Меркаванне сенатара: "Астравецкі раён – лідар Гродзенскай вобласці"

15:29 / 17.12.2010

У мінулы аўторак у кінаканцэртнай зале “Астравец”, а перад гэтым – у Рытаньскім СДК прайшлі сустрэчы выбаршчыкаў з даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вітольдам Казіміравічам Песцісам.


Візіт сенатара ў наш раён, па яго ўласным прызнанні, быў першым у суверэннай беларускай гісторыі. Таму тое, што ён меў магчымасць убачыць за кароткі час наведвання Астравеччыны, зрабіла на Вітольда Казіміравіча моцнае ўражанне.
– Калі Гродзенскую вобласць называюць лідарам рэспублікі, то Астравецкі раён, на маю думку – лідар Гродзенскай вобласці! – такую выснову выказаў член Савета Рэспублікі напачатку сустрэчы ў кінаканцэртнай зале.
Трэба адзначыць, што сваё выступленне Вітольд Казіміравіч пабудаваў, не абапіраючыся на падрыхтаваны зараней тэкст, што называецца, без паперкі. Тым не менш яно грунтавалася на канкрэтных лічбах і фактах, якія служылі красамоўнай ілюстрацыяй да аналізу эканамічнага развіцця  краіны і вобласці. І не  толькі ў апошняе пяцігоддзе.
Па роду сваёй асноўнай дзейнасці В.К. Песціс, зразумела, больш дасведчаны ў справах аграпрамысловага комплексу. Аднак тэмай сельскай гаспадаркі яго выступленне не абмежавалася. Сенатар расказаў аб сучасным стане і перспектывах на будучую пяцігодку навукі і адукацыі, медыцыны, дэмаграфічнай палітыцы дзяржавы, сацыяльнай падтрымцы сям’і, маці, жанчыны…
Увогуле, танальнасць размовы была вельмі спакойнай, добразычлівай, без крытыкі, тым больш – без абраз апанентаў дзеючага прэзідэнта. Што на фоне апошніх тэледэбатаў выглядала неяк нязвыкла. Зрэшты, палітычныя меркаванні і элементарная чалавечая сумленнасць – рэчы падчас вельмі розныя.
Удзел у сустрэчы прыняў старшыня  Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалька. Кіраўнік раённай вертыкалі ў сваім выступленні падзяліўся ўражаннямі аб IV Усебеларускім народным сходзе, удзельнікам якога з’яўляўся, расказаў аб планах і перспектывах раёна на бліжэйшую пяцігодку.
Неглядзячы на тое, што пытанняў з залы да мясцовай улады было няшмат, страшыня райвыканкама не стаў абмінаць вострыя вуглы і сам спыніўся на тых праблемах, якія хвалююць людзей. Прычым у полі зроку кіраўніка раёна апынуліся як грунтоўныя праблемы кшталту сацыяльна-эканамічнага развіцця фабрыкі і пасёлка Альхоўка, так і на першы погляд дробязныя – як арганізацыя маладзёжных дыскатэк у Варнянах.
Дарэчы, жыхарам Альхоўкі будзе прыемна даведацца, што на наступны год запланавана да выканання шырокая праграма адраджэння гэтага населенага пункта. Прычым закране яна літаральна ўсе сферы.
Што да Астраўца, то прысутныя на сходзе апладысментамі сустрэлі паведамленне старшыні райвыканкама аб тым, што крэдыты, якія былі ўзяты на добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка да яго 540-годдзя, цалкам пагашаны дзяржавай! А гэта ні многа, ні мала – 350 мільёнаў рублёў, якія выплачваліся штомесяц з бюджэту раёна толькі на “працэнты” за крэдыт.
Дзяржава падтрымлівае тых, хто працуе. Хоць, як заўважыў напачатку сустрэчы В.К. Песціс, такім даводзіцца найцяжэй.
– Трэба памятаць, якімі мы былі, ведаць, што ўяўляем на сённяшні дзень, і вызначыцца з выбарам, – рэзюмаваў вынікі сустрэчы член Савета Рэспублікі. – Альбо руйнаваць тое, што зроблена, альбо ісці наперад выпрабаваным шляхам – вырашаць вам.


Эдуард ІВАНАЎ.