День сельисполкома в Михалишках

15:49 / 04.07.2012

Чарговы дзень сельвыканкама  прайшоў у мінулы чацвер у  Міхалішкаўскім сельскім Савеце. Сустракаў кіраўніцтва райвыканкама, арганізацый і ўстаноў  раёна, старшынь сельвыканкамаў  старшыня Міхалішкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Генрык Іосіфавіч Часнойць. Узначалілі работу дня сельвыканкама старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч  Барташэвіч і намеснікі старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і Уладзіслаў Станіслававіч  Ластоўскі.


Знаёмства з інфраструктурай сельсавета пачалося з наведвання вузла сувязі, дзе ўдзельнікаў семінара сустракаў начальнік РВЭС М. У. Хіневіч. Міхаіл Уладзіслававіч расказаў, што на АТС працуе брыгада ў складзе шасці чалавек, якая абслугоўвае тры сельсаветы. АТС аснашчана сучасным абсталяваннем, што дало магчымасць забяспечыць усіх жадаючых паслугамі:  74 абаненты падключаны да хуткаснага інтэрнэту, 69 карыстаюцца паслугамі тэлебачання ZALA, 84 абаненты  атрымліваюць сумесныя паслугі. І ўсё гэтае сучаснае абсталяванне размешчана ў адным невялікім памяшканні.
Але, нягледзячы на тое, што цяпер ёсць магчымасць атрымліваць і пасылаць карэспандэнцыю праз электронныя сродкі сувязі, наведвальнікаў у мясцовым аддзяленні паштовай сувязі менш не стала. Гэта адчулі ўсе  падчас сустрэчы з супрацоўнікамі пошты. Тут можна не толькі падпісацца на газеты і часопісы, адправіць пісьмо ці грашовы перавод, але і набыць тавары народнага спажывання, аплаціць камунальныя паслугі, зняць грошы з банкаўскага рахунку з дапамогай пластыкавай картачкі. Прыемным момантам для работнікаў мясцовага аддзялення і жыхароў Міхалішак з’яўляецца тое, што на ліпень бягучага года тут запланаваны рамонт.


Пасля Міхалішак аўтобус з удзельнікамі дня сельвыканкама накіроўваецца ў Альхоўку. Тут запланавана паглядзець некалькі аб’ектаў. Спачатку – Альхоўскі дзіцячы сад. Першае ўражанне досыць станоўчае: навокал будынка – чысціня і парадак, акуратныя клумбы і горкі, дэкаратыўныя элементы. А яшчэ – сосны! Дзякуючы ім навакольнае паветра напоўнена здароўем і бадзёрасцю. Ля ўваходу нас сустракаюць хлопчык і дзяўчынка з хлебам-соллю ў руках і загадчыца Міраслава Чаславаўна Сінкевіч.
– Будынак садка адносна малады – пабудаваны ён у 1989 годзе. Сёлета яго наведваюць 57 дзяцей, прычым 31 дзіця падвозіцца з васьмі бліжэйшых населеных пунктаў, – расказвае загадчыца.
 Але ёсць у садку і шэраг праблем, якія агучыў начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка. Самая галоўная з іх – неабходнасць тэрміновага рамонту даху, які сёння каштуе немалых грошай. Па самых мінімальных затратах гэта будзе каштаваць  263 мільёны рублёў. Яшчэ прыблізна 150 мільёнаў неабходна патраціць на новыя  вокны, якія таксама не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
– Тэмпературны  рэжым у садку не адпавядае норме. Тэмпература зімой у памяшканнях садка не падымаецца вышэй за 14 градусаў.  Гэтае пытанне не раз падымалі бацькі, супрацоўнікі аддзела адукацыі і санстанцыі. Прычына не толькі ў вокнах, але і ў тым, што тут устаноўлены пласцінчатыя батарэі ацяплення, – адзначыў Віктар Збігневіч Свіла. – Сітуацыю трэба выпраўляць. Падчас дня сельвыканкама важна не столькі аб’ехаць запланаваныя аб’екты, паглядзець дзе і што зроблена, але і вырашыць праблемы, з якімі самой арганізацыі ці прадпрыемству справіцца  не па сілах.
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя недахопы, садок жыве, педагогі працуюць, выхоўваюць дзяцей.   Сёння тут гаспадарчым спосабам праводзіцца бягучы  рамонт.


Магазін Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства “Родны кут” размяшчаецца ў памяшканні, якое філіял арандуе ў кардоннай фабрыкі “Альхоўка”. У планах кіраўніцтва філіяла рамонт магазіна і замена ў ім гандлёвага абсталявання. Трэба спадзявацца, у хуткім часе магазін сустрэне сваіх пакупнікоў у новым выглядзе і з багатым асартыментам тавараў.


 


Адной з адметнасцей Альхоўкі з’яўляецца праваслаўная  царква, асвечаная ў верасні 2008 года. Пра гісторыю яе будаўніцтва расказаў намеснік старшыні прыхадскога савета. Царкву будавалі ўсім мірам – дапамагаў райвыканкам, грошы збіралі прыхаджане, значную дапамогу аказаў прадпрымальнік А.П. Скарга. У выніку прыхаджане маюць магчымасць узносіць малітвы ў сваім Божым доме.
 


Міхалішкаўскае лясніцтва, хоць і носіць такую назву, размешчана амаль побач з Альхоўкай. З 2006 года яго ўзначальвае Яўгеній Сяргеевіч Волкаў. Прыехаў сюды малады чалавек у 2003 годзе і, хоць  першае ўражанне было не з лепшых, вырашыў: жыць і працаваць  можна і трэба тут. І сёння ў лясніцтве  ўсюды – чысціня і парадак.
Адрэстаўраваны будынак, утульныя кабінеты, вакол – альпійскія горкі, кветнікі, дэкаратыўныя дрэўцы і кусты, з любоўю пасаджаныя супрацоўнікамі лясгаса. А побач – невялікі дэндрапарк з альтанкай, якая размясцілася амаль на беразе рэчкі. Умовам працы работнікаў лясніцтва можна толькі пазайздросціць. 
Пра работу лясніцтва расказаў не толькі ляснічы, але і ўдзельнікі школьнага лясніцтва “Жывіца”, створанага на базе Альхоўскай СШ.


Прыемнае ўражанне ад наведвання Міхалішкаўскага лясніцтва не пакідала яшчэ доўга. Гэтаксама як і ад касцёла Святога Міхаіла Архангела ў Міхалішках. Здаецца, ні сам будынак, ні тэрыторыя вакол яго нічым не выдзяляюцца, – затое ўнутраны інтэр’ер касцёла ўражвае багатым скульптурным убранствам   і непаўторнасцю!
Экскурсію па касцёле правёў пробашч Анатолій Захарэўскі, ён паведаміў цікавыя факты пра яго будаўніцтва, расказаў гісторыю абразоў і скульптур.


Міхалішкаўскі Дом культуры удзельнікаў дня сельвыканкама сустракаў песнямі ў выкананні лаўрэата абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, ансамбля народнай песні “Вілія”. Тут жа размясціліся выставы работ пажылых людзей – цудоўныя дываны-перабіранкі і вырабы з дрэва маладога майстра Пятра Цэйкі.



У гэтым жа будынку размясцілася  сельская бібліятэка – стэлажы з кнігамі, газетамі і часопісамі, камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, поўная база прававой інфармацыі – усё гэта прываблівае ў бібліятэку не толькі школьнікаў, але і студэнтаў, і дарослых жыхароў вёскі.


Ёсць у Міхалішках і комплексна-прыёмны пункт. Знаходзіцца ён у адным з будынкаў яшчэ даваеннай пары, але выглядае даволі прыстойна.  Ёсць месца для работы цырульніка, гэтыя паслугі  запатрабаваны ў насельніцтва. Аказваюцца тут і рытуальныя паслугі, праводзіцца  рамонт адзення і абутку, гандлююць  прадукцыяй уласнай вытворчасці. Словам, усё зроблена для камфорту людзей.


Адметныя Міхалішкі яшчэ і тым, што тут працуюць  два прыватныя магазіны. Адзін з іх – “Смак”, які належыць  прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству “Біваміт”,  адкрыўся ў вёсцы  тры гады назад.
– Заслуга Уладзіміра Леанардавіча Тамашэвіча ў тым, што тут не бывае прадуктаў са скончаным тэрмінам захоўвання, часта на тавары ёсць скідка – і людзі ідуць у магазін з задавальненнем, – расказвае старшыня сельвыканкама Генрык Іосіфавіч Часнойць.
Амаль побач з прыватным магазінам размясціліся прадуктовы і прамысловы магазіны спажыўкааперацыі.  Канкурэнтаў тут не баяцца –  наадварот, упэўнены, што гэта задае стымул рабоце.


Радуе старшыню сельвыканкама і жыхароў Міхалішак асартымент лекавых прэпаратаў, якія можна набыць у Міхалішкаўскай аптэцы, якую таксама наведалі ўдзельнікі дня сельвыканкама.


Апошнім аб’ектам у праграме семінара стала наведванне Міхалішкаўскай сярэдняй школы. Галоўнае для вучняў і настаўнікаў, канешне, вучоба. І разам з тым – не забываюць яны пра выхаванне, адпачынак і добраўпарадкаванне. Усё – на высокім узроўні. Ганарацца дзеці і педагогі  тым, што ўмеюць зарабляць грошы – за пяць месяцаў бягучага года ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана  больш за 18 мільёнаў рублёў.
У школе  прайшло падвядзенне вынікаў работы дня сельвыканкама. Генрык Іосіфавіч Часнойць расказаў пра дзейнасць прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на падпарадкаванай яму тэрыторыі, падрабязна прааналізаваў кожную галіну гаспадаркі, адзначыў станоўчыя моманты і недахопы.
Галоўны санітарны ўрач раёна Ганна Вітольдаўна Пашук спынілася на праблемах, што існуюць ва ўстановах сельсавета: патрабуе рамонту харчблок Альхоўскай школы, тэрмінова трэба вырашаць праблему  тэмпературнага рэжыму ў дзіцячым садку, ёсць пытанні па рабоце вентыляцыйнай сістэмы ў Міхалішкаўскай школе.
Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Іванавіч Салавей узняў пытанне ўстаноўкі ў вёсцы электрасірэны грамадзянскай абароны. Гэтае пытанне ўздымаецца з 2005 года, але сітуацыя не мяняецца. Ён яшчэ раз нагадаў старшыням сельвыканкамаў аб неабходнасці складання пашпартоў пажарнай бяспекі.
– Сапраўды, на пытанні, якія датычацца надзвычайных сітуацый, многія кіраўнікі чамусьці не звяртаюць увагі, – зазначыў  Віктар Збігневіч Свіла. – І гэта няправільна.
Начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна Аляксандр Барысавіч Кухараў узняў пытанне зносу нежылых дамоў у вёсцы Побалі.
Начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме Сяргей Віктаравіч Шэін звярнуў увагу на развіццё ў раёне агратурызму. Міхалішкаўскі сельскі Савет для развіцця агратурыстычнага бізнесу найлепш падыходзіць. Гэтаму спрыяе  яго месцазнаходжанне і прыродныя багацці. Але чамусьці справа з месца не рухаецца.
Старшыня сельвыканкама паабяцаў, што ў бліжэйшы час у Міхалішках гэтаму накірунку будзе нададзены новы штуршок – ёсць жаданне і магчымасці заняцца развіццём прыдарожнага сервісу і ў мясцовага сельгаскааператыва, і ў прадпрымальнікаў.
 Слова для выступлення было таксама прадастаўлена начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлане Мікалаеўне Івановай, намеснікам – начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Мікалаю Яраслававічу Халецкаму, начальніка аддзела культуры Марыне Канстанцінаўне Бабойць, дырэктара РУП ЖКГ Аляксандру Міхайлавічу Врублеўскаму.
Намеснік старшыні райвыканкама Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі выказаў некалькі  прапаноў па рабоце ў сельскім Савеце раённага філіяла абласной спажыўкааперацыі.
Напрыканцы пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч падзякаваў старшыням і спецыялістам сельвыканкамаў за падрыхтоўку і правядзенне  ваенных збораў, а таксама пажадаў, каб у наступны дзень сельвыканкама, які пройдзе ў Гервяцкім сельскім Савеце, усе службы былі гатовы адказаць на ўсе  пытанні, што тычацца іх дзейнасці.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.