Грамадзянін звярнуўся ў пракуратуру

14:27 / 30.03.2011

Работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адной з найважнейшых задач усіх органаў дзяржаўнага кіравання, прыярытэтным накірункам дзейнасці пракурорскага нагляду. У адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату работа з грамадзянамі з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў адзнакі дзейнасці дзяржаўных органаў.


Пракуратурай Астравецкага раёна ў мінулым годзе разгледжана 70 пісьмовых заяў і скаргаў грамадзян – гэта на 10 зваротаў больш, чым у 2009 годзе. Звароты тычыліся пытанняў пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства – 40%, за выкананнем закона пры правядзенні папярэдняга следства і дазнання – 33%, па іншых пытаннях – 27%. Абгрунтаваным з’яўляўся кожны трэці зварот, які паступіў у пракуратуру раёна. Задаволена 52% зваротаў грамадзян па пытаннях правядзення дазнання і папярэдняга следства па крымінальных справах і матэрыялах праверак, 36% зваротаў па пытаннях пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства.
Так, напрыклад, прызнаны абгрунтаваным і задаволены зварот грамадзяніна С. па пытанні парушэння мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі зямельнага заканадаўства. У прыватнасці, С. быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за пашкоджанне пры правядзенні будаўнічых работ пракладзенага кабеля лініі электрасувязі, якая праходзіла пад зямлёй на прадастаўленым грамадзяніну зямельным участку. У той жа час якіх-небудзь звестак аб наяўнасці дадзенай лініі электрасувязі ў плане меж зямельнага ўчастка не было. У сувязі з выяўленнем парушэнняў у дзейнасці сельскага выканаўчага камітэта пры прадастаўленні С. зямельнага ўчастка і ўсталяванні абмежаванняў права карыстання зямельным надзелам, пракуратурай раёна ў Астравецкі райвыканкам унесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў зямельнага заканадаўства.
У гэты ж перыяд у пракуратуру раёна паступілі звесткі аб парушэнні працоўных правоў работнікаў Астравецкага раённага спажывецкага таварыства.
Так, былы дырэктар філіяла “Прадпрыемствы грамадскага харчавання” Астравецкага райспажыўтаварства Г.А. Андралойць дапусціла шматлікія парушэнні ў арганізацыі рабочага часу, часу адпачынку і аплаты працы работнікаў. У парушэнні арт. 112 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае недапушчэнне перавышэння 40 гадзін у тыдзень поўнай нормы працягласці рабочага часу, поўная норма працягласці рабочага часу буфетчыцы С. перавысіла 40 гадзін у тыдзень і склала не меней 70 гадзін. З правіламі ўнутранага працоўнага распарадку і графікам зменнасці наймальнік С. не азнаёміў, указаныя дакументы ў наймальніка падчас пракурорскай праверкі адсутнічалі.
У парушэнні ч. 1 і ч. 2 арт. 125 ПК РБ, які прадугледжвае неабходнасць вядзення графіка зменнасці і забараняе працу на працягу дзвюх змен запар, па вусным распараджэнні наймальніка С. працавала не менш 12 гадзін у суткі на працягу з 06.05.2010 па 16.05.2010 без прадастаўлення ёй мінімальнага штодзённага адпачынку паміж зменамі.
У парушэнне ч. 2 арт. 30 і ч. 4 арт. 33 ПК РБ повар рэстарана ў г.п. Астравец загадам наймальніка ў сувязі з вытворчай неабходнасцю была часова пераведзена поварам школьнай сталовай в. Рымдзюны. Пры гэтым адпаведны загад аб пераводзе М. наймальнікам не выдаваўся, пісьмовая згода работніка на часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю ў іншую мясцовасць не атрымана.
Па выніках праверак пракуратурай Астравецкага раёна прыняты меры па ўзнаўленні парушаных працоўных правоў работнікаў, якія звярнуліся ў пракуратуру са скаргамі, а службовыя асобы Астравецкага райспажыўтаварыства прыцягнуты пракуратурай раёна да адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці.
Варта адзначыць, што ўсе прызнаныя абгрунтаванымі звароты па пытаннях нагляду за выкананнем заканадаўства тычыліся парушэнняў працоўных правоў работнікаў, а менавіта – нявыдачы працоўнай кніжкі пры звальненні, парушэнняў парадку афармлення працоўнага адпачынку і несвоечасовай выплаты заробку і адпускных. Акрамя названых зваротаў у пракуратуру раёна, паступілі звароты па пытаннях адміністрацыйнага заканадаўства, заканадаўства аб зямлі, якія пакінуты без задавальнення.
Па іншых пытаннях у пракуратуру паступілі звароты з просьбамі прад’яўлення ў суд іскавых заяў аб прызнанні грамадзян недзеяздольнымі, аб абмежаванні злоўжываючых спіртнымі напоямі грамадзян у дзеяздольнасці.
Летась пракуратурай Астравецкага раёна праведзены тры праверкі выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб зваротах грамадзян у аддзеле адукацыі Астравецкага райвыканкама, сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве імя Гашкевіча і Астравецкім РУП ЖКГ. На падставе іх пракуратура раёна вынесла адно прадпісанне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян, а былы начальнік аддзела адукацыі Л.У. Янкоўская і кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва В.Ч. Далговіч за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 140000 рублёў.
У 2010 годзе пракурорскімі работнікамі Астравецкага раёна падчас асабістага прыёму прынята 289 чалавек, з іх 27 – па месцы жыхарства і працы. Грамадзянам даваліся неабходныя тлумачэнні па пытаннях, што іх цікавілі, прымаліся пісьмовыя звароты для правядзення наступных праверак.


Дзмітрый ДАМАРАД, намеснік пракурора раёна.