Тыдзень postfactum: ад Волгі да Тахрыра

14:38 / 12.07.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Спачуваем

Даўно заўважыў адну сумную асаблівасць, можна сказаць, прыкмету: самыя вялікія чалавечыя трагедыі пачынаюцца з паведамленняў аб мінімальнай колькасці ахвяр. Так было пасля аварый на ЧАЭС, атамнай падводнай лодцы “Курск”, землятрусу ў Японіі… Нібы падсвядома, адчуваючы, што адбылося нешта страшнае і непапраўнае, хочацца спадзявацца на нейкі цуд.
Такімі абнадзейваючымі былі і першыя звесткі аб трагедыі, якая адбылася ў мінулую нядзелю на Куйбышаўскім вадасховішчы на Волзе – знакамітым Жыгулёўскім моры. Праўда, з самага пачатку надзеі на выратаванне больш чым ста пасажыраў круізнага цеплахода “Булгарыя”, якія лічыліся прапаўшымі без вестак, амаль не засталося. Вада – не суша, а карабель на дне – не разбураны дом, пад абломкамі якога яшчэ можна знайсці жывых. Сумны прагноз пацвердзіўся ўжо ў панядзелак. Па словах нешматлікіх пасажыраў, якіх змыла з верхняй палубы хваляй,  – што ў канчатковым выніку і выратавала ім жыццё — цеплаход патануў на працягу чатырох хвілін. На жаль, гэты прамежак часу занадта малы для выратавання з замкнёнага прастранства нават для прафесійнага марака. Пра звычайных турыстаў не варта і гаварыць.
Спачуваем…



Супраць каго сябруем?

Германія, Францыя і Польшча ствараюць сумесную баявую групу Еўрасаюза, якая будзе гатова да разгортвання ў крызісных зонах ужо з 2013 года.
З паведамленняў інфармацыйных агенцтваў, якія распаўсюджаны з гэтай нагоды, вынікае, што Германія будзе адказваць за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сіл аператыўнага рэагавання, Францыя – за медыцынскае. Асноўную частку асабовага складу і адзін механізаваны батальён прадаставіць Польшча. Яна ж “траісты саюз” і ўзначаліць.
Застанецца знайсці толькі “крызісныя зоны”. Аднак за гэтым справа не ўстане. Гледзячы па тым, што адбываецца, за выключэннем Еўрасаюза і Паўночнай Амерыкі, увесь свет, куды ні кінь – адна суцэльная крызісная зона. А самая вялікая “чорная дзірка” знаходзіцца на ўсходзе Еўропы.
Прывід расійскага мядзведзя – вялікага і жахлівага, па-ранейшаму моцна непакоіць заходнееўрапейскіх палітыкаў. Мажліва, не абыходзіцца тут і без пэўнай долі хітрыкаў – жаданні адцягнуць увагу абывацеляў ад унутраных праблем. Аднак нават Эстонія, з яе насельніцтвам, крыху большым па колькасці жыхароў Мінска, на мінулым тыдні заявіла, што мае сілы і сродкі спыніць расійскія танкі. Акрамя гэтага, міністр абароны Эстоніі Март Лаар заявіў, што ў краіне ідзе актыўная падрыхтоўка вайсковых фарміраванняў для вядзення партызанскай вайны.
І ў якім гістарычным вымярэнні жывуць гэтыя людзі?!



На тым жа месцы

Дзе сапраўдная, а не прывідная “крызісная зона”, дык гэта ў Лівіі. Натаўскія бамбардзіроўкі гэтай краіны працягваюцца вось ужо трэці месяц – больш, чым у Югаславіі.
На мінулым тыдні прэм’ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі абмовіўся журналістам, што з самага пачатку быў супраць падобнага сцэнарыя развіцця падзей. Аднак яго калегі з Велікабрытаніі і Францыі настаялі на тым, што бамбіць Лівію трэба. Гэта, маўляў, выкліча незадавальненне людзей, якія паўстануць супраць свайго тырана.
Не паўсталі. І паўставаць, па ўсім відаць, не збіраюцца.
Сталіца дзяржавы, Трыпалі, жыве сваім жыццём. Са сваімі паўсядзённымі клопатамі. Гандлюе, працуе, святкуе… А яшчэ лечыць параненых, хавае загінуўшых пад бомбамі. Гэта Муамару Кадафі страляць у свой народ нельга. А калі якая натаўская бомба трапіць  замест парламента ў шпіталь, інцыдэнт заўсёды можна спісаць на недахоп тэхнікі і збянтэжана папрасіць прабачэння. Таму што мэта апраўдвае сродкі.
Толькі вось у Егіпце дасягненне жаданай мэты чаканага спакою чамусьці не прынесла.
Галоўная плошча егіпецкай сталіцы Тахрыр, як і некалькі месяцаў таму, зноў ахоплена хваляваннямі. Толькі лідары ў плошчы цяпер іншыя. На авансцэну палітычнага жыцця выйшла артадаксальная, забароненая былым прэзідэнтам краіны Хосні Мубаракам, ісламісцкая партыя “Браты мусульмане”, якую параўноўваюць з афганскімі талібамі. Сённяшняя плошча – іх трамплін у вялікую палітыку. Восенню – выбары. Чым закончылася ўлада ісламістаў у Афганістане, добра вядома. Што будзе ў Егіпце ў выпадку перамогі “братоў” – здагадацца не цяжка.