Неделя postfactum: горячее политическое лето

14:19 / 28.06.2012

У мінулы панядзелак стала вядома, што чарговыя выбары ў беларускі парламент – Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – адбудуцца 23 верасня 2012 года. А гэта значыць, што ўсіх нас чакае гарачае палітычнае лета і яшчэ больш спякотная восень.


Абсалютная большасць партый ужо выказалі свае намеры адносна будучай палітычнай баталіі. Трэба заўважыць, што ў параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года яны не змяніліся.
Адны партыі зараней абвясцілі аб байкоце выбараў. Маўляў, фальсіфікацыя, прафанацыя і ўсё такое. Зручная пазіцыя, трэба прызнаць. Ёсць шанц не абганьбіцца, ды яшчэ і пры ўсіх сваіх пасадах і сродках застацца. А спрадвечную палітычную безгрунтоўнасць спісаць на фальсіфікацыю.
Другія прынялі рашэнне на выбары пайсці. Але і тут, па ўсім відаць, выбаршчыкаў будзе чакаць усё тая ж зашмальцаваная пласцінка з крытыкай усяго і ўся, да чаго мае хоць нейкае дачыненне ўлада, без  нейкіх уласных і  слушных, блізкіх і зразумелых народу ідэй і прапаноў.
Тактыка, трэба заўважыць, абсалютна бяздзейсная, што пацвярджаецца не толькі вынікамі шэрагу мінулых выбараў, а і шматлікімі, у тым ліку і “незалежнымі” сацыялагічнымі апытаннямі.
Аднак гэта чамусьці не перашкаджае амбіцыёзным палітычным “правадырам”, якія ўзначальваюць свае партыі дзесяцігоддзямі, раз-пораз наступаць на адны і тыя ж граблі,  ды яшчэ і заставацца на лідарскіх пазіцыях.
Аб стратэгічных памылках так званай беларускай апазіцыі – праўда, у кантэксце дзейнасці журналістаў з недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі – гаварыла на мінулым тыдні славенская журналістка Палёна Фрэліх падчас прэзентацыі ў Мінску зборніка “Беларусь у фокусе: вачамі міжнародных журналістаў”.
– Калі беларускія журналісты хочуць большага рэзанансу за мяжой, яны павінны шукаць больш станоўчых навін, – заўважыла спадарыня Фрэліх. – У журналістыцы намячаецца новы трэнд – на пазітыў. У Еўропе гэта адчуваецца – усе стаміліся ад крызісу. І ў Еўропе зараз пачынаюць думаць, што Беларусь – добрая мадэль сацыялістычнай дзяржавы: зарплаты маленькія, але яны ёсць. Есць праблемы, аднак узровень жыцця ў Беларусі вышэйшы, чым у Румыніі і Балгарыі, якія з’яўляюцца часткай Еўрапейскага саюза. Калі я ўпершыню прыехала сюды, вельмі здзівілася – не чакала сустрэць тут такіх людзей, не чакала, што Мінск – настолькі еўрапейскі горад.
Прыкра, аднак, што якраз дзякуючы дзейнасці нашай свабоднай прэсы і апазіцыйных палітыкаў у заходняй грамадскай свядомасці мэтанакіравана ўкараняецца міф аб Беларусі як аб нейкай сярэднявечнай дэспатыі  ў цэнтры цывілізаванай Еўропы.
Ці не для таго, каб гэты міф не быў адначасна разбураны, беларуская апазіцыя так рашуча і аднадушна намагаецца перашкодзіць правядзенню ў Беларусі першынства свету па хакеі? Зразумела ж, што на гэты грандыёзны спартыўны форум прыедуць сотні тысяч гасцей:  спартсменаў, балельшчыкаў, журналістаў з усяго свету, якія сутыкнуцца тут зусім не з тымі беларускімі рэаліямі, пра якія сёння ўзахлёб расказваюць на Захадзе.
Тамтэйшыя палітычныя мужы, дарэчы, працягваюць глядзець на Беларусь нібы праз таніраванае шкло, у якім усё бачыцца хмурным і цёмным.
Вось і на мінулым тыдні з Заходняй Еўропы прыйшло чарговае рэзюме аб стане правоў чалавека ў Беларусі, у якім “з глыбокім шкадаваннем” адзначаецца, што “сітуацыя стабільна пагаршаецца”.
Колькі ні намагаўся прымераць на сябе і сваіх знаёмых гэтую “адзежыну”, так і не здолеў. Не разумею, дзе, калі і наколькі мае правы “стабільна пагоршыліся”?
Гэтай жа думкі прытрымліваюцца на форумах і многія інтэрнэт-карыстальнікі, якія, назіраючы за шматлікімі разгонамі дэманстрацый, адзначылі “стабільнае паляпшэнне” становішча з правамі чалавека ў Еўропе.
А ўвогуле – быць сведкай абраз і ганьбавання сваёй краіны сваімі ж суайчыннікамі ўжо надакучыла ўсім.
Таму можна ўпэўнена прагназаваць, што  ісці з такімі ідэямі на выбары ў канечным выніку абыдзецца сабе даражэй.


Эдуард CВІРЫД.