Как будут трудиться и отдыхать островецкие школьники?

10:14 / 28.05.2012

На «Прамую лінію» з начальнікам аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама В.В. Млечкам, якая прайшла 11 мая, паступіла ўсяго некалькі званкоў. Але ў журналіста таксама былі пытанні да кіраўніка раённай адукацыі


– Віктар Віктаравіч, з  якімі пытаннямі да вас часцей за ўсё звяртаюцца людзі?


– Большасць  пытанняў тычацца падвозу дзяцей. Наша тэхніка зношаная, многім аўтобусам па 8-10  гадоў, і, канешне, здараецца, што яны псуюцца, а хутка знайсці і аплаціць запчасткі не заўсёды атрымліваецца. Тады ўзнікаюць накладкі і, адпаведна,  пытанні бацькоў, якія скардзяцца на тое, што аўтобус спазніўся, ці, наадварот, прыехаў раней.


Пытанні таксама ўздымаюць бацькі, чые дзеці жадаюць паступіць у гімназію. Звяртаюцца і педагогі – іх у асноўным хвалююць пытанні стымулявання працы.


– Добры дзень! Хацелася б даведацца, ці ёсць у Астраўцы вакансія настаўніка гісторыі?


– У Астраўцы вольных месцаў для настаўніка гісторыі няма. Затое, калі ёсць жаданне, можна паехаць працаваць ў Варняны – там сёлета з”явіцца стаўка гісторыка. Самая вялікая праблема, што ў школах невялікая колькасць гадзін гісторыі – зыходзячы з гэтага, мы забяспечваем настаўнікаў, якія ўжо працуюць. Але педагогаў не хапае – нам патрэбны настаўнікі фізікі, матэматыкі, замежнай мовы – такіх спецыялістаў мы чакаем і забяспечым іх нагрузкай.


– Ці праўда, што сёлета закрываецца міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат? І калі гэта так, то што будзе з тымі школьнікамі, якія ўжо адзін год адвучыліся?


– Сапраўды, з 1 верасня бягучага года Варнянскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі  ліквідуецца. Але, каб задаволіць запыты вучняў і іх бацькоў, яшчэ год ён будзе існаваць як структурнае падраздзяленне Варнянскага НПК. Школьнікі, якія навучаліся  на вадзіцеляў катэгорыі “С” і трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”, давучацца і пры здачы экзаменаў у наступным вучэбным годзе атрымаюць адпаведныя пасведчанні. Прычынай ліквідацыі з’яўляецца нізкі ўзровень матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы і немэтазгоднасць укладання значных сродкаў для яе ўдасканалення.


Што тычыцца  іншых прафесій, якія дзеці атрымлівалі ў Варнянскім МВВК – прадаўцы, швачкі, цырульнікі,   арганізоўваць іх навучанне ў міжшкольным камбінаце немэтазгодна. Сёння створаны сучасныя матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія выпускаюць кваліфікаваных работнікаў гэтых прафесій. Шматузроўневая сістэма прафесійнай адукацыі створана ў спажыўкааперацыі. Гродзенскі гандлёвы, Маладзечанскі гандлёва-эканамічны, Баранавіцкі тэхналагічны каледжы, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі рыхтуюць спецыялістаў больш чым па 25 спецыяльнасцях на дзённай і завочнай формах навучання. Да таго ж выпускнікам школ штогод прапаноўваюцца мэтавыя накіраванні ў гэтыя навучальныя ўстановы. Дастаткова ў  Беларусі ўстаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў для бытавога абслугоўвання насельніцтва – цырульнікаў і швачак. Гэта Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №4, Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва і каледж лёгкай прамысловасці і шэраг іншых. Таму, калі ёсць жаданне, можна паступіць у спецыяльныя ўстановы і там атрымаць добрую адукацыю і прафесію.


– Якія летнікі будуць сёлета працаваць у раёне?  І колькі будзе каштаваць пуцёўка ў іх?


– Як і штогод,  у раёне будзе працаваць некалькі аздараўленчых летнікаў  – з дзённым і кругласутачным знаходжаннем дзяцей. У гарадскіх установах летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей будуць працаваць у дзве змены, у сельскіх – у адну. Усяго ў іх адпачне і аздаравіцца 485 дзяцей. Пры гімназіі №1, СШ №1 і Гудагайскай школе  будуць створаны летнікі працы і адпачынку – адпачыць і папрацаваць у  іх змогуць 75 школьнікаў. Аздараўленчы летнік “Алімпіёнік” сёлета размесціцца на базе Варнянскага НПК – тут адпачнуць  30 адораных школьнікаў з усяго раёна. У Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання будуць арганізаваны дзве змены летніка “Вясёлка” – у іх  правядуць частку летніх канікул 60 школьнікаў.  Будзе сёлета працаваць і дзіцячы аздараўленчы летнік “Ластаўка” – за чатыры змены ў ім адпачнуць 490 школьнікаў.


Кошт пуцёўкі ў летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей будзе вагацца ад 90 тысяч  да 144 тысяч 180 рублёў у залежнасці ад узросту вашага дзіцяці. Каб дзіця адпачыла ў “Алімпіёніку”, бацькам давядзецца заплаціць ад 387 да 414 тысяч беларускіх рублёў, за “Вясёлку” – 480-504 тысячы. Даражэй абыдзецца бацькам адпачынак дзяцей у “Ластаўцы” – ад 479 да 535 тысяч беларускіх рублёў. Абаронна-патрыятычная змена ў “Ластаўцы” будзе каштаваць 296 тысяч рублёў.


– Як вядзецца прыём у дашкольныя дзіцячыя ўстановы?


– Гэта таксама адно з актуальных пытанняў, адказ на якое ў мінулым годзе ўжо друкаваўся на старонках раённай газеты. І ўсё ж паўтаруся: прыём дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца на працягу каляндарнага года пры наяўнасці ў іх свабодных месцаў. Згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь у дашкольныя дзіцячыя ўстановы прымаюцца дзеці, якія пастаянна жывуць у Беларусі, незалежна ад месца жыхарства і грамадзянства. Каб стаць на ўлік, бацькам неабходна звярнуцца ў аддзел адукацыі – зрабіць гэта лепш за ўсё адразу пасля нараджэння дзіцяці. Пры пастаноўцы на ўлік неабходна прадаставіць копію пашпарта аднаго з бацькоў і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.


Цяпер існуе пэўная праблема ўладкавання дзяцей дашкольнага ўзросту ў дашкольныя ўстановы г. Астраўца. Але мы адкрываем пры дзіцячых садках для дзяцей ранняга ўзросту, якія не наведваюць яго,  адаптацыйныя групы. Адна з такіх, “Малышкіна школа”, функцыянуе на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1. На платнай аснове без арганізацыі харчавання два разы на тыдзень па дзве гадзіны дзеці праводзяць у садку. З імі займаюцца выхавальнікі, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізвыхавання, настаўнікі-дэфектолагі, псіхолагі. Сёлета гэтая група карысталася вялікай папулярнасцю, таму ў наступным годзе яе работа будзе прадаўжацца.


– Ходзяць чуткі, што ў школах уводзіцца трэці абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове.


– Сапраўды. Толькі не сёлета, а ў наступным годзе выпускнікі 11 класаў будуць здаваць абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове. Экзамен будзе складацца з трох відаў работ: прачытаць тэкст і адказаць па ім на пытанні, праслухаць тэкст  і выкананаць тэставыя заданні да яго, паразважаць па прапанаванай праблемнай сітуацыі. Усе заданні будуць падрыхтаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь – плануецца, што зборнік экзаменацыйных матэрыялаў па замежнай мове выйдзе ў верасні бягучага года. Методыка правядзення экзамена пакуль што не агаворана, але ўжо вядома, што вучань мае права выбіраць, з чаго ён будзе пачынаць здачу экзамена.



На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.