Тыдзень postfactum

14:54 / 02.08.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Бывай, абітурыент-2011


На мінулым тыдні завяршылася ўступная кампанія ў ВНУ. Хтосьці святкуе поспех, хтосьці перажывае горыч няўдачы.


Пакрыўджаных было б менш, калі б у нас існавала практыка падачы дакументаў адразу ў некалькі навучальных устаноў. Раней роднае Міністэрства адукацыі тлумачыла сваю пазіцыю выключна інтарэсамі абітурыентаў, якія, маўляў, павінны цвёрда вызначыцца з абранай спецыяльнасцю і не дапусціць жыццёва важнай памылкі. А сёлета прызналася, што ўся справа ў дадатковых клопатах па апрацоўцы дакументаў, якія зараз можна зняць цалкам праз сістэму электроннага залічэння. Яе ў гэтым годзе выпрабавалі ў БДУІР. Вопыт меў поспех. Так што ёсць усе падставы спадзявацца, што ў наступным годзе выпускнікі атрымаюць нарэшце магчымасць паступаць адразу ў некалькі ВНУ.


Што да цяперашняй уступнай кампаніі, то яна не была арыгінальнай.


Традыцыйна самы вялікі конкурс быў адзначаны на спецыяльнасцях эканамічнага і юрыдычнага профілю. Наша моладзь, на жаль, усё яшчэ жыве ў палоне стэрэатыпаў, ніколькі не хвалюючыся з той нагоды, што і эканамістаў, і юрыстаў у нас ужо падрыхтавалі на некалькі гадоў уперад.


Балюча і крыўдна, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, пасля некалькіх гадоў адсутнасці конкурсу на спецыяльнасць “беларуская мова”, набор на яе ў гэтым годзе скарацілі амаль удвая і тым самым дабіліся хоць нейкай канкурэнцыі сярод абітурыентаў. “Лішнім” аказаўся толькі адзін выпускнік.


Шкада, што родная мова так імкліва губляе папулярнасць у моладзі.



Момант ісціны для ЗША


Увогуле, Амерыка без грошай – гэта за мяжой рацыянальнага. Тое, што некалі здавалася немагчымым, год назад малаверагодным, гэтымі днямі набыло рысы рэальнасці.


На мінулым тыдні антыкрызісны план дэмакратаў праіснаваў дзве гадзіны – і разбіўся аб камяні палітычных амбіцый у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША. На наступны дзень гэткі ж лёс напаткаў і план рэспубліканцаў, распрацаваны ў сенаце. Прэзідэнт Абама зноў апынуўся ля разбітага карыта.


Сітуацыю, што склалася, пакуль асцярожна называюць тэхнічным дэфолтам. На практыцы гэта азначае, што грошы ў ЗША, канешне, ёсць. Аднак на абслугоўванне бягучага дзяржаўнага доўгу, зарплаты бюджэтнікам, стыпендыі – іх няма. Няма “дзякуючы” надзвычай ліберальнаму падаткаваму заканадаўству і велізарным, не па сродках, выдаткам. У тым ліку за кошт шматлікіх вайсковых аперацый.


Цікава, што астранамічных па мерках Беларусі 2,4 трлн. долараў, якія дадаткова, да існуючых 14-ці з “хвосцікам”, патрабуе Белы дом, хопіць толькі да сярэдзіны будучага года!


Хацелася б ведаць: перад пагрозай фінансавага крызісу пабягуць амерыканцы па цукар і алей ці не?



Абсурд па -нарвежску


Не паспела высахнуць друкарская фарба папярэдняга нумара “АП”, як прагноз “Тыдня postfaсtum” адносна далейшага лёсу нарвежскага тэрарыста Брэйвіка пачаў збывацца.


Спачатку прыхільнікі авацыяй сустрэлі аўто, у якім забойцу прывезлі ў суд. А ў панядзелак мадэратары сацыяльнай сеткі “В контакте” заблакіравалі групу падтрымкі Брэйвіка, якая заклікала паўтарыць “подзьвіг” свайго куміра.


Вялікі грамадскі рэзананс выклікала і паведамленне аб умовах утрымання тэрарыста: узорная турма без рашотак на вокнах; цяністы ўнутраны дворык; светлыя, прасторныя камеры з тэлевізарам і DVD-прайгравальнікам…


І хоць потым забойцу памясцілі ў турму строгага рэжыму – былы нацысцкі канцлагер – можна не сумнявацца, што дзякуючы славутаму заходнееўрапейскаму лібералізму ўмовы для нелюдзя будуць створаны адпаведныя.


Зрэшты, сядзець забойцу прыйдзецца зусім нядоўга. Па нарвежскаму заканадаўству яму пагражае вышэйшая мера, якая раўняецца 21-му году. Акурат па 3 месяцы за кожнае загубленае жыццё атрымліваецца. У самым горшым для сябе выпадку Брэйвік выйдзе на свабоду ў самым росквіце сіл – 54 гады.


Абсурд...