В Островце прошло выездное заседание Гродненской областной организации общественного объединения "Белорусский союз женщин"

10:00 / 16.06.2013
На мінулым тыдні ў наш горад завітала вялікая група жанчын з усёй вобласці – у Астраўцы прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. У склад групы ўвайшлі старшыні раённых арганізацый і члены абласнога прэзідыума.

Абласны семінар пачаўся з пасяджэння, якое прайшло ў актавай зале раённага выканаўчага камітэта. Яго адкрыла старшыня прэзідыума абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускага саюза жанчын” Марыя Міхайлаўна Бірукова.
Прысутнічаў на пасяджэнні і старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. У сваім выступленні старшыня коратка расказаў пра наш раён, больш падрабязна спыніўся на перспектывах развіцця Астравеччыны ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС.
Старшыня раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Ніна Аляксееўна Рыбік пазнаёміла сваіх калег з дзейнасцю раённага жансавета і роляй жанчыны ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем грамадства. Падчас выступлення Ніна Аляксееўна ўручыла сертыфікат аб стварэнні пярвічнай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” старшыні “пярвічкі” аддзела адукацыі Юліі Ражко. Дыпломы і падарункі былі ўручаны пераможцам конкурсу “Свет вашых захапленняў”, які праходзіў на сайце раённай газеты – Таццяне Чарняўскай і Ірыне Герасім.






Пра дзейнасць пярвічнай арганізацыі раённага вузла паштовай сувязі паведаміла яго начальнік і па сумяшчальніцтву намеснік старшыні раённай арганізацыі Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Напрыканцы пасяджэння Марыя Міхайлаўна Бірукова пазнаёміла актыў аб’яднання з асноўнымі задачамі, якія стаяць перад раённымі арганізацыямі, па павышэнні ролі жанчыны ў грамадстве.
Наперадзе самых актыўных жанчын вобласці чакала вялікая насычаная праграма: экскурсія па нашым раёне і наведванне сацыяльна- значных аб’ектаў рэгіёна.



У інфармацыйным цэнтры Дырэкцыі будаўніцтва АЭС кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Эдуард Іванавіч Свірыд падрабязна распавёў пра будаўніцтва станцыі, ступені яе абароны. Ён таксама адказаў на шматлікія пытанні жанчын.
Аўтобусную экскурсію па горадзе суправаджаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла – яна таксама пакінула незабыўныя ўражанні, калі жанчыны наведалі мікрараён №1, дзе жывуць будаўнікі і супрацоўнікі атамнай станцыі.
Здзіўленню і захапленню гасцей з усёй вобласці не было канца, калі яны наведалі нядаўна адкрытую залу для інтэлектуальных гульняў. Аматары інтэлектуальнага руху, які атрымаў трывалую прапіску ў нашым раёне, у гэтым месяцы атрымалі падарунак ад раённага выканаўчага камітэта. Дзякуючы старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку, цяпер у інтэлектуалаў з’явілася вялікая і прыгожая, абсталяваная сучаснай апаратурай і спецыяльнай мэбляй зала, у якой могуць збірацца аматары інтэлектуальных гульняў, сярод якіх, дарэчы, нямала жанчын. Нават узнікла прапанова арганізаваць жаночую каманду. Таму, калі будуць жадаючыя, – звяртайцеся.



Наступным пунктам прыпынку стаў аграгарадок Варняны. Варнянскі дзіцячы сад – сярэдняя школа, абноўленая падчас будаўніцтва аграгарадка, таксама ўразіла жанчын. Яшчэ больш станоўчых уражанняў яны атрымалі ў час наведвання сацыяльнага прытулку, які размяшчаецца ў Варнянах. Сёння тут знаходзіцца шэсць дзетак, якія прывіталі жанчын прыгожымі вершамі і пазнаёмілі са сваім побытам. У прытулак члены абласной арганізацыі прыехалі не з пустымі рукамі – у падарунак хлопчыкам і дзяўчынкам, якія часова засталіся без апекі родных матуль і татаў, яны прывезлі салодкія пачастункі і цацкі, якія з найлепшымі пажаданнямі і ўручылі дзецям. А ў адказ атрымалі ўсмешкі і шчырыя словы падзякі.
Варнянская вежа сустрэла жанчын дажджом і градам. Але прайшлі яны вельмі хутка – больш напалохалі, чым змачылі. Пра гісторыю старажытнай вёскі жанчынам расказала мясцовая краязнаўца Людміла Кухарэвіч. А ў якасці падарунка жанчыны атрымалі магчымасць паслухаць песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Світанак”. Дадаткам стаў і смачны абед, падрыхтаваны супрацоўнікамі Варнянскага сельгаскааператыву.
Кожны, хто наведвае Астравецкі раён, імкнецца трапіць на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС. Зрабіць гэта не так проста: ахова важнага аб’екта ўзмацняецца. Але пасля шэрагу неабходных працэдур удзельнікі семінара наведалі аглядную пляцоўку першага энергаблока. Некаторыя з жанчын тут ужо былі падчас іншых семінараў – яны адразу ж адзначылі тыя змены, што адбыліся на пляцоўцы.



Аграгарадок Гервяты сустракаў гасцей раёна прыветліва – сонейка асвечвала шпілі касцёла, і ад гэтага яны здаваліся яшчэ больш велічнымі і недасягальнымі. Тут жанчын сустракаў пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, лаурэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама “Чалавек года Гродзеншчыны” Леанід Пятровіч Нясцюк. Сёлета храм адзначыў сваё 110-годдзе. За час служэння ксяндза Леаніда Несцюка касцёл змяніўся непазнавальна. Спачатку ён радаваў сваіх вернікаў і наведвальнікаў цудоўным дэндрапаркам, а цяпер прыгажосць пануе не толькі на тэрыторыі, але і ўнутры храма. У дадатак да ўбачанага хараства жанчыны атрымалі яшчэ адзін цудоўны падарунак – канцэрт арганнай музыкі ад арганістага касцёла, магістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі музыкі Андрэя Міхневіча.
Завяршэннем семінара стала наведванне фотавыставы Андрэя Памецькі “Яе Вялікасць Жанчына” і спектакля Ніны Рыбік “Калядны вечар”. Многія з астраўчан, якія сабраліся ў той вечар у кінаканцэртнай зале “Астравец”, на пастаноўцы былі ўжо не першы раз. І нягледзячы на гэта, эмоцыі захліствалі і слёзы каціліся самі па сабе – жанчыны плакалі ў адкрытую, а мужчыны хавалі іх – паціху, каб ніхто не заўважыў, змахвалі кулаком.
Прадстаўнікі абласной арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” і жыхары Астравеччыны выказалі словы ўдзячнасці самадзейным акцёрам – па іх меркаванні, гэты спектакль павінна паглядзець як мага больш людзей.
Ахвяраванні, якія былі сабраны ўдзячнымі гледачамі будуць накіраваны ў аддзяленне сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы.
А галоўным вынікам семінара сталі незабыўныя ўражанні ад Астравеччыны ўсіх яго ўдзельнікаў.

-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і А. ЮШЧУКА.