Несуществующая улица в Гудогае поссорила жителей посёлка

10:00 / 16.04.2015
2
Гэтая гісторыя пачалася з калектыўнага звароту пяці жыхароў вуліцы Энгельса пасёлка Гудагай – Н.І. Сяркова, М.М. Шаўлякова, І.А. Васілевіча, Т.І Шыхаўцовай і Ю.І. Шыхаўцова – у Гудагайскі сельвыканкам, а пазней – і на “Прамую лінію” да старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі.


Калі коратка, то сэнс звароту зводзіўся да таго, што спрэчны ўчастак у раёне вуліцы Энгельса ад дома №23 да дома №28, на якім у апошні час узнік даволі інтэнсіўны рух транспарту, не адпавядае патрабаванням бяспекі. Так, аўтары пісьма (дасведчаныя, мяркуючы па стылю пісьма і прыведзеных аргументах, людзі) нагадалі, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі Тэхнічнага кодэкса Рэспублікі Беларусь мінімальна дапушчальны варыянт арганізацыі дарожнага руху ў населеным пункце можа быць створаны на ўчастку, які мае шырыню не менш за 5,7 метра. А на гэтым участку максімальная шырыня – 5 метраў, мінімальная – 4,4 метра.

Такім чынам, “ніжэйпадпісаўшыеся” прасілі мясцовую ўладу альбо прывесці ўзгаданы ўчастак вуліцы Энгельса ў адпаведнасць з дзеючымі архітэктурна-будаўнічымі нормамі, прадугледжанымі для абуладкавання вуліц у населеных пунктах: зрабіць пешаходныя тратуары і пераходы, забяспечыць належнае асвятленне, устанавіць дарожныя знакі, якія рэгулююць хуткасць руху, спыніць рух велікагрузнага транспарту, альбо фізічна абмежаваць выкарыстанне гэтага ўчастка вуліцы Энгельса ў якасці праезду агульнага карыстання.

Раз ёсць калектыўны зварот – на яго трэба рэагаваць. Па меншай меры, разабрацца ў сутнасці справы.

“Разборкі” прывялі да парадаксальнай высновы: на спрэчным ўчастку тэрыторыі вуліцы, аказваецца, увогуле не існуе!

Не, на самой справе яна, вядома ж ёсць, і спакон веку людзі ездзілі тут, скарачаючы шлях. У свой час, калі працавала старое аддзяленне сувязі, тут нават паклалі асфальт. Але на плане генеральнай забудовы пасёлка Гудагай тут няма ні вуліцы, ні праезду. І гэта пацвердзіла архітэктар раёна Кацярына Ігнацьева: як вынікае з яе афіцыйнага адказу, праезд, які злучае вуліцы Энгельса і Савецкую пасёлка Гудагай, служыць для транспартнага абслугоўвання жылой забудовы на гэтым участку, транзітны рух транспарту па ім выключаны.

Ну, а раз так, то з прапаноўваемых варыянтаў вырашэння праблемы быў выбраны другі: забарона праезду транспарту па ўзгаданаму ўчастку вуліцы.

Аднак, на пытанне, як да гэтага рашэння мясцовай улады аднеслася міліцыя, знаходзім у адказе начальніка аддзела РАУС У.І. Квача: “Астравецкі РАУС не пярэчыць супраць устаноўкі дарожных знакаў, якія забараняюць рух па вуліцы Энгельса ў пасёлку Гудагай, пры ўмове, што на ўказанай тэрыторыі будзе турнікет, шлагбаум ці іншая штучная перашкода, якая фізічна абмяжуе рух транспарту.”

Дарожныя знакі, якія забараняюць рух транспарту на існуючым на справе, але неіснуючым на карце ўчастку вуліцы Энгельса, былі ўстаноўлены напрыканцы мінулага года. Але каго з нашых людзей спыніў нейкі там знак – ды яшчэ калі побач няма машыны ДАІ? Вось і гудагайцы на тыя знакі “чхаць хацелі”: ездзілі, як і раней, куды хацелі і кудой хацелі.

Тым больш што знакі тыя доўга не прастаялі: у мінулы калядны вечар зніклі ў невядомым накірунку. Зламыснікаў, што “прырабілі ім ногі”, так і не знайшлі. Хто наракае на падлеткаў, якія любяць гэткім чынам “пазабаўляцца” ў святы вечар, нехта нават недвухсэнсоўна ківае на старшыню сельвыканкама М.І. Безляповіч – незразумела толькі, навошта Марыі Іванаўне тыя знакі? Хіба што абмяжоўваць рух курэй ды катоў на ўласным падворку… А то яшчэ кажуць, што знакі ўжо знайшліся – толькі не тыя, што былі ўстаноўлены ў мінулым годзе, а ранейшыя, і не на вуліцы, а на панадворку адной з сядзіб – а гэта азначае, што рух транспарту на гэтым участку быў абмежаваны і раней, ды толькі аб гэтым усе паспяхова паспелі забыцца – як ўлада, так і тыя, хто ездзіў сюдой, не звяртаючы на знакі ніякай увагі… Словам, у гэтай дэтэктыўнай гісторыі без Эркюля Пуаро, ці, у крайнім выпадку, без Агаты Крысці, не абысціся… Таму пакінем гісторыю са знакамі дэтэктывам – тым больш што не яны іграюць вырашальную ролю. Дакладней, не яны адны.

Паўторны зварот на “Прамую лінію” да старшыні райвыканкама прымусіў заняцца праблемай абмежавання руху на гэтым участку сур’ёзна. Урэшце сельвыканкам устанавіў на патэнцыяльна небяспечным праездзе фізічную перашкоду… Руху пешаходаў, веласіпедыстаў яна не перашкаджае – а вось машына не пройдзе, не толькі велікагрузная, але і легкавая.

Гэта не азначае, што “завакзальная” частка пасёлка аказалася адрэзанай ад “вялікай зямлі”: праехаць можна па іншым участку вуліцы Энгельса і Савецкай. Праўда, давядзецца “даць крук” на пару соцень метраў (Ажно!!! Расказаць мінчанам ці гродзенцам – хай пасмяюцца). Ды і дарога там – не вельмі… Зрэшты, дзе вы ў Гудагаі, акрамя цэнтральнай Ленінскай вуліцы, знойдзеце лепшыя дарогі?

Здавалася б, праблема, выканання якой так настойліва дамагаліся жыхары вуліцы Энгельса, знятая! Можна выдыхнуць…

Але тыя, хто хоць калі-небудзь спрабаваў вырашаць спрэчнае пытанне “па справядлівасці”, так, каб усім было добра, рана ці позна непазбежна прыходзіў да высновы: зрабіць гэта немагчыма. Увогуле! Па адной простай прычыне: тое, што лічаць справядлівым і правільным адны, непазбежна закранае інтарэсы іншых, і для іх гэта – несправядліва і няправільна…

Пасля ўстаноўкі фізічных перашкод на скандальным участку неіснуючага праезду ў райвыканкам паступіў другі калектыўны зварот ад жыхароў пасёлка Гудагай – на гэты раз пад ім стаяла 66 подпісаў. Калі адкінуць эмоцыі і метафары кшталту “графа Шыхаўцова” і бізуна ў яго руках, то сэнс яго зводзіцца да патрабавання: вярніце ўсё, як было! Адмяніце папярэдняе рашэнне сельвыканкама! Хаця лагічнай аргументацыі, чаму гэта трэба зрабіць, малавата. Яна простая, як валёнкі і гаспадарчае мыла: нам так зручней, мы ўсё жыццё тут ездзілі…

Каб выслухаць аргументы абодвух бакоў, зразумець логіку адных і другіх і разам з тым пацікавіцца пытаннямі, якія хвалююць жыхароў пасёлка, 6 красавіка ў Гудагай прыехала дэлегацыя прадстаўнікоў райвыканкама на чале з намеснікам старшыні Віктарам Збігневічам Свілам. Акрамя яго, адказаць на пытанні жыхароў былі гатовы архітэктар раёна Кацярына Ігнацьева, начальнік землеўпарадкавальнай службы Аляксандр Барысавіч Кухараў, начальнік ДРБУ-159 Дзмітрый Пятровіч Куліна, старшыня Гудагайскага сельвыканкама Марыя Іванаўна Безляповіч. А паколькі адказ на свае пытанні аўтары калектыўнага звароту прасілі змясціць на старонках “Астравецкай праўды” (дзякуй за давер!), то і аўтар гэтых радкоў таксама.

Зала Гудагайскага сельскага дома культуры ў той вечар была запоўнена – заезджыя зоркі эстрады маглі б пазайздросціць. І хоць сустрэча, якая праходзіла на другі дзень каталіцкага Вялікадня, пачалася з віншаванняў са святам і пажаданняў міру і дабра, праходзіла яна даволі востра і эмацыянальна. Лейтматывам на ёй гучала патрабаванне большасці прысутных адмяніць рашэнне Гудагайскага сельвыканкама аб закрыцці праезду па вуліцы Энгельса. Нас – большасць, чаму паслухалі меншасць?! Аргументы той самай “меншасці”, якая таксама прысутнічала на сходзе і вуснамі Юрыя Шыхаўцова спрабавала давесці сваю пазіцыю да большасці, не ўспрымалася. Гэтак жа, як і тое, што гэтае пытанне – не выбары дэпутата, дзе перамога вызначаецца большасцю галасоў, што існуюць нормы і правілы, якія трэба захоўваць. Усе аргументы натыкаліся на безапеляцыйнае: тады закрывайце ўсе вуліцы ў Гудагаі – яны таксама не адпавядаюць патрабаванням бяспекі!

(А мо паспрабаваць у якасці эксперыменту? Так бы мовіць, “па просьбах працоўных”… Іранізую, канешне, – каб паказаць абсурднасць некаторых з выказаных патрабаванняў).

Хоць былі і рацыянальныя прэтэнзіі: устаноўленая фізічная перашкода, што перакрывае рух транспарту, не адпавядае тэхнічным патрабаванням, не пафарбавана святловяртаючай фарбай, гэты ўчастак дарогі не асветлены, там не ўстаноўлены адпаведныя дарожныя знакі – у сукупнасці гэта можа стаць прычынай дарожна-транспартнага здарэння яшчэ хутчэй, чым рух транспарту па вузкай вулачцы. Акрамя таго, участак вуліц Энгельса і Савецкай, па якіх зараз ажыццяўляецца аб’езд, знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане.

(Падазраю, што стан вуліц і з’яўляецца асноўнай прычынай гэтага звароту – ляжаў бы там новенькі асфальт, то гудагайцы самі б паехалі ў аб’езд, не чакаючы, пакуль закрыюць той самы праезд, які сёння здаецца ім вырашэннем усіх праблем.)

Такім чынам, асноўнае патрабаванне, якое вылучылі на сходзе жыхары Гудагая і на якое патрабавалі даць адказ на старонках “Астравецкай праўды” – перагляд рашэння Гудагайскага сельвыканкама ад 23.10.2014 год №252/1 “Аб упарадкаванні дарожнага руху”.

Акрамя гэтага, было прынята рашэнне аб перадачы асноўных вуліц пасёлка Гудагай на баланс ДРБУ-159 з тым, каб дарожнікі па меры магчымасці прывялі іх у парадак і падтрымлівалі яго надалей.


Вось ён, гэты адказ, падпісаны старшынёй райвыканкама А.Д. Кавалькам:

“З улікам выказаных на сходзе жыхароў пасёлка Гудагай заўваг і прапаноў грамадзян, праведзенага абследавання спрэчнага ўчастка вуліцы раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што прынятыя Гудагайскім сельвыканкамам меры па абмежаванню праезду шляхам устаноўкі фізічных перашкод з’яўляюцца абгрунтаванымі: на сённяшні дзень на гэтым участку сапраўды няма магчымасці забяспечыць бяспеку руху адначасова для пешаходаў і аўтамабіляў. У той жа час фізічныя перашкоды не абмяжоўваюць рух людзей, веласіпедыстаў, прагон хатняй жывёлы. Пры руху на аўтамабілі аб’езд гэтага ўчастка істотных нязручнасцей для грамадзян не нясе. Паведамляем таксама, што сельвыканкаму дадзены адпаведныя даручэнні па аднаўленні забараняючых рух дарожных знакаў, абазначэння фізічных перашкод святловяртаючымі элементамі.”


Аднак, “карыстаючыся выпадкам”, што на сустрэчу з жыхарамі прыехала такая прадстаўнічая дэлегацыя, жыхары пасёлка сталі выказваць і іншыя пытанні і просьбы – іх набралася ажно 26. Самых розных, пачынаючы ад больш як паўгода закрытай на рамонт лазні і заканчваючы тым, што на прыватных дамах няма таблічак з назвай вуліц і нумароў дамоў – падобна, многія лічаць, што кожнаму домаўладальніку іх павінна падарыць мясцовая ўлада. Гэтаксама, як і аднаўляць і фарбаваць агароджы каля прыватных падвор’яў – аргументацыя тут жалезная: вы паставілі платы – вы і ўтрымлівайце іх у парадку.

Пасля двухгадзіннай размовы высветлілася, што жыхарам Гудагая патрэбна многае: амбулаторыя замест састарэлага ФАПа; павільён, каб дзеці-дашколькнікі маглі чакаць школьны аўтобус не пад ветрам і дажджом; магазін рытуальных паслуг – не ездзіць жа людзям у Астравец ажно за чатыры кіламетры за вянкамі і свечкамі; інфа-кіёск – аддзяленні банка і пошты працуюць не кругласутачна; аўтобус на Астравец у абедзенны перапынак – інакш дзіця ў музычную школу трэба падвозіць самім…

Па праўдзе кажучы, падчас гэтага шквалу просьбаў, “вялікіх і розных”, у нейкі момант узнікла адчуванне, быццам жыхары Гудагая вырашылі, што да іх на сустрэчу прыехаў не намеснік старшыні райвыканкама, а прыплыла залатая рыбка, якая здольная выканаць усе жаданні… Вось толькі, падазраю, “залатога запасу” ў гэтай “рыбкі”, у дадзеным выпадку – мясцовай улады на ўсе гудагайскія “хачу” не хопіць, бо каштуюць яны зусім не танна. Хоць бы на самыя вострыя “трэба пазарэз” знайсці грошы. Бо “трэба” не адным толькі гудагайцам, і тое, што пасёлак гэты прыгарадны і шматлюдны, і тут знаходзіцца чыгуначная станцыя, яшчэ не дае права яго жыхарам адчуваць сябе першымі і галоўнымі ў чарзе на выкананне любых сваіх жаданняў. У іншых вёсках раёна, нават калі яны не такія вялікія і аўтобус ходзіць туды толькі раз на тыдзень, а магазін добра калі ёсць увогуле, і ў ім адначасова прадаюцца ўсе тавары паўсядзённага побыту, таксама жывуць людзі, у якіх ёсць правы, і яны таксама звяртаюцца ў райвыканкам са сваімі пытаннямі і праблемамі, часам куды больш вострымі і злабадзённымі, чым закрыццё звыклага праезду ці неагароджаная прыдарожная канава, у якую можа “ветрам здуць якую-небудзь бабульку”…

Тым не менш, усе выказаныя жыхарамі Гудагая просьбы і пажаданні – акрамя самых абсурдных накшталт дрэннага стану нядаўна заасфальтаванай вуліцы Ленінскай – узяты на кантроль, адасланы для вывучэння стану спраў і магчымасці прыняцця мер адказным службовым асобам. Адказы на іх будуць змешчаны на старонках нашай газеты – сачыце за публікацыямі.


--------------------------------------

Ніна РЫБІК, фота аўтара.