В Островецком районе прошёл очередной день информирования населения

13:00 / 23.05.2013
16 мая ў раёне прайшоў чарговы дзень інфармавання насельніцтва па тэме: “Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу”. Акрамя таго, разглядалася падчас яго правядзення і праблема папярэджання пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у Гродзенскай вобласці.

У гэты дзень наш раён наведала абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе начальніка аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ігара Андрэевіча Папова, начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ Мікалая Уладзіміравіча Ленка і намесніка старшыні Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Валянціны Іванаўны Юрчак. У склад інфармацыйнай групы ўвайшлі таксама начальнік Астравецкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзій Іванавіч Калтан і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Кацярына Леанідаўна Лянкевіч.
Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы сустрэліся з супрацоўнікамі раённага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. У сваім выступленні начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ігар Андрэевіч Папоў падрабязна спыніўся на Пасланні Прэзідэнта нашай краіны да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Прынамсі, Ігар Андрэевіч расказаў пра асноўныя накірункі развіцця краіны, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Вялікая ўвага была ўдзелена праблемам і пытанням жыллёвага будаўніцтва, адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя.
Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Валянціна Іванаўна Юрчак сваё выступленне пачала з расповеду пра рэспубліканскі сход работнікаў спажывецкай кааперацыі, які адбыўся ў лютым з удзелам кіраўніка дзяржавы. Па выніках гэтага сходу ў Гродзенскай вобласці быў распрацаваны комплексны план развіцця спажыўкааперацыі да 2015 года, у якім якраз і ўлічаны заўвагі і даручэнні Прэзідэнта, якія неабходна выправіць.
Згодна з комплексным планам, змяненні адбудуцца і ў нашым раёне – з бюджэту будуць выдзелены сродкі на набыццё двух новых аўтамагазінаў, зменіцца і графік іх работы.
Начальнік Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзій Іванавіч Калтан сваё выступленне пачаў з сумнай статыстыкі аб пажарах і гібелі людзей на іх па рэспубліцы і вобласці. На жаль, пажары здараюцца і ў нашым раёне, і на іх таксама гінуць людзі. Ужо ў гэтым годзе на тэрыторыі раёна адбыліся 24 пажары, падчас іх загінулі 2 чалавекі. Дарэчы, 70% пажараў адбываецца з-за асабістай неасцярожнасці грамадзян – курэнне, распальванне вогнішчаў і іншыя.
Генадзій Іванавіч таксама падрабязна расказаў пра развіццё падраздзяленняў аддзела па надзвычайных сітуацыях. У хуткім часе пачнецца будаўніцтва новага пажарнага дэпо на АЭС. Будзе ісці і набор новых супрацоўнікаў – у мінулым годзе ўжо прынята на работу 25 выратавальнікаў, сёлета раённы аддзел чакае такое ж папаўненне. Усяго ж да ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС асабовы састаў аддзела па надзвычайных сітуацыях папоўняць 192 новыя супрацоўнікі. Паляпшаюцца і жыллёвыя ўмовы супрацоўнікаў аддзела – уводзіцца два жылыя дамы на 94 кватэры – і таму перспектывы службы ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях дастаткова вялікія.
Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ Мікалай Уладзіміравіч Ленка гаварыў пра выкананне заканадаўства аб працы і ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. На жаль, нядбайныя адносіны да сваіх абавязкаў і незахаванне правілаў аховы працы маюць цяжкія наступствы. Толькі ў мінулым годзе на прадпрыемствах вобласці загінула 19 чалавек. Ужо за чатыры месяцы бягучага года загінулі пяць работнікаў, яшчэ 29 атрымалі цяжкія траўмы. І за кожнай гібеллю і траўмай стаяць сем’і, якія страцілі сваіх кармільцаў. Таму Мікалаў Уладзіміравіч у чарговы раз заклікаў усіх да выканання патрабаванняў аховы працы.
Дні інфармавання насельніцтва прайшлі і ў іншых арганізацыях і прадпрымствах раёна – іх правялі намеснікі кіраўнікоў па
ідэалагічнай рабоце.


-------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.