Пресс-конференция журналистов с губернатором в Волковыске

18:30 / 05.10.2012
Ужо стала традыцыйным, штоквартальная сустрэча са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам на прэс-канферэнцыях, кожны раз праходзіць у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці, і канферэнцыі папярэднічае семінар, падчас якога журналісты маюць магчымасць наведаць найбольш цікавыя аб’екты раёна, пазнаёміцца з яго інфраструктурай і жыхарамі.

На гэты раз журналістаў раённых газет Гродзенскай вобласці і Гродна, а таксама спецыяльных карэспандэнтаў рэспубліканскіх газет, радыё і тэлебачання сустракаў горад з тысячагадовай гісторыяй – Ваўкавыск – і старшыня райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Сіцько.
У апошнія дзесяцігоддзі Ваўкавыск і раён змяніліся непазнавальна. Магутны штуршок да стварэння новага аблічча раёна далі дзве падзеі: у 2004 годзе тут прайшоў рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2004”, а ў 2005-ым – Ваўкавыск адзначыў сваё тысячагоддзе.






Да гэтых знамянальных падзей былі адрамантаваны і рэканструяваны вялікая колькасць аб’ектаў інфраструктуры горада і раёна. Але не толькі чысцінёй і добраўпарадкаванасцю славіцца Ваўкавышчына. Багацце гэтага раёна – прамысловыя прадпрыемствы. Самае буйное – ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”, якое выпускае неабходныя краіне цэмент, вапну, сухія будаўнічыя сумесі, блокі. Вялікай папулярнасцю не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і рэспубліцы карыстаюцца мясныя і малочныя прадукты, якія выпускаюць Ваўкавыскі мясакамбінат і “Беллакт”. Хуткімі тэмпамі развіваецца сельская гаспадарка, новае жыццё набываюць сацыяльна-культурныя аб’екты.

Першым пунктам праграмы семінара стала наведванне малочна-таварнага комплексу “Калантаі” дзяржаўнага прадпрыемства “Зара і К”.


Гэты комплекс быў пабудаваны яшчэ ў 2009 годзе па ўказу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што жывёла знаходзіцца тут усё сваё жыццё.





Сёння на ферме ўтрымліваецца 813 галоў дойнага статка, усяго ж тут размешчана больш за дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Працуе на комплексе 52 чалавекі, сярэдняя зарплата ў якіх 3,5 мільёны рублёў. Спецыялісты малочна-таварнага комплексу не стаяць на месцы. Так, сёлета тут была ўстаноўлена сістэма ідэнтыфікацыі жывёлы, камп’ютарны прыбор ультрагукавога абследавання, па новых тэхналогіях пачалі нарыхтоўваць кармы для харчавання статка, дзякуючы новым напрацоўкам якасць корму значна палепшылася. Для паляпшэння абмена рэчываў пры харчаванні сухастойнага статка ў памяшканнях былі ўстаноўлены лямпы з лазарным промнем. Прымяняюць на ферме і ўласныя распрацоўкі. Так, з дапамогай звычайнага кола, якое прымайстравана да невялікага трактара, ежа падсоўваецца да стойлаў, у якіх знаходзіцца жывёла. Усе гэтыя інавацыі прывялі да таго, што сёння сярэднясутачныя надоі тут складаюць 18,1 літра малака ад кожнай каровы.


Наступным прыпынкам стала не заяўленая ў праграме гімназія №2.


Гэтая ўстанова існуе ў Ваўкавыску з 2004 года. Размясцілася яна на месцы школы №6 з паглыбленным вывучэннем замежных моў – іспанскай і французкай. Сёння школа славіцца ўдалым выспупленнем сваіх вучняў на ўсіх этапах прадметных алімпіяд. Толькі за мінулы вучэбны год яе вучні заваявалі 15 абласных дыпломаў і 6 рэспубліканскіх. За свае перамогі ў бягучым годзе школа атрымала ў падарунак ад упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама камп’ютарны кабінет для вывучэння замежных моў і мабільны камп’ютарны кабінет з 20 ноўтбукамі ад Міністэрства адукацыі і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Асноўная ўвага сёлета тут была ўдзелена добраўпарадкаванню будынка школы і яе тэрыторыі – з бюджэтных сродкаў на гэтыя мэты было выдзелена 600 мільёнаў рублёў.
У будынку школы журналістаў таксама пазнаёмілі з канцэпцыяй добраўпарадкавання Ваўкавыска і яго дваровых тэрыторый. З дапамогай відэапрэзентацыі ўдалося ўбачыць, што ўжо зроблена і што яшчэ толькі плануецца зрабіць у горадзе. Тое, што ўжо атрымалася ажыццявіць у накірунку добраўпарадкавання, можна было ўбачыць і падчас пешаходнай экскурсіі па горадзе.


Многае ў раёне і горадзе робіцца і па добраўпарадкаванні сістэмы аховы здароўя.


Сёння аддзяленні бальніцы размешчаны ў прыстасаваных памяшканнях, некаторыя з іх былі пабудаваны яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Таму на працягу двух апошніх гадоў увага кіраўніцтва раёна была накіравана на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтральнай раённай бальніцы. Былі заменены вокны і адрамантаваны дах, праведзены рамонт у паліклініцы і на харчблоку, на ім устаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Усё гэта, лічыць галоўны ўрач раённай бальніцы, паспрыяла таму, што за 8 месяцаў у раёне нарадзілася 556 дзяцей, нараджальнасць у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 8,6%. А ўзровень смяротнасці, наадварот, знізіўся.





Журналісты з задавальненнем наведалі ўжо адрамантаванае і мадэрнізаванае дзіцячае аддзяленне і пазнаёміліся з маленькімі пацыентамі. Для дзяцей і іх бацькоў тут створаны вельмі добрыя ўмовы – палаты павышанай камфортнасці, на двух чалавек, паўбоксы. Адзінае, што засмучала кіраўніцтва бальніцы, пустыя сцены. Таму загаддзя сярод журналістаў была аб’яўлена абласная акцыя “Журналісты – дзецям”. І падчас наведвання дзіцячага аддзялення прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі падарылі дзецям вялікую колькасць прыгожых карцін і фотаздымкаў з дзіцячымі і казачнымі сюжэтамі. Трэба спадзявацца, што хутка ўсе яны знойдуць месца на адрэстаўраваных сценах раённай бальніцы.


Наступным наведаным аб’ектам стаў будынак кінатэатра “Юнацтва”.


Пабудаваны ён амаль 50 гадоў назад, таму і зразумела, што ўжо даўно наспела неабходнасць яго рамонту. Сёння тут вядуцца будаўнічыя работы, якія павінны скончыцца літаральна праз некалькі дзён. У хуткім часе ў будынку з’явяцца тры зоны – відэакафэ, малая зала на 20 месцаў і вялікая зала на 213 месцаў. Асаблівасцю яго рэканструкцыі з’яўляецца тое, што на будоўлі выкарыстоўваюцца матэрыялы беларускай вытворчасці. Нават крэслы для глядзельнай залы выраблены работнікамі выпраўленчай калоніі, але іх якасць не горшая за фабрычную мэблю, – у гэтым запэўніў журналістаў старшыня райвыканкама.
У планах кіраўніцтва райвыканкама ўзвядзенне шматфункцыянальнай пляцоўкі, на якой будуць праходзіць не толькі канцэрты зорак беларускай і мясцовай эстрады, але і дыскатэкі, выставы, раённыя і абласныя мерапрыемствы. І хаця пляцоўкі яшчэ няма. Пачатак мерапрыемствам быў пакладзены падчас раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажыначны сноп – 2012”.


Больш за ўсё ўразіла журналістаў Ваўкавыская дапаможная школа-інтэрнат.






Тут падчас навучальнага года вучацца і жывуць 115 вучняў, у школе арганізавана 17 класаў і 11 груп. Асаблівасцю школы з’яўляецца тое, што ўсе работы па яе добраўпарадкаванні праводзяцца гаспадарчым спосабам. У дзяцей ёсць магчымасць разам з вучобай атрымаць спецыяльнасць тынкоўшчыка, швачкі і майстра па азеляненні ці кветкавода.
Асаблівы гонар дырэктара – агароджа, якую рабяты са сваімі педагогамі ўстанавілі самі. З яшчэ большым гонарам Уладзімір Збігневіч Германовіч дэманструе класы, адрамантаваныя рукамі хлопчыкаў, і касцюмы, пашытыя дзяўчынкамі. Прыгажосць вакол школы падтрымліваецца рукамі кветкаводаў, у цяпліцах і цяпер збіраюць ураджай памідораў, перцу, салаты і зялёнай цыбулі.
Ужо шэсць гадоў школа-інтэрнат супрацоўнічае з італьянскай асацыяцыяй “Дапаможам нам жыць”. За сродкі, выдзеленыя гэтай арганізацыяй, была пабудавана школьная пральня, у якой устаноўлена сучаснае абсталяванне. Сёння ў школе ўсё робіцца для навучання і выхавання дзяцей, у якіх ёсць праблемы ў развіцці. І відаць, што ім сапраўды тут падабаецца.


Ваўкавыскі мясакамбінат стаў апошнім пунктам, які мелі магчымасць наведаць журналісты.


Сёння мясакамбінат – вядучае прадпрыемства рэспублікі, на якім выкарыстоўваюцца навейшыя тэхналогіі. Вараныя каўбасы, сасіскі, сыравэнджаныя і варанавэнджаныя каўбасы, пельмені, варэнікі, фаршы, катлеты… 158 найменняў прадукцыі сертыфіцыраваны, 104 – рэалізуюцца на расійскім рынку. У рэспубліцы адкрыта 12 фірменых магазінаў – праз іх рэалізуецца каля 35% выпускаемай прадукцыі.
На камбінаце працаўнікі, якія маюць патрэбу ў будаўніцтве жылля, могуць узяць беспрацэнтныя пазыкі. Ёсць на мясакамбінаце спартыўная зала, фізіятэрапеўтычны і стаматалагічны кабінеты, сталовая, дзе можна заказаць комплексны абед, арандаваны басейн, у які можа запісацца любы жадаючы работнік мясакамбіната.


Менавіта тут, у актавай зале прадпрыемства прайшла прэс-канферэнцыя са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам.


Сямён Барысавіч падрабязна ахарактарызаваў спецыфіку Ваўкавыскага раёна, а таксама спыніўся на праблемах, якія патрабуюць вырашэння ва ўсёй вобласці і адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся інвестыцыйнага клімату ў вобласці, інавацый у прамысловасць, развіцця сацыяльна-культурнай сферы і аховы здароўя, развіцця дарожнай сеткі, барацьбы з парушэннямі хуткаснага рэжыму, развіцця турызму.
Вялікую ўвагу пры размове з журналістамі ўдзяляў Сямён Барысавіч будаўніцтву ў вобласці малочна-таварных ферм. “Сёння мы будуем 59 новых малочна-таварных ферм. Да таго ж у кожнай гаспадарцы вядуцца работы па мадэрнізацыі старых. І работы па ўзвядзенні сучасных малочна-таварных ферм будуць працягвацца і надалей,” – падкрэсліў губернатар.
Падчас сустрэчы з журналістамі Сямён Барысавіч прывёў у прыклад маладых кіраўнікоў, якія плённа працуюць на прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы вобласці.


------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.