Губернатор Гродненской области Семён Шапиро провёл пресс-конференцию в Островце

17:16 / 25.06.2012

Астравец аказаўся пад прыцэлам шматлікіх відэакамер і фотааб’ектываў – у наш раён з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці і ўласныя карэспандэнты цэнтральных газет і тэлеканалаў.
У гэты дзень у нашым раёне праводзілася прэс-канферэнцыя журналістаў са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам. А папярэднічала ёй знаёмства цікаўных прадстаўнікоў мас-медыя з нашым раёнам.


Праграма наведвання Астравецкага раёна журналістамі раённых, абласных і рэспубліканскіх СМІ была складзена грунтоўная – на Астравеччыне ёсць што паказаць і паглядзець. Але амаль з першых хвілін семінара стала зразумела, што выканаць яе практычна немагчыма – не дазволіць абмежаваны час. І адразу ж узнікла спрэчка паміж журналістамі: што можна абмінуць, а з чым пазнаёміцца абавязкова? У выніку арганізатары падпарадкаваліся патрабаванням найбольш настойлівых, пагадзіўшыся, што галоўная і самая цікавая на сённяшні дзень тэма на Астравеччыне – будаўніцтва атамнай электрастанцыі і ўсё, што з гэтым звязана.
Забягаючы наперад, можна сказаць, што найбольш засмуціла рэдактараў раённых газет, што не атрымалася – элементарна не хапіла часу! – наведаць Гервяты, чуткі пра незвычайную прыгажосць якіх і асабліва – касцёла Святой Тройцы – разнесліся далёка за межы не толькі раёна, але і вобласці. Гэтае задавальненне – гутарку з ксяндзом-пробашчам Леанідам Несцюком і цудоўны канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Андрэя Міхневіча – на зайздрасць усім астатнім атрымалі толькі ўласныя карэспандэнты цэнтральных выданняў.
Тым не менш, не “атамкай” адзінай… Сёе-тое журналісты паспелі пабачыць, і не толькі відэафільм пра Астравеччыну.
З райвыканкама ў інфармацыйны цэнтр Дырэкцыі будаўніцтва АЭС яны пайшлі цераз гарадскі сквер, дзе загадчыца цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава лаканічна, але маляўніча расказала пра тое, як з’явіліся ў горадзе арыгінальныя каменныя скульптуры – некаторыя з гасцей нават паспелі сфатаграфавацца з хлопчыкам-дубочкам, жанчынай-матыльком ці каменнай арфай.



Праходзячы міма раённага вузла паштовай сувязі, зазірнулі на яго ўнутраную тэрыторыю – і былі ўражаны той арыгінальнай прыгажосцю, што пануе  тут.  “А хто гэта ўсё прыдумаў?”, “Які дызайнер вам дапамагаў?” – засыпалі яны пытаннямі начальніка вузла Ірыну Эдуардаўну Тальчук – і крыху недаверліва ўспрымалі інфармацыю, што ўсё добраўпарадкаванне – праца рук супрацоўнікаў пошты, зроблена імі ва ўласны час і для ўласнага задавальнення, прычым без дадатковых матэрыяльных затрат.



Уразіла гасцей і астравецкая набярэжная, фантан, пешаходная зона…
У інфармацыйным цэнтры намеснік галоўнага інжынера дырэкцыі будаўніцтва АЭС Уладзімір Дзмітрыевіч Горын расказаў пра развіццё атамнай энергетыкі ў свеце, пра асаблівасці праекта першай беларускай АЭС, ступені яе абароны і  адказаў на ўсе пытанні зацікаўленых.
Нямала іх было і на піянернай базе, а таксама падчас наведвання першага і другога мікрараёнаў Астраўца, дзе разгортваецца будаўніцтва жылля і сацыяльнай інфраструктуры нашага горада. Тут вёў экскурсію, даваў тлумачэнні і, як заўсёды, падрабязна, аргументавана і дасціпна адказваў на шматлікія пытанні журналістаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
З-за цэйтноту госці не змаглі наведаць цэнтральную бальніцу – пра раённую медыцыну яны даведаліся з вуснаў галоўнага ўрача Валянціна Ігнатавіча Тачонага, а затым павіншавалі яго з надыходзячым Днём медыцынскага работніка і нядаўнім прысваеннем звання лепшага кіраўніка сацыяльнай сферы Гродзенскай вобласці.
Нікога не пакінула раўнадушным і наведванне фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, якая займаецца вырошчваннем мяса птушкі. І зноў – захапленне, змешанае з недаверам: што, і сапраўды гэтыя два мінчукі, Павел Юрмашаў і Леанід Навагран, былыя ваенны і інжынер-электроншчык, змаглі ў закінутым, занядбаным памяшканні без усялякай матэрыяльнай падтрымкі арганізаваць салідную вытворчасць такой “капрызнай” у вырошчванні птушкі, як індык, і дасягнуць такіх вынікаў? Адна з калег ці то жартам, ці ўсур’ёз уздыхнула: “Усё ў Астраўцы самае лепшае: тут і Гервяты, і індыкі, і каменныя скульптуры… Цяпер вось яшчэ – і атамная!”
Пляцоўка будаўніцтва атамнай электрастанцыі і падрыхтоўчыя работы, што з кожным днём разгортваюцца ўсё шырэй, нягледзячы на спорны дождж, які зусім негасцінна сустрэў візіцёраў, таксама апынуліся пад пільным прыцэлам дзясяткаў фота- і відэакамер: каму не хочацца мець у сваім архіве эксклюзіўныя кадры, зрабіць якія  неўзабаве будзе не так проста, як зараз: хутка тут з’явіцца агароджа, спецыяльная ахова, і трапіць на пляцоўку будзе не так лёгка…
На жаль, больш нічога з намечанага журналісты пабачыць не паспелі, хоць іх чакалі ў Гервяцкіх фізкультурна-аздараўленчым комплексе і сярэдняй школе, на калгасным млыне, дзе нядаўна адкрылася кафэ мясцовага кааператыва і, канешне ж, у касцёле Святой Тройцы… Але ў шэрагу гэтых цікавых і пазнавальных экскурсій сустрэча з губернатарам і магчымасць задаць кіраўніку вобласці хвалюючыя пытанні і пачуць адказы з першых вуснаў была прыярытэтнай…


Прэс-канферэнцыя з губернатарам пачалася крыху незвычайна – першае пытанне журналістам задаў сам Сямён Барысавіч:


– Ну, як вам спадабаўся самы малады горад вобласці?
І, выслухаўшы станоўчыя водгукі, выказаў сваё меркаванне пра наш горад і раён – якое, да слова сказаць, ніколі не хавае і часта паўтарае на падобных сустрэчах з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі:
– Я вам скажу, што ў многіх пытаннях гораду Гродна яшчэ трэба даганяць Астравец. Калі б у нас у кожным двары, у кожным мікрараёне, ля кожнай установы і арганізацыі быў такі парадак, як вы пабачылі ў Астраўцы, Гродна стаў бы самым прыгожым горадам вобласці. Калі б  у кожнай медыцынскай установе зрабілі тое, што з мінімальнымі затратамі выканаў у Астраўцы галоўны ўрач мясцовай бальніцы Тачоны – наша абласная ахова здароўя была б лепшай у рэспубліцы. Скажу шчыра: мне даводзілася быць у мінскіх бальніцах, і паверце – астравецкая ніколькі ім не саступае.
Звычайна, дзе б ні праводзіўся папярэднічаючы прэс-канферэнцыі семінар журналістаў, пытанні да губернатара выходзілі за межы наведаных мясцін і аб’ектаў, закраналі шырокія тэмы і праблемы жыцця вобласці і краіны ўвогуле. Падобна, што Астравеччына настолькі ўразіла журналістаў, што больш як двухгадзінная размова са старшынёй аблвыканкама так ці інакш зноў і зноў вярталася да нашага раёна. Прыводзячы прыклады з убачанага, карэспандэнты цікавіліся адносінамі губернатара да развіцця фермерскага руху, захавання гістарычнай спадчыны, мастацтва – у прыватнасці, таго, як прыцягнуць для работы на мясцовы імідж такіх таленавітых майстроў, што пакінулі свае скульптурныя работы  ў Астраўцы?
Але больш за ўсё пытанняў было пра развіццё Астраўца і раёна ў сувязі з будаўніцтвам на яго тэрыторыі атамнай электрастанцыі. Якія прэферэнцыі атрымаюць яго жыхары і прадпрыемствы, якую вытворчасць плануецца тут развіваць, якім стане горад праз дзясятак гадоў – гэта і многае іншае цікавіла журналістаў. Не дзіўна, што пры гэтым Сямён Барысавіч Шапіра часта звяртаўся да старшыні Астравецкага райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі з просьбай дапамагчы яму з адказам на многія пытанні – каму, як не кіраўніку раёна, лепш ведаць перспектывы развіцця рэгіёна, сённяшнюю і будучую сітуацыю з кадрамі, і не толькі для работы на атамнай электрастанцыі.
А закончылася сустрэча з кіраўніцтвам вобласці і раёна на прыемнай ноце: на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, яго намеснік Ігар Георгіевіч Жук, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька і начальнік упраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама Павел Канстанцінавіч Скрабко ўручылі ганаровыя дыпломы і прызы пераможцам і прызёрам абласнога спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў. Асабліва гарачымі апладысментамі землякі сустрэлі навіну, што лепшай раённай газетай Гродзенскай вобласці па выніках работы за 2011 год прызнана “Астравецкая праўда”. Да слова: многія з журналістаў, якія падымаліся ў той дзень на сцэну, прызнаваліся, што іх творчы шлях пачынаўся на астравецкай зямлі, што менавіта тут яны чэрпаюць сілы, ідэі і натхненне.
…Вось і не вер пасля ўсяго гэтага, што Астравец – свету пачатак!


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.