Тыдзень postfactum. Цана: стыхіі, канфузу і білета ў Еўропу

15:15 / 15.03.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Апакаліпсіс у прамым эфіры

Нават узброенае найноўшымі тэхналогіямі, чалавецтва па-ранейшаму безабароннае перад прыроднай стыхіяй. Гэта яшчэ раз стала зразумела ў мінулую пятніцу, калі Японію спасціг самы сакрушальны землятрус за апошнія 150 гадоў.
Дзякуючы тэлебачанню, мільёны людзей у прамым эфіры сачылі за катастрофай.
Калапс, апакаліпсіс – нават гэтыя галівудскія эпітэты не адлюстроўваюць у поўнай меры велічыні трагедыі. Страшны землятрус, які справакаваў небывалай велічыні цунамі, па сутнасці сцёр з твару зямлі дзясяткі гарадоў і паселішчаў. Страты, нанесеныя краіне, як і колькасць ахвяр у гэтыя бліжэйшыя пасля катастрофы дні проста не паддаюцца вылічэнню. Няма ніякіх сумненняў, што на аднаўленне краіны і вяртанне яе да нармальнага рытму жыцця спатрэбяцца нават не гады.



У вольным плаванні

З 1 сакавіка цэны ў краіне адправіліся ў свабоднае плаванне. Грамадскасць успрыняла  гэтую навіну як дзяржаўны дазвол на іх павышэнне і падрыхтавалася да самага сумнага сцэнарыю развіцця падзей. Многія паспяшаліся правесці аналогію з сумна вядомым 1990 годам, калі ў адзін дзень большасць з нас стала жабракамі і гэта спарадзіла масавыя вулічныя акцыі пратэсту. Між іншым, урад справядліва заўважае, што законы свабоднага рынку прадугледжваюць не толькі павышэнне цэн, а і іх зніжэнне, у залежнасці ад попыту і прапановы. Да таго ж, захаваўся даволі істотны пералік сацыяльна значных тавараў і паслуг, на якія захоўваецца дзяржаўнае рэгуляванне цэнаўтварэння. У гэты спіс увайшлі: камунальныя, адукацыйныя і медыцынскія паслугі, кошт работ у будаўніцтве, малочныя вырабы, хлеб, мяса і іншыя прадукты першай неабходнасці.
Першае знаёмства з новымі цэннікамі не выявіла істотных адрозненняў ад іх лютаўскага ўзору. Праўда, і ў тое, што цэны знізяцца, верыцца неяк з цяжкасцю. Да гэтай прыкметы рыначнай эканомікі не прывыклі пакуль ні спажыўцы, ні прадаўцы. Механізм скідак у нас яшчэ толькі ўваходзіць ва ўжытак. Нават на базары, дзе па азначэнню можна і неабходна таргавацца, просьба зменшыць цану хоць на тысячу часта ўспрымаецца прадаўцом  ледзь не як асабістая абраза.



Не наша Вelorussia

Практычна ні адзін конкурс Еўрабачання не абышоўся без скандалу ў беларускай музычнай тусоўцы. Не стаў выключэннем і гэты год. Выбранне ў якасці пераможцы нацыянальнага адборачнага туру песні з назвай “Born in Вelorussia” (“Народжаная ў Беларусіі”) выклікала сапраўдную буру абурэння. І не толькі сярод музычных спецыялістаў. Многія, і не без падставы, палічылі абразай для беларусаў выкарыстанне ў назве песні назвы неіснуючай дзяржавы. Для недасведчаных патлумачым, што Вelorussia чытаецца  як Белая Расія, што натуральна, не адпавядае афіцыйнай назве дзяржавы Belarus. Падобную неахайнасць яшчэ можна неяк прабачыць іншаземцу. Але зразумець, чаму такімі абыякавымі да сваёй краіны з’яўляемся мы самі – проста немагчыма!
Усцешна, што арганізатары прыслухаліся да думкі грамадскасці і ў спешным парадку “народжаная ў Беларусі” змянілася на сугучную “I am Belarusian” –  “Я – беларуска”.



Не плюй у студню

Бо, можа стацца і так, што самому з яе прыйдзецца напіцца.
Старая, як жыццё ісціна. Народная мудрасць.
8 сакавіка, польская ўплывовая газета “Rzeczpospolita” апублікавала пісьмо, аўтарства якога належыць нібыта міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму. З яго вынікае, што акцыя апазіцыі ў Мінску 19 снежня мінулага года была прафінансавана польскім бокам. Зразумела, МЗС Польшчы назваў гэта паведамленне фальшыўкай, падрыхтаванай палітычнымі апанентамі міністра. Магчыма. Толькі чамусьці ніхто не прымаў і не прымае пад увагу, калі падобным чынам рэагуе на абвінавачванні ў свой адрас Беларусь.
Напрыклад тады, калі ў заходніх сродках масавай інфармацыі прайшла публікацыя аб парушэнні нашай краінай міжнароднага эмбарга на пастаўку ўзбраення ў афрыканскі Кот-д’Івуар. Дайшло да таго, што нават Генеральны сакратар ООН Пан Гі Мун выступіў з абуральнай заявай у адрас Беларусі. Праўда праз некалькі дзён, калі праўда ўсё роўна ўсплыла на паверхню, папрасіў прабачэння за выказванне, якое нанесла “шкоду іміджу Беларусі”.
А ў панядзелак падаў у адстаўку прэс-сакратар дзярждэпартамента ЗША Філіп Кроўлі. Той самы, які неаднойчы выступаў з гучнымі заявамі аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Пайсці на такі крок яго прымусіў скандал з радавым амерыканскай арміі, які ўтрымліваецца ў турме па падазрэнні  ў супрацоўніцтве са скандальна вядомым сайтам WikiLeaks. Салдат паскардзіўся на невыносныя ўмовы ўтрымання. У турме яго пастаянна трымаюць у наручніках, прымушаюць спаць голым і г.д.
Аб тым, відаць, нічога не ведаў  віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які, падчас знаходжання ў Кішынёве, разразіўся гнеўнай крытыкай на нібыта прымяненне катаванняў ў беларускіх следчых ізалятарах.



Цана дружбы

Да санкцый Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі далучылася Сербія. Тая краіна, з якой Беларусь была побач у самыя складаныя для яе часы. Міністэрства замежных спраў гэтай дзяржавы, праўда, заўважыла, што дадзены крок зусім не азначае спынення двухбаковых адносін паміж краінамі. У той жа заяве МЗС Сербіі  паведамляецца, што далучэнне да санкцый абумоўлена “ўласнымі інтарэсамі” Сербіі. Маўляў, нам тут жыць... Маецца на ўвазе –  у Еўрасаюзе, куды балканская краіна мае намер ўступаць у бліжэйшы час.
Такая вось цана на пражыванне ў еўрапейскім доме.