Тыдзень postfactum: акцэнты і эпіцэнтры

14:15 / 30.03.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Слоган мінулага тыдня: “Вы ўсё яшчэ без дэмакратыі? Тады мы ідзем да вас!”



АДЫСЕЯ БЕЗ КАНЦА?

“Адысея. Світанак” — такую назву атрымала аперацыя кааліцыі заходніх дзяржаў у Лівіі. У чым – у чым, а ў гучных назвах сумніўных ваенных аперацый Захаду не адмовіш. “Бура ў пустыні”, “Іракская свабода”, “Саюзная сіла”, “Нязломная свабода” з самага пачатку павінны былі пераканаць абывацеля ў святасці мэтаў, чысціні помыслаў і не дапусціць нават думкі ў яго галаве аб тым, что на кану стаіць нешта іншае, акрамя дэмакратыі. Гэткімі ж аптымістычнымі, жыццесцвярджальнымі заўсёды былі і весткі з палёў баявых дзеянняў, якія сціпла называліся аперацыямі. А затым, пасля першай эйфарыі, наступала прасвятленне, усведамленне сапраўднага, а не ўра-патрыятычнага плёну здзейсненага, з якога трэба шукаць дастойнае выйсце. “Вайна была праведзена бліскуча, але мір пасля яе аказаўся пеклам”, — так аб амерыканскай вайне ў Іраку выказаўся былы дырэктар ЦРУ Джордж Тэнет.
У гэтым сэнсе вайна ў Лівіі выключэннем не стане. Ужо зараз гучаць асцярожныя ацэнкі, што, нягледзячы на пэўныя поспехі, баявыя дзеянні могуць зацягнуцца. Усё б нічога, калі б не Афганістан, Ірак… Цяпер вось Лівія. Сваёй “чаргі” чакаюць Сірыя, Йемен… І хто яго ведае, дзе яшчэ спатрэбіцца ўсталёўваць дэмакратыю з дапамогаю “Сцінгераў” і “Тамагаўкаў”! Гледзячы па тым, з якой бесклапотнай лёгкасцю кааліцыя атрымала дазвол на ўварванне ў Лівію – наперадзе нас чакае нямала падобных эпізодаў. Прэцэдэнт тым і небяспечны, што развязвае рукі.



МАЎЧАЦЬ!

Тым часам пачатак саміту ЕС у Бруселі азнаменаваўся непрыемным інцыдэнтам. Сваю незадаволенасць вынесенымі на разгляд пасяджэння праектамі, якія тычыліся значнага скарачэння бюджэтнага фінансавання практычна ўсіх галін, паспрабавалі выказаць больш за 20 тысяч чалавек. У Лондане акцыю падтрымалі ажно 500 тысяч дэманстрантаў.
Паліцыя, аднак, не выказала салідарнасці з натоўпам і з дапамогай вадамётаў і слёзатачывага газу разагнала маніфестантаў. Свет абышлі фотаздымкі акрываўленых дэманстрантаў. Некалькі соцень чалавек былі затрыманы. Тым не менш ніхто падобнае прымяненне сілы празмерным не назваў.
Што да сутнасці рашэнняў саміту, то, гледзячы па апошніх выдатках ЕС на ваенныя аперацыі, цяперашняе зацягванне паясоў – далёка не апошняе.
Можна сказаць і інакш: на гэта ў іх грошы ёсць.



ЭПІЦЭНТР ІСЦІНЫ

Калі б не Адам Восіпавіч Мальдзіс, гісторыя нашай Астравеччыны была б нашмат карацейшай і менш захапляючай. Колькі забытых імён, падзей, неверагодных фактаў вернуты з мінуўшчыны, дзякуючы нашаму славутаму земляку!
І той нумар “Нашай Нівы” за 1909 год з аповедам арандатара фальварка Сяржанты, як “быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжэла, і жывёлы пападалі на калені”, наўрад ці знайшоў бы свайго чытача ў нашы дні, калі б не Адам Восіпавіч.
Аднак, “нам не дано предугадать, чем наше слово отзовётся”. Невялікая спасылка на газету ў кнізе «Астравеччына, край дарагі”, якая доўгі час успрымалася, як займальны эпізод, экзотыка, дадатковы мазок у мясцовы каларыт — вось, маўляў, а ў нас, аказваецца, землятрус быў! – з гадамі абрасла высновамі “спецыялістаў” і напярэдадні будаўніцтва АЭС ператварыла Астравеччыну ў “самы сейсманебяспечны рэгіён Беларусі”.
“Я цябе спарадзіў – я цябе і пахаваю!”, -- прыкладна так, напэўна, вырашыў Адам Восіпавіч – і на мінулым тыдні расставіў канчатковыя “знакі націску” ў сваім даследаванні. (“Пра землятрус у Японіі і на Астравеччыне”, “АП” ад 19 сакавіка, №20).
Праўда, журналісты “Комсомольской правды” ў Беларусі “Астравецкую праўду” не чытаюць. Таму ў чарговым нумары “таўстушкі” у рэйтынгу самых моцных землятрусаў Беларусі гудагайскі зноў заняў першую прыступку. Будзем спадзявацца, што гэта апошнія яго адгалоскі.
Хоць надзеі на тое, па праўдзе кажучы, вельмі кволыя. Ісціне заўсёды складана прабіваць сабе дарогу.



КРЫЎДА МІНІСТРА

Каму з нас у дзіцячай роспачы і крыўднай безвыходнасці ад таго, што ў некага ёсць тое, чаго няма ў цябе, не прыходзілася прасіць маму: “Забяры ў яго гэта!”.
Міністр замежных спраў Літвы паскардзіўся дырэктару МАГАТЭ Юкіа Амана на Беларускую і Балтыйскую АЭС. Маўляў – будуюць! Так іх і гэтак! А літоўцам за экалогію боязна. Праўда, папярэдне расказаў дырэктару пра “прагрэс у развіцці Вісагінскай электрастанцыі”. Схітрыў міністр? Калі есць “прагрэс” у будаўніцтве ўласнай АЭС, то аб экалагічнай складаемай праекта чыноўнік павінен ведаць амаль усё. Навошта ж будаваць тое, што шкодзіць прыродзе? Ці ў суседзяў праект іншы? Зноў міма! Ні праекта, ні інвестара, ні падрадчыка пакуль няма. Запланаваны на канец мінулага года конкурс не адбыўся з-за адсутнасці тых, хто жадае ў ім удзельнічаць. Адзіны ўдзельнік – паўднёвакарэйская кампанія KEPCO – у апошні момант адмовілася ад удзелу ў праекце. Вось і ўвесь прагрэс.
З закрыццём Ігналінскай АЭС Літва па ўласнай волі ператварылася з буйнейшага ў рэгіёне экспарцёра электраэнергіі ў яе пакупніка. Цэны на энерганосьбіты растуць, тарыфы для насельніцтва – таксама, а тэрміны будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі адцягваюцца на няпэўнае потым. Прычым, чым большым будзе адставанне Літвы ад суседзяў, тым цяжэй будзе знайсці стратэгічнага інвестара. Яму патрэбны гарантыі збыту і атрымання прыбытку. Узвядзенне Балтыйскай і Беларускай АЭС, падпісанне пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй аб паралельнай рабоце энергетычных сістэм робяць гэтыя гарантыі амаль прывіднымі.
Раздражненне міністра можна зразумець.