Выбары Прэзідэнта вачамі назіральніка

15:16 / 21.12.2010
Вяліка-Страчскі выбарчы участак №33

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь грамадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” вылучыла мяне назіральнікам для нагляду за працэсам галасавання на Вяліка-Страчскім выбарчым участку №33. Невялікі ўчастак – усяго 202 выбаршчыкі. Сельскі, ціхі… Дзе, на думку апазіцыі, і адбываюцца найбольш значныя і масавыя парушэнні выбарчага заканадаўства: кантролю мала ці наогул няма, участковая камісія можа рабіць з бюлетэнямі, што захоча…


І таму на працягу гэтых выбараў, нягледзячы на тое, што ніхто не здымаў з мяне маіх прамых абавязкаў, я пастаралася аддаць працэсу назірання як можна больш увагі.
Аўторак – дзень пачатку датэрміновага галасавання. На ўчастку ўсё гатова: сельскі клуб, дзе ён размешчаны, па магчымасці прыбраўся, прыхарашыўся, “падмарафеціўся”. Без некалькіх хвілін дзесяць старшыня ўчастковай камісіі Людміла Артураўна Івашкевіч у прысутнасці яшчэ некалькіх членаў апячатвае спецыяльную урну для датэрміновага галасавання, папярэдне прадэманстраваўшы, што яна абсалютна пустая.
Чамусьці датэрміновае галасаванне выклікае найбольш падазрэнняў у апазіцыі: маўляў, у гэтыя пяць дзён адбываецца найбольш парушэнняў. Калі іх паслухаць, то людзей на яго заганяюць ледзь не пугай, а ноччу, калі нікога няма, члены выбарчай камісіі, нібы тыя партызаны, тайком мяняюць “не тыя” бюлетэні на “правільныя”.
—У нас участак кампактны, большасць людзей жыве ў Вялікай Страчы, яшчэ частка выбаршчыкаў – у вёсках Вераб’і і Кісялі, — расказвае Людміла Артураўна. — Людзі, хто не можа па нейкай прычыне ці проста не хоча прыйсці на ўчастак у дзень выбараў, ідуць раней: заходзяць па дарозе з работы ці з магазіна. На ўчастку пастаянна дзяжурыць супрацоўнік міліцыі, на час перапынку ў галасаванні урна заклейваецца і закрываецца ў сейф.
Назіраючы за ходам выбараў у час датэрміновага галасавання, ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства я не выявіла. А мо дрэнна назірала? Толькі, забягаючы наперад, скажу, што, калі падчас падліку галасоў адкрылі урну для датэрміновага галасавання, аказалася, што зусім не ўсе бюлетэні за Лукашэнку: былі і за Статкевіча, і за Міхалевіча, і за Рымашэўскага, і за Цярэшчанку, і супраць усіх кандыдатаў. Праўда, усяго па аднаму — у той час, калі за дзеючага прэзідэнта – 63, але тут ужо апазіцыя хай выбачае: колькі прагаласавалі, столькі і налічылі. І міфы пра запасныя камплекты бюлетэняў, пра якія далдоніць апазіцыя – не больш чым міфы.
У асноўны дзень галасавання я на ўчастку з самай раніцы. Зноў апячатваюцца урны – для асноўнага галасавання і для выязнога.
Ледзь толькі адкрываецца ўчастак, заходзяць тры першыя выбаршчыцы, жыхаркі Вараб’ёў – Станіслава Іванаўна Кальчынская, Ядвіга Іванаўна Гутовіч і Леакадзія Юльянаўна Недрашлянская. Уважліва разглядваюць плакат з партрэтамі кандыдатаў – але гэта хутчэй з жаночай цікаўнасці:
—А наш – найпрыгажэйшы! – робяць выснову жанчыны і, атрымаўшы бюлетэні, па чарзе заходзяць у кабіну для тайнага галасавання. Свайго выбару не хаваюць:
—Вядома, за Лукашэнку галасавалі – за каго ж яшчэ? Ён нас, пажылых, не кідае, пенсію дабаўляе. А ад гэтых хто ведае, чаго чакаць – мо і тое, што ёсць, адбяруць.
Яшчэ адзін з выбаршчыкаў зацікавіўся партрэтамі кандыдатаў — праўда, ужо пасля таго, як прагаласаваў:
—Ну, каторы тут на плошчу клікаў? – уважліва стаў ён вывучаць плакат. А потым зрабіў выснову:
—Шуфлю б яму ў рукі ды снег чысціць адправіць, каб не было часу пра глупствы думаць.
…Як паказаў ход далейшых падзей, шуфлі ў рукі самі кандыдаты не ўзялі – іншым падсунулі. Праўда, зусім не для таго, каб снег чысціць – а каб вокны ў Доме ўрада біць.
…Выбары ідуць спакойна: па аднаму, па двое ці цэлымі сем’ямі на ўчастак заходзяць людзі. Марыя Віктараўна Ствол прыйшла разам з дачкой – школьніцай Вікторыяй. Адзін з лепшых механізатараў мясцовага СВК Іван Янушэўскі – усёй сям’ёй: з жонкай Наталляй і дачкой Ксеніяй.
Бліжэй да поўдня становіцца зразумела, што выбары на Вяліка-Страчскім выбарчым ўчастку №33 адбыліся: у іх прынялі ўдзел больш паловы выбаршчыкаў, унесеных у спісы для тайнага галасавання.
Але тым не менш тры члены камісіі – Іван Субач, Віктар Паўлоўскі і Генадзь Мілаш з пераноснай урнай едуць на галасаванне на даму: такая форма народнага волевыяўлення таксама прысутнічае ў нашым заканадаўстве, бо далёка не ўсе маюць сілы і здароўе, каб дайсці да ўчастка, да такіх члены камісіі па іх просьбе прыязджаюць дахаты.
Праўда, для многіх дзень выбараў – па-ранейшаму свята, таму яны, хоць і абапіраючыся на кіёк, на ўчастак прыйшлі самі. А вось назад іх ужо адвезлі члены камісіі: усё ж лягчэй бабулям.
Зімой цямнее рана. Але да таго часу, як цемра ахутала наваколле, у спісах выбаршчыкаў застаюцца незапоўненымі лічаныя графы. У сем гадзін на ўчастак завітала апошняя на той дзень выбаршчыца. Але ўчастак закрыўся, як і належыць, роўна ў 20.00. З 202 выбаршчыкаў удзел у галасаванні прыняло 195 чалавек.
Па чарзе ўскрываюцца урны: для датэрміновага галасавання, для надомнага, стацыянарная. Пачынаецца самая хвалюючая працэдура: падлік галасоў. “Лукашэнка… Лукашэнка… Лукашэнка…” – стос бюлетэняў з галасамі за дзеючага прэзідэнта расце на вачах. Але зрэдку трапляюцца і галасы за альтэрнатыўных кандыдатаў – было б наіўна лічыць, што ў вёсцы, як і ў краіне, усе думаюць аднолькава.
Калі былі падведзены вынікі, аказалася, што за дзеючага кіраўніка дзяржавы на Вяліка-Страчскім выбарчым участку аддалі галасы 176 выбаршчыкаў – 90 працэнтаў ад прыняўшых удзел у галасаванні. 6 галасоў аддадзена за Андрэя Саннікава, тры – за Віталія Рымашэўскага, два – за Аляксея Міхалевіча, па аднаму – за Мікалая Статквеіча, Віктара Цярэшчанку і  Дзмітрыя Уса. Шэсць выбаршчыкаў прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў.
Такім чынам, як назіральнік, сведчу: выбары ў Вялікай Страчы прайшлі свабодна і дэмакратычна, ніякіх парушэнняў заканадаўства не было.


Ніна РЫБІК.



Астравецкі выбарчы ўчастак №1

Адна з асаблівасцей выбарчай дэмакратыі – заўсёды знаходзяцца тыя, каго не задавальняюць вынікі галасавання. Пры любым  раскладзе сіл. І распаўзаюцца сярод электарату самыя розныя чуткі  і “здагадкі”: маўляў, выбарчая камісія падмяніла (наўмысна сапсавала) частку бюлетэняў пры датэрміновым галасаванні, няправільна іх падлічыла ў дзень выбараў. Простаму люду ўсё роўна ніхто праўды не скажа…


Родны прафсаюз работнікаў культуры на працягу некалькіх выбарчых кампаній рознага ўзроўню дэлегіруе мяне назіральнікам на Астравецкі выбарчы ўчастак №1, які размяшчаецца ў сярэдняй школе №1. І з вышыні свайго вопыту асмелюся запэўніць паважаных выбаршчыкаў і нашых чытачоў: усе чуткі – лухта. Немагчыма падтасаваць вынікі галасавання ні на якой яго стадыі. Да прыкладу, пры датэрміновым. Напрыканцы кожнага яго дня і на час абедзенага перапынку  шчыліна урны, у якую апускаюцца бюлетэні, заклейваецца і апячатваецца  (сама урна апячатваецца ў прысутнасці ўсіх членаў выбарчай камісіі і назіральнікаў перад пачаткам галасавання). Скрынка хаваецца ў незгаральны металічны сейф, які таксама апячатваецца.
Немагчыма “дакінуць” бюлетэняў у скрынку, з якой  члены камісіі наведваюцца да выбаршчыкаў, што па розных прычынах не могуць прыйсці на ўчастак самастойна. Бюлетэняў выдаецца роўна па колькасці такіх выбаршчыкаў. Назіральнікі, якія ездзілі з членамі камісіі, не дадуць схлусіць.
Падлік галасоў пасля завяршэння асноўнага галасавання вёўся на нашых вачах. Спачатку ўскрылі урну для датэрміновага галасавання,  затым – для выязнога і нарэшце – стацыянарную, што стаяла на ўчастку ў дзень выбараў. Старанна падлічваліся бюлетэні з галасамі  за кожнага кандыдата, супраць усіх (калі кандыдатаў некалькі, асобныя прадстаўнікі электарату могуць прагаласаваць і так), а таксама – несапраўдныя.  Што зробіш, знайшліся людзі, якія не зразумелі – хаця ім і тлумачылі напярэдадні па радыё і тэлебачанні, а ў дзень галасавання, пры неабходнасці – члены ўчастковай выбарчай камісіі, што галасаваць трэба толькі за аднаго кандыдата, і паставілі “галачкі” ў дзвюх клетачках. Быў нават  адзін сапсаваны бюлетэнь – грамадзянка зрабіла адзнаку не ў той  клетцы, у якой збіралася, апамяталася і паставіла ў патрэбнай, але, зразумеўшы, што бюлетэнь цяпер будзе несапраўдны, папрасіла другі. На сапсаваны быў складзены адпаведны акт, бюлетэнь разам з ім запячаталі ў асобны канверт. Найперш былі запакетаваны і апячатаны несапраўдныя, затым — нявыкарыстаныя бюлетэні.  Астатнія – з галасамі за кандыдатаў і супраць усіх – таксама ўпакавалі ў асобны вялікі пакет, абвязалі і змацавалі пячаткай участковай выбарчай камісіі. Усе гэтыя пакеты яе старшыня В. І. Дземеш разам з іншымі членамі камісіі даставіла ў  раённую камісію.
Вынікі падліку галасоў былі адразу ж занесены ў спецыяльны пратакол, копію якога  змясцілі на дошку выбарнай інфармацыі – такія дошкі меліся на кожным выбарчым участку. Пры жаданні гэткую ж копію мог атрымаць любы з нас, назіральнікаў, і гэтае права скарыстаў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта І. Ф. Крук.
Ні падчас датэрміновага, ні ў дзень асноўнага, ні пры галасаванні па месцы жыхарства выбаршчыкаў мы не выявілі ніводнага парушэння выбарчага заканадаўства. Участковая  камісія па выбарах працавала зладжана, дакладна, граматна, што і адзначыў напрыканцы Іван Фёдаравіч Крук. Ён выказаў усім членам камісіі падзяку і паціснуў кожнаму руку.


Таіса СЯМЁНАВА.