Тыдзень postfactum: кропка надзеі

12:13 / 15.12.2010
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Гэта павінна было адбыцца – і гэта адбылося. Кропка невяртання ў беларуска-расійскіх адносінах, падобна, засталася  толькі сумным прагнозам, якому не наканавана было стаць рэчаіснасцю.


У мінулы чацвер вячэрнія выпускі навін на расійскіх тэлеканалах, прынамсі, на НТБ, пачыналіся не з традыцыйнага анонсу тэлесюжэтаў, а адразу з самай галоўнай навіны. Такое здараецца толькі тады, калі адбываецца нешта асабліва значнае, неардынарнае, нечаканае.  Ілюстраваў паведамленне вядучага фотаздымак, на якім прэзідэнты Беларусі і Расіі паціскалі адзін аднаму рукі і ўсміхаліся ў аб’ектыў фотакамеры.  Падобную падачу інфармацыйнага матэрыялу можна патлумачыць толькі тым, што гэтага чакалі з аднолькавым нецярпеннем і хваляваннем як у Беларусі, так і ў Расіі.
Між тым, візіт прэзідэнта нашай дзяржавы на  сустрэчу кіраўнікоў краін мытнага саюзу напачатку гучных сенсацый не абяцаў. І на тое былі свае падставы. Апошнім часам узаемаадносіны Беларусі і Расіі нельга было назваць бязвоблачнымі, што і спарадзіла сярод некаторых аглядальнікаў сумненні адносна асабістай сустрэчы Мядзведзева і Лукашэнкі і нават таго, што прэзідэнты ўвогуле пададуць адзін аднаму руку.
Маўчалі з гэтай нагоды і прэс-службы кіраўнікоў абедзвюх дзяржаў. Адзінае, чым здолелі яны суцешыць журналістаў, дык гэта паведамленнем, што калі нешта адбудзецца, прэса даведаецца аб гэтым першай.
Адбылося. І інфармацыі, і матэрыялу для аналізу што журналісты, што палітолагі  атрымалі ў гэты дзень больш, чым дастаткова.
Галоўны вынік паўтарагадзіннай сустрэчы двух прэзідэнтаў – рашэнне па адзінай эканамічнай прасторы, дэкларацыя аб фарміраванні якой і была падпісана. Толькі яшчэ з удзелам прэзідэнта Казахстана.
Як вядома, каменем сутыкнення на шляху да падпісання дадзеных дакументаў з’яўлялася нязгода з прымяненнем Расіяй экспартных пошлін на сырую нафту. Самае вялікае, на што была гатовая пайсці наша ўсходняя суседка, дык гэта на пастаўку у Беларусь бяспошлінна каля 6,5 мільёнаў тон нафты ў год. Пры патрэбе Беларусі ледзь не ва ўдвая большай колькасці.
Тлумачылася гэта тым, што наша краіна з таннай расійскай сыравіны будзе вырабляць танныя нафтапрадукты, экспартаваць іх на Захад і тым самым атрымліваць дадатковыя прыбыткі. Што, на думку Расіі, будзе не зусім справядліва, паколькі стварае дадатковую канкурэнцыю расійскім нафтаперапрацоўшчыкам і пазбаўляе іх немалой часткі даходу.
У выніку дасягнутага пагаднення, Беларусь ужо с 1 студзеня 2011 года – пры ўмове, што дакументы па АЭП будуць ратыфікаваны парламентамі – стане атрымліваць бяспошлінна ўсю неабходную для ўласнага спажывання нафту. А што тычыцца тых нафтапрадуктаў, якія будуць прададзены за мяжу,  то экспартныя пошліны за іх будуць пералічаны ў бюджэт Расіі. Падкрэсліваю: гэта тычыцца толькі тых нафтапрадуктаў, якія выраблены з расійскай сыравіны. А мы, як вядома, цяпер не абмяжоўваемся толькі ёй.
Эканамічная выгада для Беларусі ад падобнай схемы, па самых прыблізных падліках – каля 4-х мільярдаў долараў ЗША. Як кажуць – каментарыі залішнія.
Аднак не аднымі толькі эканамічнымі меркаваннямі ўнушаюць аптымізм падпісаныя пагадненні. Абнадзейвае, што дыялог паміж дзяржавамі-суседкамі адноўлены і ёсць выдатныя перспектывы на яго развіццё ў будучым. У тым ліку ў рэалізацыі іншых буйных сумесных праектаў.
Штучна ўзведзеная вакол Беларусі сцяна, змацаваная сумессю забабонаў, штампаў і стэрэатыпаў, пабудаваная, дарэчы, не ў апошнюю чаргу дзякуючы мясцовым “архітэктарам”, на вачах рушыцца па цаглінцы.
Вобраз сярэдневяковага монстра ў цэнтры цывілізаванай Еўропы ўжо перастае сур’ёзна ўспрымацца на Захадзе. Прынамсі, сур’ёзнымі людзьмі.  І зусім не атаясамляецца ў вачах сярэднестатыстычнага еўрапейца  ці амерыканца з тым, што яны бачаць, наведваючы нашу краіну. Аб гэтым сведчыць і “Усходняе партнёрства”, і вынікі саміту АБСЕ, і апошняя беларуска-амерыканская заява.
Нейкай невытлумачальнай недарэчнасцю, да нядаўняга часу выглядала толькі пахаладанне адносін з Расіяй. Хоць, з улікам ступені інтэграцый эканомік і палітычных сфер абедзвюх дзяржаў, пазбегнуць нейкіх супярэчнасцяў вельмі складана. Амаль немагчыма. Аднак іх пераадоленне – няхай не ў поўным аб’ёме, няхай пакуль толькі частковае — дадаткова сведчыць аб прадказальнасці і надзейнасці Беларусі як стратэгічнага партнёра. Той, хто паспяшаўся скапіраваць на Беларусь грузінскі ці ўкраінскі часоў Юшчанкі сцэнарый развіцця падзей, – пралічыўся.
З намі можна весці дыялог. Калі ён грунтуецца на кропцы ўзаемаразумення, узаемнай павазе і здаровым сэнсе.
Не разумець гэтага – немагчыма. Не прызнаваць – неразумна.