Встреча с председателем Островецкого райисполкома впредверии дня выборов

14:00 / 22.09.2012

Заўтра – асноўны дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А неўзабаве адбудуцца выбары ў верхнюю палату беларускага парламента – Савет Рэспублікі.
Дарэчы, нагадаем тым, хто не ведае ці забыўся: выбары сенатараў – членаў Савета Рэспублікі – адбываюцца не прамым тайным галасаваннем выбаршчыкаў, як дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Гэта значыць, што не варта заўтра шукаць у бюлетэнях прозвішча А.Д. Кавалькі, які вылучаны кандыдатам у члены Савета Рэспублікі. Па восем прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска ў верхнюю палату парламента выбіраюцца на сумесных пасяджэннях абласных выканаўчых камітэтаў і абласных Саветаў дэпутатаў.


Напярэдадні выбараў мы сустрэліся са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам, каб пацікавіцца яго адносінамі ды выбараў увогуле, да асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерыя Уладзіміравіча Кокаша. І тым, з якім настроем і планамі сам Адам Дзмітрыевіч удзельнічае ў перадвыбарнай кампаніі ў якасці кандыдата ў сенатары – з гэтага, дарэчы, і пачалася наша размова.
– Адам Дзмітрыевіч, ці даводзілася вам раней атрымліваць мандат кандыдата ў дэпутаты?
– Ведаеце, не. Да гэтага ўдзел у выбарах я прымаў толькі ў якасці выбаршчыка, ды яшчэ, працуючы ў органах дзяржаўнай улады, дапамагаў у арганізацыі выбарчага працэсу, калі ўзнікала такая неабходнасць. Але сам ніколі не балаціраваўся ні ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, ні ў парламент…
– І адразу – у сенатары, у верхнюю палату парламента… Як гаворыць у такіх выпадках моладзь – крута!
– Калі раённыя выканаўчыя камітэты і прэзідыумы раённых Саветаў дэпутатаў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў вылучылі мяне кандыдатам у члены Савета Рэспублікі – менавіта гэтым органам прадстаўнічай і выканаўчай улады на месцах дадзена гэтае права – у мяне былі пэўныя развагі. Сёння ў Астравецкім раёне ажыццяўляецца самы маштабны праект – пабудова першай у краіне атамнай электрастанцыі, і яго арганізацыя патрабуе шмат часу і сіл ад мясцовай улады і ад мяне, як яе кіраўніка. Практычна палова, а то і больш майго рабочага часу занята пытаннямі, непасрэдна звязанымі з узвядзеннем АЭС. Бо будаўніцтва станцыі – гэта адно, але ж спадарожна ўзнікае мноства пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння на ўзроўні кіраўніцтва раёна: узвядзенне горада энергетыкаў, стварэнне сацыяльнай інфраструктуры, рассяленне людзей, забеспячэнне іх неабходнымі ўмовамі для працы і адпачынку і іншае – усяго і не злічыць, кожны дзень падкідвае нейкія новыя праблемы.
Але, з іншага боку, з’яўляючыся членам Савета Рэспублікі, я змагу непасрэдна, на заканадаўчым узроўні ўплываць на ход падзей, па меры магчымасці садзейнічаць, каб увесь наш “паўночны вектар Гродзеншчыны” – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі раёны – атрымаў дадатковае развіццё. А магчымасці для гэтага з будаўніцтвам АЭС узнікаюць каласальныя, і не толькі для нашага раёна, а для ўсяго рэгіёна. Кожнае прадпрыемства – вытворчае, перапрацоўчае, сельскагаспадарчае, гандаль, сфера абслугоўвання, прыватны бізнес – з ажыццяўленнем гэтага маштабнага праекта атрымаюць новы імпульс для развіцця. І, калі мне будзе аказаны давер прадстаўляць наш паўночны рэгіён у верхняй палаце парламента, я пастараюся зрабіць усё магчымае, каб гэты дадатковы імпульс быў як мага больш магутным і падтрыманы на заканадаўчым узроўні. У гэтым і бачу сваю асноўную задачу.
– Многія, даведаўшыся аб вылучэнні вас у сенатары, цікавіліся, ці пакінеце вы пасля выбараў сваю сённяшнюю пасаду?
– Члены Савета Рэспублікі, у адрозненне ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, працуюць на невызваленай аснове. Таму я і надалей буду выконваць свае абавязкі старшыні Астравецкага райвыканкама.
– Заўтра – асноўны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пасля таго, Мікалай Міхайлавіч Уласевіч зняў сваю кандыдатуру, адзіным кандыдатам па Смаргонскай выбарчай акрузе №59, у склад якой уваходзіць і Астравецкі раён,застаўся Валерый Уладзіміравіч Кокаш. Што вы можаце сказаць пра гэтага чалавека? Ці зможа наш раён атрымаць належную падтрымку ў парламенце ў выпадку яго абрання дэпутатам?
– Я лічу памылковым, калі, выбіраючы дэпутата, нехта спрабуе наладзіць нейкі торг: вось ты, маўляў, зрабі нам тое і гэта, а тады мы цябе падтрымаем на выбарах. Няправільна гэта, і я ніколі не ставіў падобныя просьбы і задачы перад нашымі дэпутатамі. Асноўная задача члена парламента, на мой погляд, – ведаць і разумець інтарэсы і праблемы сваіх выбаршчыкаў, распрацоўваць і прымаць такія законы, каб гэтыя праблемы здымаліся не з дапамогай чыйгосьці ўмяшання, а заканадаўчым шляхам. Іншымі словамі, не латаць дзіравы дах ці “прабіваць” фінансаванне, а прымаць законы, у адпаведнасці з якімі гэтае самае фінансаванне “выбіваць” не спатрэбіцца.
А што тычыцца Валерыя Уладзіміравіча Кокаша, то я ўпэўнены, што ён гэтыя задачы і праблемы ведае і зробіць усё, каб дапамагчы ў іх вырашэнні. Ён дастаткова зрабіў і для нашага раёна, і для іншых рэгіёнаў вобласці, каб выбаршчыкі маглі пераканацца: чалавек гэта сур’ёзны, слоў на вецер не кідае, ведае жыццё не з вышыні кіраўнічых кабінетаў, а з самай што ні ёсць глыбінкі, і ён заслугоўвае таго, каб прадстаўляць наш раён у Палаце прадстаўнікоў. Валерый Уладзіміравіч больш за трыццаць гадоў жыў і працаваў на Астравеччыне. У свой час ён з’яўляўся намеснікам старшыні калгаса “Радзіма” па будаўніцтве – і менавіта ў тыя гады былі ўзведзены асноўныя вытворчыя памяшканні калгаса, якія і сёння паспяхова служаць цяпер ужо працаўнікам СВК “Гервяты”. А таксама – шматлікія аб’екты сацыяльнай сферы: жылыя дамы для калгаснікаў, адміністрацыйны будынак праўлення, Дом культуры. У многіх гаспадарках раёна ў той час фінансавае становішча было непараўнальна лепшым, але грошы мёртвым грузам ляжалі на банкаўскіх рахунках, а ўся калгасная вытворчая база і сацыяльная сфера знаходзілася ў прыстасаваных памяшканнях. А ў “Радзіме” будавалі – і гэтая палітыка ажыццяўлялася не без удзелу Валерыя Уладзіміравіча Кокаша. Ды і калектыў ДРБУ-159, які ён прыняў пазней, можна сказаць, “ляжачым”, затым перадаў свайму паслядоўніку адным з лепшых дарожна-будаўнічых упраўленняў вобласці. І на высокай пасадзе генеральнага дырэктара “Гроднааблдарбуда” Валерый Уладзіміравіч заўсёды клапаціўся пра справу – многія могуць быць яму ўдзячнымі за добрыя дарогі, і не толькі ў нашым раёне. Не без падтрымкі абласной арганізацыі ў Астравецкае ДРБУ-159 прыйшлі немалыя інвестыцыі, быў набыты і запушчаны ў работу новы асфальтава-бетонны завод, лінія па мыцці пяску, іншае самае сучаснае абсталяванне. Праведзены неабходныя даследаванні і адкрыты кар’еры па распрацоўцы месцанараджэнняў будаўнічых матэрыялаў, якія зараз выкарыстоўваюцца на будаўніцтве атамнай станцыі.
Так што асоба Валерыя Уладзіміравіча Кокаша, на мой погляд, ні ў каго не павінна выклікаць непрыняцця. І я ўпэўнены: у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў гэты мнагавопытны і энергічны чалавек зможа зрабіць шмат карыснага і патрэбнага і для Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, і для ўсёй вобласці і рэспублікі. Асабіста я без усякіх ваганняў аддам за яго свой голас – і лічу, што тое ж без сумнення можа зрабіць кожны жыхар раёна, які дбае пра будучыню свайго краю.
– Дзякуй за гутарку. І – поспехаў!


----------------------------------
Гутарыла Ніна РЫБІК.