Перад арганізацыямі Астравецкага раёна пастаўлены канкрэтныя задачы

07:26 / 30.04.2012

На мінулым тыдні прайшло чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў, работу якога ўзначалілі старшыня гэтага грамадскага аб’яднання Ірына Эдуардаўна Тальчук і старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Яго адметнасцю стала тое, што ўпершыню на агульную размову былі запрошаны кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – ужо неаднойчы ўносілася прапанова, каб уключыць іх у склад савета кіраўнікоў. Мінулае пасяджэнне можна лічыць першым рэальным крокам да яе ажыццяўлення.


Асноўным пытаннем, якое разглядалася, стаў аналіз выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал гэтага года – з інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі.
Уладзіслаў Станіслававіч расказаў прысутным, што па выніках трох месяцаў тэмп росту прамысловай вытворчасці ў супастаўных цэнах склаў 109,1 працэнта пры гадавым заданні 109 працэнтаў. Зададзены тэмп росту выканалі ўсе прадпрыемствы: на кардоннай фабрыцы “Альхоўка” ён склаў 110,3 працэнта пры заданні 105, на заводзе “Радыёдэталь” – 114 пры заданні 109, Астравецкім УКПБА – 120,2 працэнта пры заданні 110, у РУП ЖКГ – 106,7 працэнта пры заданні 105,5.
Выкананы і паказчык па энерга-зберажэнні – ён склаў мінус 3,5 працэнта пры заданні мінус 1 працэнт.
У цэлым па раёне не выкананы тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал – ён склаў 89 працэнтаў пры гадавым прагнозе 104. Але гэта адбылося з-за невыканання тэмпу росту інвестыцый па прадпрыемствах рэспубліканскага падпарадкавання – на прадпрыемствах камунальнага падпарадкавання ён склаў 110,3 працэнта пры прагнозе 105.
У поўным аб’ёме выкананы прагнозныя паказчыкі па знешнім гандлі таварамі і паслугамі.
Выконваецца і прагнозны паказчык па рознічным тавараабароце – тэмп росту яго за тры першыя месяцы года склаў 106,4 працэнта ў супастаўных цэнах пры гадавым прагнозе 105 працэнтаў, у грамадскім харчаванні – 124,1 працэнта. Тэмп росту аб’ёмаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 108,6 працэнта – у абсалютных лічбах гэта складае 32,9 мільярда рублёў, пры гадавым прагнозе 107,5 працэнта. Рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы за гэты перыяд склаў 112,4 працэнта пры прагнозе 114-114,5 працэнта.
Намінальная налічаная заработная плата за студзень-люты бягучага года склала 2173,5 тысячы рублёў пра заданні 2138 тысяч. Але пры гэтым Уладзіслаў Станіслававіч адзначыў, што ніжэй агульнараённай і прагнознай заработная плата пакуль на заводзе “Радыёдэталь” – 1923,6 тысячы рублёў, камбінаце бытавога абслугоўвання – 1096, прадпрыемстве меліярацыйных сістэм – 1702,3, у сельгастэхніцы – 1764,5, раённым вузле паштовай сувязі – 1508,4, ДРБУ-159 – 1971,3, райпалівазбыце – 1826,9, райспажыўтаварыстве – 1630,1, РУП ЖКХ – 1842,6 тысячы рублёў.
Падводзячы вынікі работы пасяджэння савета кіраўнікоў, Адам Дзмітрыевіч Кавалька адзначыў, што нядрэнныя тэмпы росту нікога не павінны расслабляць. Кожнаму кіраўніку патрэбна думаць пра будучыню, дбаць пра перспектыву, бо калі не паклапаціцца пра гэта сёння, заўтра можа быць позна.
– Нас само жыццё прымусіць жыць і працаваць у належным тэмпе, – сказаў Адам Дзмітрыевіч. – Толькі лайдакі сёння могуць скардзіцца на адсутнасць сродкаў для паспяховай работы.
І нагадаў, як яшчэ не так даўно лясгас пілавінне і адходы дрэваапрацоўкі вывозіў на смеццезвалку – сёння прадпрыемства на гэтым зарабляе немалыя грошы, прычым у валюце. Так павінны працаваць і іншыя.
Значная ўвага на пасяджэнні савета кіраўнікоў традыцыйна была нададзена і пытанням навядзення парадку – на зямлі, на адміністрацыйных тэрыторыях прадпрыемстваў і вакол іх.
– Пакуль што ў нас у адносным парадку знаходзіцца толькі цэнтр горада, –зазначыў старшыня райвыканкама. – Усім трэба ўсур’ёз брацца за справу. Сорамна, што на фермах часам нашмат чысцей і прыгажэй, чым ля некаторых гарадскіх прадпрыемстваў. У нездвальняючым стане знаходзяцца прыдарожныя палосы – імі тэрмінова трэба заняцца дарожнікам і транспартнікам. У лясгаса шмат абавязкаў па прывядзенні ў парадак прыдарожных лясоў. Хопіць работы і меліяратарам. Сельвыканкамы павінны паклапаціцца пра знос закінутых хутароў: вядома, пры захаванні ўсіх юрыдычных норм, плямы былых сядзіб, якія зараз зарастаюць бур’янам і закідваюцца смеццем, не робяць гонару ні мясцовай уладзе, ні сельсгаспрадпрыемствам, на палях якіх знаходзяцца такія “ўпрыгожанні”. Павінны актывізаваць сваю работу санітарныя камісіі ва ўсіх населеных пунктах раёна, каб тых грамадзян, якім не хочацца ўтрымліваць свае падвор’і ў чысціні, прымусіць іх зрабіць гэта, у тым ліку і з дапамогай самага дзейснага сродку – штрафаў.
Пасяджэнне савета кіраўнікоў, як звычайна, прайшло на дзелавой ноце, кіраўнікам прадпрыемстваў, гаспадарак, устаноў і арганізацый былі пастаўлены канкрэтныя задачы ва ўсіх накірунках дзейнасці.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.