Аўтамабілі, што ствараюць перашкоду, эвакуіруюць на штраф-стаянку

15:57 / 12.04.2011

Аб тым, наколькі павысіўся дабрабыт беларускага, і ў тым ліку астравецкага, народа ў апошні час, лепш за ўсё сведчыць стан двароў шматкватэрных дамоў у вечаровы час.


Гэта раней аўтамабіль лічыўся самым дарагім сямейным набыткам і задоўга да яе з’яўлення будаваўся ці набываўся гараж. Цяпер машына ёсць практычна ў кожнай сям’і, у многіх – не па адной. А месцаў паркоўкі, не кажучы ўжо пра гаражы, не хапае. І стаяць жалезныя “ластаўкі” густымі “радамі і калонамі” пад вокнамі іх шчаслівых уладальнікаў. Часам побач з новенькімі шыкоўным іншамаркамі суседнічаюць закінутыя праржавелыя “Масквічы” і “Запарожцы” – гаспадару лянота ці не хапае часу або жадання прыбраць свой металалом.
І ўсё б нічога, каб іх было не так шмат. А так узнікае шэраг нязручнасцей. І не толькі ў тым плане, што вечарам у мікрараёне – не прайсці і не праехаць. З-за вялікай колькасці машын дворнікі не могуць прыбіраць тэрыторыю, дарожнікі і камунальнікі – весці неабходныя рамонтныя работы.
У сувязі з гэтым, кіруючыся Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 года №551 “Аб мерах па павышэнню бяспекі дарожнага руху” з мэтай навядзення парадку ў г.п. Астравец, з улікам зваротаў грамадзян, а таксама патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да сучаснага гарадскога пасёлка, паляпшэння экалагічнага стану, раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў. Яно прадугледжвае, што раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі па даручэнню супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі РАУС будзе арганізоўваць эвакуацыю транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў месцах, што не ўстаноўлены Правіламі дарожнага руху, і ствараюць перашкоды для праезду ўборачнай тэхнікі і аўтамабіляў экстраных службаў, выканання работ па рамонту інжынерных сетак, добраўпарадкаванню і ўтрыманню гарадскіх тэрыторый, а таксама кінутыя транспартныя сродкі.
Прымусова эвакуіраваныя аўто будуць знаходзіцца на ахоўваемай стаянцы аўтапарка №4. У колькі абыдзецца аўтаўладальніку такая паслуга – лепш пацікавіцца ў тых, хто будзе яе ажыццяўляць. Але думаецца, што адразу ставіць сваю машыну ў гараж ці на стаянку будзе нашмат дзешавей. Бо ёсць усе шансы прачнуцца раніцай – і не знайсці сваёй вернай сяброўкі на тратуары пад пад’ездам, дзе пакінуў яе літаральна ўчора.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.