Дзень інфармавання: якія пытанні хвалююць астраўчан?

13:21 / 27.04.2012
1

Чарговы дзень інфармавання быў прысвечаны тэмам “Старэнне і здароўе” і “Стан вытворчага траўматызму ў Гродзенскай вобласці за 3 месяцы 2012 года”.


Сусветны дзень здароўя кожны год у краіне адзначаецца 7 красавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе была створана Сусветная арганізацыя аховы здароўя. У бягучым годзе Дзень здароўя прайшоў пад дэвізам “Добрае здароўе дабаўляе жыцця гадам”. Працэсс старэння чалавека непазбежны, многагранны, складаны, заканамерны і генетычна абумоўлены. Чалавек становіцца старым і вельмі старым толькі ў тым выпадку, калі сам сабе дазволіць. Можна быць старым і ў 30-40 гадоў, і пажылым – у 90-100 гадоў. У кожнага чалавека ў любы момант выдзяляюць адразу тры ўзросты: астралагічны (каляндарны), біялагічны і псіхалагічны. Каляндарны адзначаецца колькасцю пражытых гадоў, біялагічны заснаваны на функцыянальным стане ўнутраных органаў, крывяноснай сістэмы; псіхалагічны вызначае сам чалавек.
Асноўнымі паказчыкамі стану здароўя насельніцтва з’яўляюцца дэмаграфічныя паказчыкі. У 2011 годзе стабілізаваліся і палепшыліся паказчыкі як нараджальнасці, так і смяротнасці.
Паказчык нараджальнасці ў Гродзенскай вобласці склаў 11,8 на 1000 насельніцтва (2010 год – 11,4%).
Самы вялікі рост нараджальнасці адзначаецца ў Гродне, Смаргонскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах.
У Гродзенскай вобласці за студзень-сакавік бягучага года на вытворчасці загінулі 3 работнікі і 19 атрымалі цяжкія траўмы. У Астравецкім раёне выпадкаў траўматызму не было.
З калектывам ДЛГУ “Астравецкі лясгас” сустрэчу правеў першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Юрый Мар’янавіч Аляксей, які пазнаёміў прысутных з асноўнымі тэмамі дня інфармавання і адказаў на шматлікія пытанні працоўных. Так, прысутныя падымалі пытанні цэнаўтварэння на тавары і паслугі, аб высокім кошце гаруча-змазачных матэрыялаў. На сустрэчы было абмеркавана пытанне працаўладкавання і вольнага часу моладзі ў сувязі з будаўніцтвам атамнай станцыі ў раене.
Актыўны ўдзел у правядзенні дня інфармавання прынялі ўрачы цэнтральнай раеннай бальніцы Ірына Мар’янаўна Філатава, кардыёлаг раённай паліклінікі; Наталля Уладзіміраўна Сухенка, пазаштатны герыятр УАЗ “Астравецкая ЦРБ”. Урачы сустрэліся з калектывамі тэрытарыяльнага цэнтра па абслугоўванні насельніцтва, дарожна рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №159, аўтапарка №4. На сустрэчах акрамя асноўных тэм дня інфармавання былі агучаны тэмы прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, барацьбы з курэннем і алкагалізмам. Таксама ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні аховы здароўя.
Рабочыя саўгаса “Падольскі” задалі пытанне, калі будзе ў Кямелішкаўскай амбулаторыі працаваць стаматолаг? А жыхары аграгарадка Варняны цікавіліся, калі будуць адрамантаваны ачыстныя збудаванні па вуліцы Маладзежная. Паднятыя пытанні аддзелам ідэалагічнай работы накіраваны на рэагаванне ў УАЗ “Астравецкая ЦРБ”, раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У працоўных калектывах дні інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай работе.



Наступны дзень інфармавання насельніцтва адбудзецца 17 мая, свае пытанні дасылайце ў аддзел ідэалагічнай работы ці па тэлефоне 2-15-79.

Аляксандр Клімчэня, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.