Новый лидер Островецкого райкома БРСМ

10:30 / 31.08.2012

У раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі змяніўся лідар. Былы першы сакратар – няўрымслівая актывістка і аптымістка Марына Кутовіч змяніла сферу дзейнасці і працуе дырэктарам Астравецкай сярэдняй школы №1. Зараз выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ з’яўляецца Аксана ЛАЗАРАВА.


Аксана – карэнная астраўчанка, нарадзілася і вырасла ў райцэнтры. Жыццярадасная і актыўная, яна заўсёды была няўрымслівым удзельнікам, а часам – і ініцыятарам розных акцый і мерапрыемстваў. Таму назваць новага лідара маладзёжнага руху навічком у гэтай справе язык не паварочваецца.
А пачыналася ўсё са школы – Гудагайскай сярэдняй. Менавіта сюды накіравалі працаваць маладую настаўніцу пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Тут нядаўняя студэнтка Аксана пераўвасобілася ў педагога Аксану Паўлаўну, дэкламавала вучням вершы Пушкіна і Някрасава, тлумачыла сэнс твораў рускіх пісьменнікаў, вучыла правільна пісаць і валодаць “вялікім і магутным”. Настаўніца рускай мовы і літаратуры, яна хутка заваявала аўтарытэт у калег і вучняў. Але ж які настаўнік без грамадскай дзейнасці, правядзення розных мерапрыемстваў і акцый?! Так пачалося і яе цеснае супрацоўніцтва з БРСМ.
– Шчыра кажучы, пачалося ўсё з валанцёрства, – успамінае Аксана. – З дабрачыннага атрада БРСМ “Ветразь”, які я ўзначаліла пасля таго, як у 2009 годзе Алена Генрыхаўна Ярашэвіч пакінула школу. Разам з рабятамі-актывістамі мы праводзілі акцыі, мерапрыемствы, форумы. Часта яны самі прыходзілі да мяне са словамі: “Аксана Паўлаўна, а давайце…” Ну як тут можна адмовіцца? І пачыналася… (Смяецца). На самой справе заўсёды вельмі прыемна і лёгка працаваць з такімі адказнымі, актыўнымі і ідэйнымі рабятамі.
Дзеці, школьнікі, рабяты… Пры гэтых словах у Аксаны загараюцца вочы, і яна яшчэ больш ажыўляецца. Пра “сваіх дзяцей”, як яна іх ласкава называе, былая настаўніца можа расказваць бясконца. Дарэчы, са словам “былая” яна катэгарычна не згаджаецца.
– Былых настаўнікаў не бывае. Я так лічу – і ніхто мяне не пераўпэўніць. Калі, вядома, ты – сапраўдны настаўнік. Усё роўна ў сэрцы застаецца і працягвае жыць любоў да дзяцей. Гэта – як зерне, якое пасадзіў аднойчы, і яно працягвае расці і развівацца. На працягу двух апошніх гадоў я была класным кіраўніком. У мяне вельмі дружны, вясёлы і няўрымслівы клас. Кожны чалавечак у ім – гэта ўжо індывідуальнасць і асоба, няхай сабе пакуль і маленькая. І, нягледзячы ні на што, яны ўсё роўна будуць маімі дзецьмі, вучнямі, выпускнікамі. Для кожнага з іх у маім сэрцы засталося месца. Спадзяюся, і надалей буду падтрымліваць з імі адносіны. Гэта ж будучыя БРСМаўцы! Такім чынам, упэўнена, мы яшчэ папрацуем разам!
Планаў і ідэй у новага лідара маладзёжнага руху шмат. Аднак, каб не спалохаць удачу, расказваць пра іх падрабязна яна пакуль не хоча. Тым больш, што работы зараз і так хапае. Напрыклад, адразу ж давялося ўзяцца за маштабную і адказную справу – абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Валадар вёскі-2012” застаў Аксану амаль знянацку. Такім чынам, адразу ж прыйшлося з галавой акунуцца ў работу, і на працэс адаптацыі часу не засталося.
– Хлусіць не буду, самае цяжкае было – зрабіць выбар. Зразумела, я доўга думала, узважыла ўсе “за” і “супраць”… Па-мойму, любы выбар даецца нялёгка. І нават калі ён ужо зроблены, застаюцца сумненні – ці змагу, ці сумею, ці годная? З іншага боку, наперадзе невядомасць – новая і гэтым прыцягальная. Мне цікава на новым месцы. Гэта прастора, дзе можна ўвасобіць ідэі, планы, задумкі. Пакуль яшчэ рана гаварыць пра нешта, але буду старацца. Наогул, мне здаецца, што галоўнае для чалавека – гэта пакінуць пасля сябе след. Мне вельмі падабаюцца словы Леаніда Мартынава: “Скажи, какой ты след оставишь? След, чтоб вытерли паркет и посмотрели косо вслед? Или незримый, прочный след в чужой душе на много лет...”
І, гледзячы на задор і ўпэўненасць у вачах Аксаны, можна спадзявацца, што маладзёжны рух раёна знаходзіцца ў надзейных руках. А пакуль хочацца пажадаць ёй поспеху на новым месцы і ажыццяўлення творчых планаў.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.