З дыпламатычным візітам у Астравец завіталі Паслы Уладзімір Дражын і Уладзімір Чхіквадзе

15:08 / 17.04.2012

Астравецкі раён наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Несцеравіч Дражын і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Віктаравіч Чхіквадзе.


Уладзіміра Несцеравіча Дражына можна назваць даўнім і верным сябрам Астравеччыны і яе жыхароў – у нас ён бывае часта, добра ведае справы раёна, захапляецца яго дасягненнямі і шчыра спрыяе развіццю адносін паміж народамі некалі братніх, а цяпер раздзеленымі межамі краін – Беларусі і Літвы. А вось кіраўнік дыпламатычнай місіі Расіі ў Літве Уладзімір Віктаравіч Чхіквадзе наведаў наш раён упершыню.
Дыпламатаў прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька, паказаў гасцям раён і расказаў пра яго справы, дасягненні і перспектывы. Яны наведалі інфармацыйны цэнтр Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, піянерную базу, будаўнічую пляцоўку, дзе ўжо разгортваецца будоўля стагоддзя, а таксама – найбольш буйныя і цікавыя паселішчы нашага раёна – Астравец, Варняны, Гервяты.
Падчас наведвання інфармацыйнага цэнтра Дырэкцыі будаўніцтва АЭС, дзе для паслоў цікавую і пазнавальную экскурсію правёў спецыяліст дырэкцыі Эдуард Свірыд, супрацоўнікам “Астравецкай праўды” ўдалося сустрэцца з Уладзімірам Несцеравічам Дражыным і Уладзімірам Віктаравічам Чхіквадзе і задаць ім некалькі пытанняў.

Першае з іх тычылася тэмы, якая зацікаўлена абмяркоўвалася падчас наведвання інфармацыйнага цэнтра – гэта будаўніцтва ў Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі атамных электрастанцый і, мякка кажучы, не вельмі прыязных адносін да гэтага прадстаўнікоў афіцыйнай Літвы. Як у такой сітуацыі працуецца афіцыйным прадстаўнікам Беларусі і Літвы, якія меры яны прымаюць, каб растлумачыць суседзям сутнасць справы?
– Тое, што вы робіце ў сваім інфармацыйным цэнтры – гэта вельмі важна, – сказаў падчас інтэрв’ю Уладзімір Віктаравіч Чхіквадзе. – Патрэбна весці растлумачальную работу, гаварыць з людзьмі, яны павінны быць упэўнены ў сваёй будучыні, у тым, што іх бяспецы нічога не пагражае. І галоўная мэта нашага сённяшняга візіту ў Астравец – гэта жаданне аб’яднаць нашы намаганні, каб данесці праўду да людзей, асабліва – да жыхароў Літвы. Хацелася б, каб у гэтым плане дырэкцыя будаўніцтва Беларускай АЭС больш цесна супрацоўнічала са сваімі калегамі, якія будуюць атамную станцыю ў Калініградскай вобласці.
– У нашай з Уладзімірам Несцеравічам дыпламатычнай дзейнасці гэтая работа займае важнае месца, – працягваў Уладзімір Віктаравіч. – Вось толькі весці яе ў Літве вельмі складана – усе аргументы аб бяспецы атамнай станцыі новага пакалення, што будуюцца і ў Беларусі, і ў Калінінградскай вобласці, ад якіх бы кампетэнтных спецыялістаў яны ні зыходзілі, якімі б пераканаўчымі ні былі, літоўскімі апанентамі адмятаюцца, можна сказаць, з парога. Адбываецца гэта па вельмі простай прычыне: і Беларуская, і Балтыйская АЭС – рэальныя канкурэнты патэнцыяльнага будаўніцтва Вісагінскай атамнай станцыі ў Літве. Гэта пры тым, што літоўцы да гэтага часу не могуць дараваць сабе, што ў свой час закрылі па патрабаванні Еўрасаюза Ігналінскую АЭС, якая магла працаваць яшчэ гадоў дваццаць, а то і больш. Да таго ж яны разумеюць, што і Беларуская, і Балтыйская атамныя станцыі будуць пабудаваны ў любым выпадку, а вось Вісагінская – гэта яшчэ, як кажуць, бабуля надвое варажыла. І таму нашы АЭС для літоўцаў – вялікі раздражняльнік. І ўсе аргументы аб іх бяспецы проста не хочуць слухаць, асабліва прадстаўнікі афіцыйнага Вільнюса – яны першапачаткова “заточаны” на непрыняцце развіцця атамнай энергетыкі ў суседзяў. І аргументы, што Беларуская АЭС, якая будзе пабудавана ў 50 кіламетрах ад Літвы, уяўляе небяспеку для жыхароў суседняй краіны, выглядаюць па меншай меры крывадушна, калі ўлічыць, што сваю патэнцыяльную атамную станцыю – я ўвесь час падкрэсліваю, што гэтае іх жаданне пакуль не мае пад сабой рэальных магчымасцей – яны збіраюцца будаваць у двух кіламетрах ад граніцы з Беларуссю.

Калегу дапоўніў Уладзімір Несцеравіч Дражын:
– Я падпісваюся пад кожным словам Уладзіміра Віктаравіча. Дастаткова сказаць, што пра візіт у Беларусь дырэктара МАГАТЭ, пра яго абяцанне дапамагаць нашай краіне ва ўзвядзенні атамнай станцыі ў літоўскіх СМІ не прагучала ні слова. І нам сапраўды трэба аб’ядноўваць намаганні для таго, каб данесці да людзей праўду – і не толькі нашых дзяржаў, а ўсіх, хто гатовы з намі супрацоўнічаць.
Размова прадоўжылася тэмай узаемадзеяння Беларусі і Расіі – нядаўна адзначаўся Дзень яднання народаў дзвюх нашых краін, і цікава было ведаць, як ацэньваюць стан міждзяржаўнага супрацоўніцтва паслы братніх дзяржаў.

Уладзімір Віктаравіч Чхіквадзе:
– Мы з Уладзімірам Несцеравічам, і наш калега, пасол Казахстана, – па жыцці – сябры, можна сказаць – браты. Мы ва ўсім знаходзім агульную мову – як і нашы народы. А пра рэальную карысць ад стварэння Мытнага саюза паўтараць, думаю, лішні раз гаварыць не варта – яна відавочная.
Уладзімір Несцеравіч Дражын:
– Вось яскравы прыклад: сёння Міжнародны дзень памяці вязняў фашысцкіх канцлагераў, і на Астравеччыну мы з Уладзімірам Віктаравічам прыехалі прама з Панярайскага мемарыяла, дзе разам са сваім казахскім калегам усклалі жалобныя вянкі ў памяць аб бязвінных ахвярах фашызму. У гады вайны ў гэтым лагеры смерці фашыстамі было закатавана больш чым сто тысяч чалавек, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. І гэта наша агульная памяць і боль.

Вядома, не маглі ўтрымацца журналісты, каб не задаць госцю традыцыйнае пытанне аб уражаннях ад наведвання Астравецкага раёна.
І хоць на момант размовы Уладзімір Віктаравіч яшчэ мала дзе паспеў пабываць, меркаванне ў яго было адназначнае:
– Я адразу, як толькі прыехаў, сказаў Адаму Дзмітрыевічу Кавальку: я хачу тут жыць! Гэта ж такая прыгажосць! І ўсё настолькі дагледжана, паўсюль – парадак, усюды чыста, утульна, абуладкавана. Я па-добраму зайздрошчу расійскім будаўнікам, што прыедуць сюды ўзводзіць атамную электрастанцыю: яны патрапілі ў сапраўдны райскі куток.

Як мы даведаліся пазней, дзень, праведзены на Астравеччыне, не расчараваў расійскага дыпламата і яшчэ больш упэўніў яго ў тым, што наш край – прыгожы, самабытны, што тут жывуць і працуюць разумныя і працавітыя людзі. І, напэўна, падобны дыпламатычны візіт у наш раён – не апошні.


З гасцямі гутарыла Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.