Зусім не цёплыя весткі

16:15 / 27.07.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Трагедыя спакойнай краіны


Усё гэта вельмі моцна нагадвае Беларусь. Да нядаўняга часу Нарвегія лічылася адной з самых спакойных і квітнеючых краін Заходняй Еўропы. Двайны тэракт, які з прамежкам у адзін дзень адбыўся ў Осла і на востраве Утойя, падзяліў гісторыю краіны на дзве няроўныя палавінкі – “да” і “пасля”. У адной — шматгадовая нястомная праца мільёнаў людзей дзеля стварэння грамадства дабрабыту, талерантнасці і справядлівасці. У другой – амаль сотня чалавечых ахвяр. Жыццё нарвежцаў ужо ніколі не стане ранейшым…


Аналітыкі, палітычныя аглядальнікі, журналісты ўсё гучней гавораць аб з’яўленні новай фармацыі тэрарызму. Тэрарызму еўрапейскага ўзору, тэрарызму адзіночак, апантаных неверагоднымі, адыёзнымі ідэямі. Можна доўга спрачацца наконт таго, што стала гэтаму прычынай: ісламізацыя Еўропы альбо палітыка ўлад, якія, нібыта абараняючы правы чалавека, на самой справе патураюць як  эміграцыі, так і  ксенафобскім настроям у грамадстве? У любым выпадку тэрарызм з белым колерам скуры, на жаль, стаў рэальнасцю.


Горш за ўсё тое, што, без ніякіх сумненняў, сваю сумную справу зробяць і сродкі масавай інфармацыі. Тэрарыст са знешнасцю кіназоркі ўжо  медыя-персона. Яго імя на слыху ва ўсім свеце. Запісы ў яго інтэрнэт-дзённіку з цікавасцю чытаюцца. З цягам часу ў яго абавязкова знойдуцца абаронцы, прыхільнікі і паслядоўнікі. Як гэта сталася са знакамітым Чэ Гевара – па сутнасці, тым жа самым тэрарыстам, на сумленні якога сотні жыццяў. Толькі Чэ аб сваёй славе, выявах на футболках і плакатах так і не даведаўся. А ў яго нарвежскага візаві – ўсё наперадзе.


Напэўна, ён нават напіша аб сабе кнігу і правы на яе за некалькі мільёнаў прадасць якому-небудзь выданню. Галівуд здыме па ёй чарговы блокбастэр. Чаму б і не? Часу на ўсё ў яго хопіць – смяротнае ж пакаранне ў ліберальнай Еўропе адменена…


Нам жа застаецца толькі прымірыцца з думкай, што зусім неабавязкова ваяваць з мусульманскай краінай, каб адчуваць сябе ў небяспецы.



Памылачка выйшла...


Ох ужо гэтыя дыпламаты ды іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія спачатку робяць заявы, а ўжо потым думаюць аб тым, што сказалі! Ніяк яны не засвояць народную мудрасць: “Сем разоў адмерай – адзін раз адрэж!”


Пасол Літоўскай рэспублікі ў Беларусі, вяртаючыся на мінулым тыдні ў Вільнюс, заўважыў пры дарозе катлаван – і зрабіў выснову, што менавіта тут беларусы будуюць АЭС. Аб чым пасля прыезду ў літоўскую сталіцу і зрабіў для сродкаў масавай інфармацыі адпаведнае паведамленне. Маўляў, пакуль мы тут “у шапку спім”, яны ўжо катлаван выкапалі!


Зрэшты, памылка ў заяве дыпламатычнай асобы так і засталася незаўважанай. А вось інфармацыйная падстава была актыўна выкарыстана СМІ і працягнулася традыцыйнымі разважаннямі аб парушэнні Беларуссю міжнародных пагадненняў па атамнаму будаўніцтву, небяспечнасці “эксперыментальнага” рэактара, экалагічнай небяспецы і гэтак далей, і да таго падобнае.


Што да “ямы”, якая так уразіла дыпламата, то заўважыў ён яе, па ўсім відаць, у Барунах Ашмянскага раёна. Аднак будуюць там нашы суседзі, вядома ж, зусім не атамную станцыю.



Сумная кропка


На мінулым тыдні была пастаўлена канчатковая кропка ў справе былога паплечніка Гітлера, другой асобы трэцяга рэйха Рудольфа Геса. Магілу афіцыйнага пераемніка фюрэра раскапалі, астанкі спалілі, а попел развеялі ў невядомым месцы ці то над возерам, ці то над морам.


Лёс Геса – таямнічы, загадкавы і трагікамічны адначасова. Па прычыне, якая да гэтага часу застаецца невядомай, у 1941 года ён без ведама Гітлера пераляцеў на самалёце Ла Манш і выкінуўся на парашуце над Англіяй. Там быў інтэрніраваны і амаль усю другую сусветную вайну прасядзеў у англійскай турме. Па гэтай прычыне, па сутнасці, не меў непасрэднага дачынення да нацысцкіх злачынстваў. Аднак на Нюрнбергскім працэсе атрымаў пажыццёвы тэрмін пакарання. Быў знойдзены павешаным ў 1987 годзе ў міжнароднай турме для нацысцкіх злачынцаў Шпандаў, у якой да таго часу застаўся адзіным зняволеным.


Цікава, што ў 1986 годзе урад СССР выказаў прапанову аб вызваленні 92-гадовага Геса “па міласэрдных і чалавечных меркаваннях”. Аднак, калі свабода была так блізка, зняволены чамусьці вырашыў звесці рахункі з жыццём...


З 1987 года яго магіла стала месцам паломніцтва шматлікіх прыхільнікаў нацыяналістычных рухаў і груповак усяго свету. Што і паслужыла падставай да прынятага ўрадам Германіі рашэння.


Справядлівы вынік ваеннага злачынцы.