – 130 тысяч рублёў. А зараз майстар гаворыць, што тэрмін гарантыі на запчастку мінуў і за рамонт трэба зноў плаціць.

—Гэтая сітуацыя патрабуе юрыдычнай кансультацыі, і мы папрасілі яе даць юрысконсульта райвыканкама Т. М. Валэйка. Тамара Мікалаеўна растлумачыла, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2004 года №1590 “Аб зацвярджэнні правілаў бытавога абслугоўвання насельніцтва” вы абавязаны былі ажыццявіць прыёмку аказанай вам бытавой паслугі, у дадзеным выпадку – рамонту халадзільніка, гэта значыць – праверыць яго работу. Калі на гэты рамонт устаноўлены гарантыйны тэрмін, то майстар павінен быў выдаць вам гарантыйны талон, у якім указаць дату прыёмкі паслугі і працягласць гарантыйнага тэрміну, які пачынае адлічвацца з дня прыёмкі. У адпаведнасці з Законам РБ “Аб абароне правоў спажыўцоў” вы маеце права прад’явіць патрабаванні, звязаныя з недахопамі выкананай работы ці аказанай паслугі на працягу гарантыйнага тэрміну, а калі ён не ўстаноўлены, то на працягу двух гадоў з дня прыняцця выкананай работы.
Выканаўца адказвае за недахопы аказанай бытавой паслугі, калі не дакажа, што яны ўзніклі пасля прыёмкі з-за парушэнняў спажыўцом правілаў карыстання вынікамі бытавой паслугі, дзеяннямі трэціх асоб ці непераадольнай сілы.
Калі гэтая кансультацыя не дапаможа высветліць, хто мае рацыю ў гэтай сітуацыі – вы ці майстар, для аднаўлення справядлівасці я б параіў вам звярнуцца ў суд.

На “Прамой лініі” дзяжурыла Ніна РЫБІК.