Подходить к делу по-хозяйски

12:00 / 30.05.2013
Кожны квартал праводзіцца прэс-канферэнцыя журналістаў вобласці са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам. І, як правіла, вялікая ўвага на кожнай з іх удзяляецца выкананню работ на аб’ектах сацыяльнай сферы гаспадарчым спосабам. Губернатар надае гэтаму пытанню асаблівае значэнне. Падчас апошняй сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі нават было прапанавана адну з чарговых прэсканферэнцый цалкам прысвяціць актуальнай тэме. Што ў гэтым накірунку робіцца ў нашым раёне, аб гэтым мы папрасілі расказаць намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы, – Віктара Збігневіча Свілу.


– Выкананне работ гаспадарчым спосабам, без прыцягнення падрадных арганізацый, – гэта адзін са спосабаў арганізацыі будаўніча-мантажных работ, дарэчы сказаць, даўно вядомы.

Ён дае магчымасць істотна палепшыць матэрыяльную базу ўстаноў сацыяльнай сферы – і пры гэтым эканоміць бюджэтныя сродкі, якіх заўсёды не хапае на ўсё. Асноўная частка расходаў пры выкананні работ гаспадарчым спосабам – будаўнічыя матэрыялы, іх доля даходзіць да 80 працэнтаў у агульным кошце. Калі б выконваць тыя ж работы давялося з прыцягненнем падрадчыкаў, іх кошт узрос бы непараўнальна, бо там значную долю складаюць розныя накладныя расходы. І, адпаведна за тыя ж сродкі мы змаглі б зрабіць значна менш – аксіёма, якая, думаю, не патрабуе доказу.

Работы гаспадарчым спосабам – у розных аб’ёмах і ў розных сферах – выконваліся заўсёды, гэта не нейкае ноу-хау.

А “роданачальнікам”, калі можна так сказаць, іх актывізацыі на Гродзеншчыне ў апошні час можна ў пэўным сэнсе лічыць наш раён, а калі больш дакладна, то цэнтральную раённую бальніцу. Падчас першага пасля прызначэння на пасаду губернатара візіту на Астравеччыну старшыня аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра наведаў нашу бальніцу – і быў нямала ўражаны ўбачаным, тым, што ўдалося зрабіць тут за апошнія гады, з якой якасцю і пры якіх затратах – галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны, як вядома, даўно і без усялякіх указанняў займаўся гэтай справай, па-гаспадарску выкарыстоўваючы бюджэтныя сродкі і выконваючы з мінімальнымі матэрыяльнымі затратамі вялікія аб’ёмы работ.

Можна ўзгадаць, што менавіта такім спосабам па чарзе былі прыведзены да ладу тэрапеўтычнае, кардыялагічнае, дзіцячае, радзільнае аддзяленні бальніцы, паліклініка, практычна нанова створана ў невыкарыстоўваемых памяшканнях аддзяленне рэабілітацыі.

Узяўшы на ўзбраенне астравецкі вопыт, губернатар прапанаваў выкарыстаць яго ва ўсіх раёнах, каб палепшыць стан аб’ектаў сацыяльнай сферы, які, прама скажам, ніколі не быў узорным. Для гэтага ў абласным бюджэце прадугледжаны сродкі, якія выдзяляюцца, так бы мовіць, “постфактум” – пасля таго, як арганізацыі ці ўстановы выконваем запланаваныя работы ці хоць бы частку іх. Сёлета, да прыкладу, для фінансавання работ, выконваемых гаспадарчым спосабам, у вобласці запланавана 150 мільярдаў рублёў – на 50 мільярдаў больш, чым летась. Пагадзіцеся, салідная сума, асабліва калі з розумам і па-гаспадарску ёй распарадзіцца. Частка гэтых грошай, безумоўна, пойдзе на аб’екты сацыяльнай сферы Астравецкага раёна. На якія менавіта? Тут ужо многае, калі не галоўнае, залежыць ад ініцыятывы кіраўніка, яго творчага і гаспадарчага падыходу да справы. Як неаднойчы падкрэсліваў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька, усё, што будзе зроблена гаспадарчым спосабам, – аплаціцца.





Трэба адзначыць, што ў паляпшэнні матэрыяльнай базы ўстаноў сацыяльнай сферы нямала было зроблена і ў мінулы год. Як прыклад, можна прывесці гімназію, дзе вялікі аб’ём работ выкананы ўласнымі сіламі, з дапамогай работнікаў установы. Многае зроблена ў Альхоўскай сярэдняй школе і Альхоўскім дзіцячым садку – у дашкольнай дзіцячай установе ўдалося замяніць большую частку вокнаў, і гэта дазволіла значна палепшыць тэмпературны рэжым, на які раней неаднаразова скардзіліся бацькі. Рамонт Альхоўскага дзіцячага садка прадоўжыцца і сёлета. Многае робіцца па прывядзенні ў належны стан лагера летняга адпачынку дзяцей “Ластаўка” – там зроблены неабходны рамонт у харчовым блоку, устаноўлена новае абсталяванне ў адпаведнасці з патрабаваннямі санстанцыі, па чарзе – кожны год па адным, бо ўсё адначасова зрабіць немагчыма – рамантуюцца домікі. Ужо ў бягучым годзе ва ўстановах адукацыі выканана работ больш як на паўмільярда рублёў – пры тым, што асноўныя аб’ёмы тут усё ж выконваюцца летам, падчас канікул. А ўсяго сёлета аддзел адукацыі запланаваў асвоіць 3 мільярды рублёў – і гэта не мяжа, асабліва калі ўлічыць, колькі устаноў адукацыі маюць патрэбу ў бягучых і капітальных рамонтах.


Асноўныя сілы ў сістэме адукацыі сёлета будуць сканцэнтраваны на рэарганізацыі Мальскага навучальна-педагагічнага комплексу “базавая школа-дзіцячы сад” ў комплекс“пачатковая школа-дзіцячы сад” з тым, каб павялічыць колькасць месцаў у дашкольнай установе і падвозіць туды малышоў з Астраўца—у горадзе зараз існуе сур’ёзная праблема з месцамі ў дзіцячых садках. Адна з прыярытэтных задач – дзіцячы сад “Дубок”: там тэрмінова трэба адрамантаваць харчблок і сістэму каналізацыі.

Неадкладнага капітальнага рамонту патрабуе дах Гудагайскай СШ. Ды і іншыя ўстановы адукацыі, у большай ці меншай ступені, будуць рамантавацца і прыводзіцца ў парадак, і пераважна – гаспадарчым спосабам.

У сістэме аховы здароўя плануецца закончыць распачатыя работы ў цэнтральнай раённай бальніцы і сканцэнтравацца на рамонце Міхалішкаўскай участковай бальніцы – там трэба выканаць значны аб’ём работ.

Аддзел культуры асаблівую ўвагу ў бягучым годзе плануе надаць рамонту Гервяцкага сельскага Дома культуры, дзе трэба замяніць падлогу сцэны і выканаць іншыя сур’ёзныя рамонтныя работы. Рамантуецца Мальскі Дом культуры – па даручэнні старшыні райвыканкама ў ім будзе створана спецыяльна абсталяваная зала для правядзення інтэлектуальных гульняў, які набываюць у нашым раёне ўсё большую папулярнасць.

Пераўтвараецца найбольш папулярны ў моладзі раёна Варонскі Дом культуры, будзе адрамантавана Палушская біблітяэка, дом-музей Казіміра Сваяка ў Баранях.

І гэта – далёка не поўны пералік аб’ектаў, на якіх сёлета плануецца правесці сур’ёзныя рамонты, прычым пераважна ўсе работы будуць выкананы гаспадарчым спосабам. Калі б для іх выканання прыцягваліся спецыяльныя падрадныя арганізацыі – паверце, гэты пералік быў бы нашмат меншым. Тым і добры гаспадарчы спосаб, што дазваляе падыходзіць да справы па-гаспадарску, выконваць большыя аб’емы работ у больш сціслыя тэрміны, з меншымі матэрыяльнымі затратамі і лепшай якасцю.