Дзве гадзіны з губернатарам

11:12 / 24.12.2010

Прэс-канферынцыі журналістаў вобласці са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам за апошнія паўгода ўвайшлі ў традыцыю. На гэтым тыдні ў аўторак адбылася трэцяя па ліку такая сустрэча губернатара з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі – раённых, абласных газет, уласнымі карэспандэнтамі цэнтральных выданняў, радыё і тэлебачання.
На гэты раз па прапанове журналістаў яна праводзілася не ў аблвыканкаме, а “ з выездам на месца” — на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест” і суправаджалася наведваннем некаторых прадпрыемстваў, што дзейнічаюць у межах свабоднай эканамічнай зоны.
Экскурсіі гэтыя былі пазнавальнымі і карыснымі: журналісты, да прыкладу, на свае вочы пабачылі, як на  замежным адкрытым акцыянерным таварыстве “Белабеддзінг”, размешчаным у былых казармах воінскай часці, — дарэчы, гэтае прадпрыемства  ўзначальвае алімпійскі чэмпіён, выхадзец з Ашмян Андрэй Барбашынскі — вырабляюцца сучасныя матрацы з артапедычным эфектам. Не толькі паспыталі смак знакамітых цукерак фірмы “Кандзі”, але і даведаліся, як яны вырабляюцца. Пабывалі на прадпрыемстве “ЗОВ-ЛенЕўрамэбля”, дзе вырабляецца самая разнастайная мэбля. На адкрытым акцыянерным таварыстве “Эдэм” паглядзелі, як звычайная папера ператвараецца ў меламінавую, якая прымяняецца пры вырабе мэблі і ідзе пераважна на экспарт. І атрымалі шмат іншай карыснай і цікавай інфармацыі.
Але галоўнай падзеяй, канешне ж, была прэс-канферэнцыя са старшынёй аблвыканкама. Сямён Барысавіч, як заўсёды на такіх сустрэчах, быў шчырым і адкрытым, не пазбягаў вострых пытанняў, выказваў свае адносіны да розных праблем  жыцця вобласці.



Пра выбары

Сямён Барысавіч пачаў прэс-канферэнцыю з таго, што павіншаваў усіх прысутных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 снежня.
—Я разумею, што нехта ўспрыняў вестку, што пераканаўчую перамогу на выбарах атрымаў дзеючы прэзідэнт, з радасцю, нехта – з сумам. Але ў любым выпадку усе – і тыя, хто галасаваў за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, і тыя, што супраць, — усе яны нашы людзі. І мы павінны клапаціцца пра іх дабрабыт, ахову законных правоў і інтарэсаў, як і кожнага грамадзяніна Беларусі. Да мяне на прыём сёння прыйшла  жанчына, з якой я сустракаўся ў нядзелю на выбарчым участку – яна была наглядальнікам ад аб’яднанай грамадзянскай партыі. Я ёй расказаў – раскажу і вам — што сам стаяў ля вытокаў стварэння гэтай партыі, яшчэ калі працаваў старшынёй калгаса ў Дзяржынскім раёне. Дакладней, тады яшчэ грамадзянскай партыі, якую стваралі вядомыя, паважаныя ў Беларусі людзі — гаспадарнікі, навукоўцы, дзеячы культуры — для вырашэння эканамічных пытанняў. Я адразу паставіў умову: для мяне непрымальны ўсялякі экстрэмізм і вырашэнне любых пытанняў сілавымі метадамі. Так і было да той пары, пакуль наша партыя не злучылася з аб’днанай дэмакратычнай і не стала аб’яднанай грамадзянскай. Пасля таго, як я зразумеў, што пра эканоміку і гаспадарнікаў у новай партыі ніхто не думае, што ў вярхушцы ўсім кіруюць экстрэмісты, якія за кошт аднапартыйцаў імкнуцца прыйсці да ўлады любой цаной, калі пачаліся пікеты, правакацыі, мардабой – я адразу выйшаў з гэтай партыі: такія метады вырашэння любых пытанняў катэгарычна не прымаю. І што вы думаеце, прэзідэнт, калі прызначаў мяне на пасаду міністра сельскай гаспадаркі ці губернатара, не ведаў пра маё колішняе членства ў гэтай партыі? Але для яго, напэўна, больш важнымі былі іншыя мае якасці. Так што не трэба гаварыць, што ў нас адбываюцца праследаванні іншадумцаў – лухта ўсё гэта.
А той жанчыне з АГП мы абавязкова дапаможам у вырашэнні яе пытання – калі, вядома, яе просьба мае законную падставу.



Пра сельскую гаспадарку і гумовыя боты

На пытанне аднаго з журналістаў, ці возіць Сямён Барысавіч да гэтага часу ў машыне гумовыя боты – пра гэта ён узгадваў на адной з першых прэс-канферэнцый, губернатар з усмешкай адказаў, што нядаўна вадзіцель іх дастаў з багажніка: няма больш патрэбы.
—Сёння ў кожнай гаспадарцы вобласці і на кожнай ферме створаны такія ўмовы, што туды можна зайсці і без ботаў. Хоць увогуле маім любімым абуткам з’яўляюцца старыя добрыя кірзачы – мне здаецца, нішто іншае так зручна не ляжыць на назе. Цяпер іх, праўда, надзяваю рэдка…
Увогуле, гаворачы пра стан спраў у сельскай гаспадарцы, губернатар адзначыў, што пакуль паказчыкі на фермах вобласці розныя і вельмі пярэстыя. Але тыя значныя інвестыцыі, якія ўкладваюцца ў гэтую галіну, дазволяць зрабіць кожную ферму сучаснай  жывёлагадоўчай фабрыкай і атрымліваць прадукцыю на ўзроўні еўрапейскіх краін.



Пра адносіны да людзей

На першай прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама вобразна зазначыў, што на Гродзеншчыне можна размаўляць шэптам – павышаць голасу няма патрэбы. Журналісты нагадалі яму тыя словы – і заадно пацікавіліся, ці па-ранейшаму Сямён Барысавіч размаўляе з падначаленымі “шэптам”. На што губернатар адказаў, што і зараз сцвярджае, што людзі ў Гродзенскай вобласці асаблівыя – больш культурныя, больш адукаваныя, чым у іншых рэгіёнах, і на іх няма патрэбы павышаць голас. Але прызнаўся, што двойчы яму давялося весці размову ў больш жорсткіх танах.
—А ўвогуле, размаўляючы з людзьмі, заўсёды трэба думаць, як адгукнецца наша слова. І нават здымаючы з пасады, трэба памятаць, што перад табой перш за ўсё – чалавек, у якога сваё жыццё, родныя, блізкія, і адносіцца да яго трэба па-чалавечы. Урэшце, кожны начальнік заўтра можа стаць радавым – і я, і вы. І з людзьмі трэба абыходзіцца па-людску. Прызначаючы ў свой час чалавека на адказную пасаду, мы выбіралі з лепшых. Але патрабаванні зараз іншыя, і далёка не ў кожнага ёсць патэнцыял, каб іх выконваць: адзін можа скочыць на дзесяць метраў, а другі – толькі на пяць. І ламаць чалавеку лёс з-за гэтага нельга: яму трэба знайсці адпавядаючую яго патэнцыялу і ўзроўню працу, — сказаў губернатар.



Пра работу журналістаў

—Я заўсёды па-асабліваму стаўлюся да журналістаў, сам у дзяцінстве марыў пра гэтую прафесію, — прызнаўся Сямён Барысавіч.—Разумею, што праца ў вас вельмі цяжкая. Я хачу, каб у нашых выданнях было як мага больш крытычных матэрыялаў: кожнае такое выступленне – гэта падказка для нас, улады, дзе і што не так, што трэба паправіць. І да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі – і дзяржаўных, і недзяржаўных – у мяне аднолькавыя адносіны. І адна толькі просьба: пішыце праўду, не шукайце “смажаныя” факты, не высмоктвайце з пальца сенсацыю. Тады вас будуць паважаць і да вашага слова прыслухоўвацца.



Пры вынікі года

На пытанне, што найбольш значнага адбылося ў жыцці губернатара, у тым ліку і ў асабістым, у гэтым годзе Сямён Барысавіч адказаў так:
—Для мяне адыходзячы год стаў знакавым. І, безумоўна, галоўнай падзеяй было прызначэнне мяне на пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Я вельмі ўдзячны кіраўніку дзяржавы, што з многіх дастойных кандыдатур ён спыніў свой выбар менавіта на маёй. Гэта, вядома, вельмі ганарова – але і вельмі адказна. Работа гэтая мне вельмі падабаецца, шмат больш, чым у міністэрстве, гэта канкрэтная жывая справа, магчымасць зрабіць нешта новае, цікавае.


Амаль дзве гадзіны губернатар адказваў на розныя пытанні журналістаў: аб прыцягненні ў вобласць інвестыцый і беларускай мове, аб развіцці інфраструктуры Аўгустоўскага канала і сваёй сям’і… І ва ўсіх адказах быў шчырым, адкрытым, абаяльным.
На развітанне Сямён Барысавіч паабяцаў журналістам, што падобныя сустрэчы будуць працягвацца і надалей, і наступныя прэс-канферэнцыі, як і апошняя, стануць праводзіцца з выездам на месца: у раёны, на прадпрыемствы. Абяцанне гэтае было ўспрынята з агульным адабрэннем.


Ніна РЫБІК.