Андрей Янчевский рассказывает о перспективах развития Островецкого района

15:29 / 22.05.2012
Кароткая даведка:

А.У. Янчэўскі нарадзіўся ў 1980 годзе ў Астраўцы. Атэстат сталасці атрымаў у Астравецкай сярэдняй школе №1. У 2002 годзе закончыў агранамічны факультэт Гродзенскага  аграрнага ўніверсітэта. Працаваў у СВК імя Гашкевіча. У лістападзе 2004 года ўзначаліў СВК “Полацкі Тракт”, з сакавіка 2008 года – старшыня праўлення СВК “Гервяты”. 20 сакавіка 2012 года быў прызначаны на пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.



Жанаты. Выхоўвае дачку і сына.


–Андрэй Уладзіслававіч, вы – карэнны астраўчанін, жыццё якога праходзіць на вачах вашых землякоў. Таму прапаную першае інтэрв’ю на пасадзе начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання не зводзіць да нюансаў вашай біяграфіі, а прысвяціць больш шырокай тэматыцы…


–Нічога не маю супраць.


–Тады пачнём без прадмовы. Дайце, калі ласка, ацэнку стану, у якім, на вашу думку, сёння знаходзіцца сельская гаспадарка раёна.


–Лічу, што шляхам планамернага аб’яднання гаспадарак раённая аграрная галіна пераведзена ў ранг буйна-таварнай вытворчасці. Доказам таму, да прыкладу, з’яўляецца выручка, якая за месяц складае ад трох мільярдаў рублёў у СВК “Міхалішкі” да васьмі – у СВК “Варняны”. Памер грашовага абароту вызначае магчымасці гаспадарак, якія сёння могуць дазволіць сабе і будаўніцтва, і перааснашчэнне асноўных фондаў… Уласна кажучы, менавіта для гэтай мэты і праводзілася аб’яднанне.


–Але ва ўзбуйненні гаспадарак ёсць і свае мінусы…


–Безумоўна. Галоўны – гэта цяжкасць кіравання імі. Але якраз тут і спрацоўвае фактар адпаведнасці займаемай пасадзе кіраўніка гаспадаркі, яго ўменне стварыць дзейсную каманду. Старшыня праўлення СВК або дырэктар саўгаса не павінен штодня бываць на кожнай ферме ці на палях, на якіх ідуць работы – у яго іншыя абавязкі. Для непасрэднага кіравання вытворчым працэсам у гаспадарках ёсць спецыялісты вышэйшага і сярэдняга звяна. Талент кіраўніка якраз і заключаецца ва ўменні аб’яднаць вакол сябе зацікаўленых людзей і задаваць калектыву генеральны накірунак руху.


–Тады дазвольце задаць не зусім карэктнае пытанне: наколькі сённяшнія кіраўнікі гаспадарак адпавядаюць вызначаным вамі крытэрыям? І ці ўсім з іх удалося стварыць вакол сябе каманду аднадумцаў?


–Адпавядаюць. Вось толькі з кожным годам ім усё цяжэй сабраць  баяздольную каманду. Праца чамусьці перастае быць галоўным аспектам самарэалізацыі людзей. У сучасных маладых спецыялістаў, што прыходзяць у гаспадаркі, адсутнічае тая, на ўзроўні фанатызму, зацікаўленасць сваёй справай, якая была ўласціва іх папярэднікам. Калі, да прыкладу, аграном, не задумваючыся, ахвяраваў сваім абедам – куды больш важным для яго было настроіць сеялку ці праверыць вільготнасць збожжа на перадуборачным полі. Калі людзі забывалі і пра выхадны, і пра адпачынак… Яшчэ дзесяць гадоў таму большасці маладых спецыялістаў і ў галаву не прыходзіла, уладкоўваючыся на працу, спытацца пра памер зарплаты… Не, цяпер і мы пра гэта пытаемся – час навучыў. І выхадны ў людзей, канешне ж, мусіць быць… Але ўсё ж сапраўдны спецыяліст павінен “хварэць” за даручаную яму справу, інакш толку ад яго будзе няшмат.


–Андрэй Уладзіслававіч, якая, на ваш погляд, будучыня чакае беларускую сельскую гаспадарку?


–Думаю, будучыня за прыватнай формай гаспадарання – толькі так можна дасягнуць высокіх рубяжоў. А рэгулятар  адносін паміж прыватнымі вытворцамі – свабодны рынак.


–Але, як кажуць старыя людзі, з зямлі моцна не разжывешся. І з гэтым цяжка паспрачацца – сельская гаспадарка ўсіх без выключэння краін датуецца з дзяржаўнай казны…


–А вы азірніцеся навокал… Наш аграбізнесмэн Юрмашаў не стаіць з працягнутай рукой у чаканні дзяржаўных датацый. Дакладны бізнес-план і ўменне “трымаць нос па ветры” дазваляе яму і без датацый цвёрда стаяць на нагах. Яго не стрымлівае даведзены “зверху” план – Юрмашаў сам выбірае свой шлях развіцця. Пралічыў, што рэалізоўваць птушку жывой вагой нявыгадна – і пабудаваў забойны цэх. Пастаянна эксперыментуе з відамі птушкі, шукае рынкі збыту. Да сваёй справы Юрмашаў падыходзіць творча, таму і вынік атрымліваецца станоўчы. Падобных вышынь можа дасягнуць не кожны. Тут трэба знайсці сваю нішу і працаваць з розумам і з поўнай аддачай справе.


–У такім разе, чаму мы да гэтага часу не ў “свабодным плаванні” па рынку?


–Не ўсё так проста. Адпусці сёння гаспадаркі ў рынак – што атрымаецца? Нямногія з іх змогуць захаваць сваю тоеснасць і развівацца далей. Большасць (70-80 працэнтаў) будзе проста раскрадзена. Людзі вёскі застануцца без працы, а значыць, і без сродкаў існавання. Пераход у рыначную эканоміку павінен быць плаўным. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы трэба акцыяніраваць і шукаць інвестараў. Хоць прызнаюся чэсна: калі я ўзначальваў гаспадарку, мне зусім не хацелася мець вакол сябе цеснае кола акцыянераў, якія перашкаджалі б дзейнічаць, з якімі трэба было б узгадняць кожнае рашэнне, якія непазбежна стрымлівалі б тэмпы развіцця…


–Палохае прыклад Літвы з яе руінамі на месцы былых ферм і спустошанымі палямі?


–Так было на першым этапе пераводу літоўскай сельскай гаспадаркі на рыначную арыентацыю. Сёння аграрная галіна Літвы адназначна моцная. Яна набыла форму бізнесу – фермер сам вырашае, чым яму займацца. Найчасцей вырошчваюць рапс, пшаніцу і кармы для жывёлы.


Дарэчы, наконт кармоў… Гадоў на 5-7 раней, чым мы, літоўцы пачалі нарыхтоўваць рулонны корм, агорнуты плёнкай. Белыя “катышкі” пры гэтым застаюцца ляжаць на полі і выкарыстоўваюцца па меры неабходнасці. Хіба ў нас такое магчыма? У нас рулоны трэба абавязкова звезці на фермы, а  тое, што плёнка пры гэтым часцей за ўсё пашкоджваецца, – не бярэцца пад увагу… Дарэчы, па прынцыпе аграбізнесу працуе і расійская сельская гаспадарка. Адзін з маіх сяброў працаваў  у такой гаспадарцы, якая мае 8 тысяч гектараў ворыва і ўласны спіртзавод. Вырашчанае збожжа ідзе на вытворчасць гарэлкі, а адходы – на корм жывёле. Уяўляеце, якая там рэнтабельнасць? А якая заработная плата?


–Яшчэ не так даўно было модна замацоўваць гаспадаркі за прадпрыемствамі і ўстановамі – сёння гэты сімбіёз аграрнай вытворчасці і “гарадскіх” грошай ужо не дзейнічае?


–Дзейнічае, але часцей за ўсё не вельмі вынікова. Толькі гаспадаркі, якім пашанцавала знайсці багатага спонсара, атрымліваюць матэрыяльную падтрымку – большасць жа “шэфаў” падтрымліваюць сваіх падшэфных толькі маральна.


–Андрэй Уладзіслававіч, у вас ніколі не ўзнікала ідэі самому стварыць аграфірму?


–Узнікала. Калі СВК “Полацкі Тракт” далучылі да “Варнян”, я меў намер заняцца аграбізнесам – хацеў узяць у арэнду тагачасны стратны СВК “Дайлідкі”. Але кіраўніцтва раёна прапанавала ўзначаліць СВК “Гервяты”, і я прыняў прапанову. Тым не менш сама ідэя да гэтага часу жывая…


–Якія накірункі вытворчасці ў сельскай гаспадарцы самыя выгадныя сёння?


–У жывёлагадоўлі на першым месцы, без сумнення, знаходзіцца мясное птушкаводства. Далей – вытворчасць малака, на трэцім месцы – свінагадоўля. Падцягваецца ў гэтым сэнсе і вытворчасць ялавічыны, рэнтабельнасць якой шмат гадоў была са знакам “мінус”. Сёння за прада-дзенага быка можна атрымаць каля 12 мільёнаў рублёў, а гэта, згадзіцеся, адчувальная сума. Да прыкладу, СВК “Гервяты” кожны месяц рэалізоўвае чатыры “жывёлавозы” быкоў і 1-2 – выбракаваных кароў і цялушак. Кожны такі “жывёлавоз” каштуе 350-400 мільёнаў рублёў… І цялушкамі выгадна займацца – багатыя гаспадаркі гатовы за кожную галаву заплаціць па 50 мільёнаў рублёў! У раслінаводстве выгадна вырошчваць цукровыя буракі, пшаніцу, рапс… Толькі трэба мець на ўвазе, што рэальныя поспехі сельскагаспадарчай вытворчасці даўно перасталі вымярацца рэкорднымі ўраджаямі або надоямі. Я не кажу, што не трэба імкнуцца да рэкордаў – трэба, але не любой цаной. Мэтазгоднасць дзейнасці павінна вымярацца даходамі, якія яна прыносіць. А яшчэ – заработнай платай занятых у гэтай дзейнасці людзей.


–Як вы ставіцеся да фабрык па вытворчасці малака, якімі, па сутнасці, з’яўляюцца сучасныя малочна-таварныя комплексы? Якую ферму вы лічыце ідэальнай для малочнай жывёлагадоўлі?


–Фермы-гіганты прыдумалі амерыканцы. На такіх комплексах прадугледжана ўсё, каб “выціснуць” малако па максімуму. Каровы ў такіх “фабрычных” умовах вытрымліваюць 2-3 лактацыі, не больш. А да таго, як цялушка стане каровай і дасць свой першы надой, яе трэба два гады песціць. Таму мы ставім задачу перад жывёлаводамі раёна, каб каровы выкарыстоўваліся па 5-6 лактацый. А для гэтага рагулям патрэбна невялікая ферма – да двухсот галоў. З беспрывязным утрыманнем. З выганкай на пашу. І да кожнай каровы – індывідуальны падыход. Каб яна адчувала сябе, як у санаторыі. Вось тады будуць і высокія надоі, і тэрмін эфектыўнага выкарыстання жывёлы значна расцягнецца. А малочна-таварныя комплексы лепш выкарыстоўваць для раздою ў першую і другую лактацыі. Далей кароў неабходна пераводзіць на невялікія фермы.


–Вы бывалі ў многіх краінах, пазнаёміліся з рознымі спосабамі вядзення сельскай гаспадаркі, палюбаваліся пародзістай жывёлай… Як, дарэчы, выглядаюць каровы-рэкардсменкі і чаго не хапае нашым, каб дасягнуць еўрапейскага ўзроўню надояў?


–Мы адбіраем кароў па вазе, а за мяжой іх адбіраюць па вышыні ў холцы. Лічаць: чым вышэй рост, тым больш мяса, а ў канчатковым выніку –  надоі. Добрыя каровы выглядаюць не вельмі прывабна – высокія, касцістыя, з непамерна раздутым вымем. Нашы куды больш прыгожыя – гладкія, круглыя… Толькі, як у вядомым мульціку: “но молока не видали пока…” Утрырую, канешне, – малако ёсць. І неблагое. Сёння ў сярэднім па раёне доім 16,9 кілаграма на карову, а ў СВК “Гервяты” – наогул па 18,5 кілаграма. Але да еўрапейскага ўзроўню  нам далекавата… Тым не менш, напрыклад, СВК “Гудагай” рэалізоўвае кожны дзень па 32 тоны малака, а гэта – 105 мільёнаў рублёў. За месяц – каля трох мільярдаў. Некалі выручкі ад продажу малака не хапала на выплату зарплаты. Цяпер той жа “Гудагай” атрымлівае за малако каля трох мільярадаў рублёў, а на зарплату траціць толькі 1,8. Вывад?


–Трэба павысіць заработную плату?


–Абавязкова. Калі вясковец добра працуе, яго праца павінна аплачвацца адэкватна.


–– Акрамя невысокай зарплаты, у земляроба ёсць яшчэ адна праблема... Большасць механізатараў і вадзіцеляў з ранняй вясны і да позняй восені працуюць без выхадных. Спецыялісты, дарэчы, таксама…


– Што тычыцца механізатараў, то палітыку земляробчых кампаній у кожнай канкрэтнай гаспадарцы вызначаюць 5-10 талковых работнікаў. Касцяк, так бы мовіць. Гэта людзі, якія працуюць на энергаёмістай тэхніцы і выконваюць асноўны аб’ём усіх палявых работ. З асабістага вопыту ведаю: ніякіх нараканняў на пастаянную занятасць яны не выказваюць. Таму што зарабляюць прыстойныя грошы – з красавіка па верасень кожны з такіх механізатараў атрымлівае ад чатырох да дзесяці мільёнаў рублёў у месяц. Гэтыя работнікі ў сезон – сапраўды незаменныя. Астатнія ж, думаю, пры правільнай арганізацыі працы могуць мець выхадны дзень.


–З нагоды названых вамі 4-10 мільёнаў… Канешне, механізатары – людзі незаменныя, але не можа не кінуцца ў вока пэўная недарэчнасць: зарплата старшыні гаспадаркі ўдвая меншая, чым у трактарыста. Хіба гэта нармальна? Урэшце рэшт, старшыня можа стаць добрым механізатарам, а вось наадварот – атрымаецца наўрад ці…


–Згодзен з вамі. Пакуль “мазгі” ў нас не асабліва цэняцца. Таму і “адток” іх павялічваецца. Думаю, гэта часовая з’ява – сітуацыя павінна выправіцца.


–Не магу абысці маўчаннем яшчэ адну праблему, якая наспявае ў раёне ў сувязі з будаўніцтвам АЭС – многія талковыя работнікі могуць спакусіцца “доўгім” атамным рублём. Якія меры будуць прымацца для таго, каб людзі заставаліся на сваіх працоўных месцах?


–Існуюць два шляхі вырашэння гэтай праблемы. Першы - адміністрацыйны: забараніць браць мясцовых работнікаў на будаўніцтва АЭС. Але не цяжка здагадацца: такая мера будзе непапулярнай і выкліча ў людзей крыўду і агрэсію. Думаю, для таго, каб людзі не ўцякалі, трэба стварыць ім добрыя ўмовы працы: даць той жа выхадны дзень, нармальную зарплату, натураплату, жыллём з выгодамі забяспечыць…


–Андрэй Уладзіслававіч, якія якасці чалавека найбольш каштоўныя для вас? Пры падборы, да прыкладу, той жа “каманды”...


–Прафесіяналізм і прыстойнасць. У любой сітуацыі чалавек перш за ўсё павінен заставацца чалавекам. На дух не пераношу сволач. Не паважаю (гэта мякка кажучы) “стукачоў” і падхалімаў, якіх, дарэчы, вакол кіраўнікоў заўсёды круціцца нямала.


–У стасунках са сваёй камандай вы – хто?


–Г-мм… Не дэмакрат – не буду хлусіць. Хутчэй ліберал. Прынамсі, я ўмею паважаць думку іншых. У “Гервятах”, калі ўзнікала нейкая вытворчая галаваломка, мы збіраліся разам і ўстройвалі “мазгавы штурм” (так гэта ў нас называлася). Кожны са спецыялістаў распавядаў пра сваё бачанне рашэння праблемы, а канчатковае часцей за ўсё нараджалася сумеснымі намаганнямі.


–Як вы ставіцеся да “гарадской” з’явы на вёсцы – людзі адмаўляюцца трымаць падсобную гаспадарку? За малаком, маслам і іншымі спрадвеку “сваімі” прадуктамі яны сталі хадзіць у магазін.


–Гэта нармальная тэндэнцыя. Трымаць тую ж карову становіцца няпроста. Механізатар ад цямна да цямна ў полі, яго жонка – таксама на працы. А карове патрэбен пастаянны догляд: выгнаць на пашу, сустрэць, падаіць, пакарміць, папаіць… Прыватная гаспадарка доўгі час была моцным падспор’ем у сямейным бюджэце. Сёння, калі чалавек атрымлівае нармальную зарплату, ён можа дазволіць сабе адпачыць пасля работы.


–Якая жыўнасць водзіцца на вашым асабістым падворку?


–Кролікі, куры, перапёлкі, кот і тры сабакі.


–Ажно тры?


–Так, два англійскія спаніэлі (жонка займаецца іх развядзеннем) і Жорык з Вароны. “Дваранін” Жорык, канешне, нам без патрэбы, але не выкідваць жа жывёліну – мы ў адказе за тых, каго прыручылі…


–Як вы адпачываеце?


–Люблю актыўны адпачынак: рыбалку, паляванне. Гуляю ў валейбол. І вельмі падабаецца боўлінг.


–Але ж пры вашай вялікай прафесійнай нагрузцы яшчэ і адпачынак за межамі дома – як ставіццца да гэтага сям’я?


–Жонка, канешне, часам злуецца. Затое як радуюцца дзеці, калі я вяртаюся раней з працы! “Ура! – крычаць. – Тата сёння з намі!” (смяецца).


–Калі б у вас была магчымасць і грошы памяняць месца жыхарства, якую б краіну вы выбралі для сябе і сваёй сям’і?


–Цяжка нават адказаць вось так, з лёту… Мне давялося пабываць у Польшчы, Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі, Расіі, Прыбалтыцы – усюды прыгожа, цікава… Але ж тут, у Беларусі, у мяне сябры, родныя… Тут усё маё, блізкае і сугучнае – нават у Мінску мне няўтульна – навокал асфальт, смурод ад выхлапных газаў. А тут, на Астравеччыне, рапс цвіце, чаромхай пахне… Не, мне падабаецца мая радзіма. А ў іншыя краіны лепш ладзіць падарожжы.


–І апошняе пытанне, не задаць якое не магу. Вы былі паспяховым кіраўніком гаспадаркі, якая цвёрда стаіць на нагах… Практыкам, так бы мовіць. І раптам пераселі ў больш тэарэтычнае крэсла. Як вы патлумачыце сваё рашэнне?


–У СВК “Гервяты” я адпрацаваў чатыры гады. Спачатку было вельмі складана. А потым нам удалося паставіць вытворчасць на накатаныя рэйкі. Не магу сказаць, што ўсё атрымалася ідэальна   гладка – было, ёсць і заўсёды будзе да чаго імкнуцца. Але ў нейкі момант прыйшло ўсведамленне, што жыццё стала занадта спакойным. І я вырашыў яго памяняць. Зацікавіла магчымасць непасрэднага ўплыву на, так бы мовіць, стратэгічныя рашэнні. І ведаеце, я нават не ўяўляў што тут, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, настолькі шмат  працы. З боку ўяўлялася зусім іншая, куды больш прывабная карціна. Насамрэч даводзіцца цягнуць вельмі салідны воз. Нічога, я прывычны, і сілы пакуль не падводзяць.



Гутарыла Ганна ЧАКУР.