Расія і Беларусь: нам не жыць адзін без аднаго

14:13 / 13.04.2012

2 красавіка адзначаўся Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У абедзвюх краінах з гэтай нагоды праходзілі афіцыйныя і культурныя мерапрыемствы. Братнія народы нашых краін павіншаваў з гэтым святам Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які, у прыватнасці, сказаў: “Нашы справы гавораць за сябе лепш, чым любыя словы! Яскравым доказам эфектыўнасці Саюзнай дзяржавы і пераваг беларуска-расійскай мадэлі супрацоўніцтва стаў рэкордны рост двухбаковага гандлю. Разам мы паспяхова рэалізуем міждзяржаўныя эканамічныя праграмы і маштабныя навукаёмістыя праекты ў энергетычнай і касмічнай сферах”.
У Астравецкім райвыканкаме ў гэты дзень адбылася размова за “круглым сталом” прадстаўнікоў мясцовай улады, прыватнага бізнесу, гандлю, сродкаў масавай інфармацыі, падчас якой абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва нашага раёна ў цэлым і асобных прадпрыемстваў у прыватнасці з рэгіёнамі Расіі і іншымі краінамі і далейшых перспектыў інтэграцыйных працэсаў.
У размове за “круглым сталом” прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі, начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Аляксандр Яўгенавіч Клімчэня, намеснік галоўнага інжынера дырэкцыі будаўніцтва АЭС Уладзімір Дзмітрыевіч Горын, намеснік дырэктара па прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Юрый Аляксандравіч Дрэмлюк, намеснік кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” Леанід Яўгенавіч Навагран, намеснік дырэктара ААТ “БелЭЛСА” Міхаіл Міхайлавіч Слушко. Вядучай “круглага стала” па традыцыі стала галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік.


Ніна РЫБІК:
– Праз некалькі гадоў пасля таго, як вялікая дзяржава – Савецкі Саюз – знікла з палітычнай карты свету і прайшоў “парад суверэнітэтаў” былых саюзных рэспублік з усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі, нехта сказаў: “У таго, хто не шкадуе аб тым, што адбылося, няма сэрца. У таго, хто хоча ўсё вярнуць, няма галавы…”

Своеасаблівай спробай памірыць галаву і сэрца стала стварэнне саюзнай дзяржавы. Як вы лічыце, наколькі ўдалай? Ці адчуваеце вы ў сваім паўсядзённым жыцці практычную карысць ад яе існавання? І ці ёсць, на ваш погляд, у Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі будучыня?
Віктар СВІЛА:
– Большасць з нас памятае 1991 год, калі разваліўся Савецкі Саюз, і на яго былых прасторах пачаўся хаос і неразбярыха. Сёння мы той перыяд называем не інакш, як “ліхія дзевяностыя”. На душы ў людзей – цёмна, цяжка, сумна… А галоўнае – разам з парадам суверэнітэтаў, пра які вы гаварылі, парваліся традыцыйныя інтэграцыйныя сувязі паміж дзяржавамі, прадпрыемствамі, на якіх была завязана эканоміка былога Саюза. І імкненне стварыць нейкае міждзяржаўнае інтэграцыйнае аб’яднанне было не чыёйсьцю прыхамаццю, асабістым жаданнем, а аб’ектыўнай неабходнасцю. Спачатку, як вы памятаеце, было створана супольніцтва Беларусі і Расіі, якое затым у 1999 годзе перарасло ў Саюзную дзяржаву нашых дзвюх краін. А потым паступова, крок за крокам, інтэграцыйныя сувязі былых саюзных дзяржаў умацоўваліся – мы памятаем, як наш прэзідэнт разам з тагачасным кіраўніком Расіі, зараз ужо нябожчыкам Барысам Ельцыным, здымалі пагранічныя слупы ля Смаленска, як з цягам часу мы “дараслі” да Еўразійскай эканамічнай супольнасці – ЕўрАзС, да Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы… І сёння ўсе прысутныя могуць прывесці канкрэтныя прыклады падобнага супрацоўніцтва.
А самым галоўным з іх, вядома ж, з’яўляецца той грандыёзны праект па будаўніцтве першай беларускай атамнай электрастанцыі, які ў садружнасці дзвюх дзяржаў – Беларусі і Расіі – пачынае ажыццяўляцца на тэрыторыі нашага раёна.
Уладзіслаў ЛАСТОЎСКІ:
– Дазвольце мне ў якасці яскравага прыкладу падобнага супрацоўніцтва прывесці канкрэтныя лічбы.
У мінулым годзе знешнегандлёвы абарот нашага раёна з Расійскай Федэрацыяй склаў 919 тысяч долараў ЗША, з іх на 787 тысяч мы паставілі тавараў на экспарт, на 132 тысячы атрымалі па імпарце. Знешнегандлёвае сальда, як вы бачыце, станоўчае, прычым з вялікай перавагай, амаль у шэсць разоў, экспарту над імпартам. У мінулым годзе экспарт прадукцыі з нашага раёна ў Расію ўзрос у 2,6 раза, імпарт павялічыўся на 9 працэнтаў.
Такі рост дасягнуты ў асноўным за кошт фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, якая летась стала актыўна экспартаваць у Расію мяса птушкі – яны паставілі прадукцыі нашым суседзям на 600 тысяч долараў ЗША. Свой уклад унеслі таксама ААТ “БелЭЛСА” і вытворчая фірма “Верас” – па 50 тысяч долараў, крыху меншыя аб’ёмы – на рахунку іншых прадпрыемстваў і прыватных прадпрымальнікаў.
Але пры гэтым хачу сказаць, што Расія ў аб’ёме знешняга гандлю нашага раёна ў мінулым годзе займала далёка не першае, і нават не другое месца – гандаль з усходняй суседкай склаў толькі 17 працэнтаў знешнегандлёвага абароту. А на першым месцы – 82,2 працэнта – экспарт у краіны Заходняй Еўропы, куды адпраўляўся кардон фабрыкі “Альхоўка”, піламатэрыялы лясгаса і іншая прадукцыя.
За два месяцы гэтага года сітуацыя змянілася кардынальна, і экспарт тавараў у Расію выйшаў на першае месца. Сёлета расіянам было пастаўлена прадукцыі на 217 тысяч долараў ЗША, экспарт павялічыўся ажно ў 87 разоў – такі рэзкі скачок звязаны з тым, што летась у гэты час фермерская гаспадарка “Астравецкая” яшчэ не пастаўляла расіянам сваіх індыкоў. Зараз экспарт у Расію складае 30,7 працэнта ад агульнага аб’ёму. На другім месцы – экспартныя пастаўкі ў Польшчу – 29 працэнтаў, на трэцім – Германія: 27 працэнтаў. Затым ідуць Літва, Бельгія, Нідэрланды, Італія, Аўстрыя, Славенія. Увогуле ж прадукцыя з Астравеччыны пастаўляецца ў 9 краін свету.
Леанід НАВАГРАН:
– Я лічу, што гандляваць трэба з усімі, з кім толькі магчыма, чым большае кола партнёраў, тым больш таваравытворца застрахаваны ад розных нечаканасцей.
Для нас гандаль з Расіяй – гэта палка з двума канцамі. З аднаго боку, гэта новыя рынкі збыту нашай прадукцыі, прычым вельмі вялікія. Асноўныя пастаўкі нашай прадукцыі ідуць у Маскву, крыху менш – у Твер, Смаленск, Піцер і іншыя гарады. Немалаважнае значэнне мае тое, што гаспадарка пры гэтым мае прыток валюты – у мінулым годзе, калі ў краіне адчуваўся істотны дэфіцыт валюты, а нам патрэбна было набываць за мяжой спецыяльныя камбікармы, дабаўкі, і, як вы разумееце, не за беларускія рублі, гэта нас здорава выручала. Сёлета вось збіраемся набыць італьянскую камбікормавую лінію, таксама за ўласныя валютныя сродкі, заробленыя на экспартных пастаўках.
А да мінусаў можна аднесці тое, што цэны ў Расіі на нашу прадукцыю працэнтаў на 25-30 ніжэйшыя, чым на ўнутраным рынку. Там больш высокая канкурэнцыя па індычынаму мясу, і гэта адбіваецца на цэнах. Але развіваць гандлёвыя адносіны ўсё роўна трэба – і з Расіяй, і з іншымі краінамі. У нас пакуль няма магчымасці гандляваць з краінамі Еўрасаюза, але ў гэтым годзе мы сур’ёзна займаемся тым, каб атрымаць адпаведны сертыфікат і мяркуем у перспектыве выйсці і на заходні рынак. Нават калі мы будзем прайграваць у цэнавым фактары, то ў пашырэнні рынкаў збыту ёсць свае перавагі, і іх трэба выкарыстоўваць.
Міхаіл СЛУШКО:
– Фірма «БелЭЛСА» таксама гандлюе з Расіяй – наша прадукцыя запатэнтавана не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і ва Украіне – аналагаў ёй пакуль ніхто не выпускае.
У Расію мы пастаўляем зварачныя агрэгаты. Да нядаўняга часу у расіян вялікай папулярнасцю карысталіся яшчэ і нашы транспартныя рамы, але зараз у суседняй краіне змяніліся тэхнічныя патрабаванні да іх канструкцыі, і мы працуем, каб давесці сваю прадукцыю да патрабуемых партнёрамі стандартаў і зноў вярнуцца да гэтага экспарту. Зварачныя агрэгаты адпраўляем нашым партнёрам у Маскву, цяпер прапрацоўваецца кантракт з Калінінградскай вобласцю, дзе праявілі цікавасць адразу да дзесяці іх мадыфікацый.
Хоць пастаўкі ў Расію – справа, вядома, цікавая і выгадная, але для нас – не першачарговая. Асноўная частка нашай прадукцыі пастаўляецца на ўнутраны рынак, і галоўная задача – забяспечыць сваімі зварачнымі агрэгатамі беларускія прадпрыемствы: “Беларусьнафту”. “Беларуськалій”, буйнейшыя будаўнічыя арганізацыі. Мы выпускаем імпартазамяшчаючую прадукцыю, нашы зварачныя агрэгаты на базе рухавікоў Мінскага маторнага завода па сваіх характарыстыках ні ў чым не саступаюць замежным аналагам, і таму карыстаюцца вялікім попытам.
Хачу сказаць, што ўваходжанне Беларусі ў адзіную мытную прастору сёння значна аблегчыла нашу дзейнасць. Некаторыя камплектуючыя да сваіх агрэгатаў нам даводзіцца закупляць у Расіі, самі, як я ўжо казаў, пастаўляем туды прадукцыю – і адсутнасць растаможвання на граніцы значна аблягчае работу, эканоміць час і сродкі.
Уладзімір ГОРЫН:
– Сёння многія з прысутных успамінаюць тыя ліхія 90-я, калі сувязі паміж краінамі і людзьмі рваліся па жывому. Я ў той час працаваў на Балакоўскай АЭС, а ўсе родныя, многія сябры – на радзіме, у Беларусі. Прыехаць сюды было цэлай праблемай, чаго каштавала толькі заправіць машыну з расійскімі нумарамі – лепш не ўспамінаць…
І добра, што сёння ў нас зусім іншы ўзровень супрацоўніцтва – як у палітыцы, эканоміцы, так і сярод людзей. І дасягнуты ён у многім дзякуючы таму, што абедзве краіны паступова нарошчвалі ўзаемную інтэграцыю ва ўсіх сферах. Ажыццяўленне нашага сумеснага беларуска-расійскага праекта па будаўніцтве ў Астравецкім раёне атамнай электрастанцыі – самае яркае пацвярджэнне развіцця саюзных адносін паміж нашымі дзвюма краінамі.
Якія прэферэнцыі атрымлівае ад гэтага Беларусь? Іх вельмі шмат. Дастаткова сказаць, што Беларуская АЭС будзе пабудавана па цане расійскай – за аснову ўзяты расцэнкі на будаўніцтве Балтыйскай АЭС, ніякіх дадатковых “накрутак”, якія звычайна прымяняюцца на будаўніцтве замежных станцый, не будзе.
Далей. З самага пачатку расійскі і беларускі бакі дамовіліся, што да 70 працэнтаў усіх работ аддаецца на падрад беларускім арганізацыям і прадпрыемствам. Такога не было на будаўніцтве ні адной з замежных атамных электрастанцый. Да прыкладу, у Кітаі “абарыгенам” былі давераны толькі будаўнічыя работы, усё астатняе заставалася за расійскімі спецыялістамі. У Іране мясцовым даверылі толькі ахову станцыі, а будаўніцтва, мантаж, запуск абсталявання – усё ажыццяўлялі расіяне. А на Беларускай АЭС будзе вельмі высокі ўзровень лакалізацыі, і гэта прамы вынік саюзных адносін паміж нашымі краінамі.
Да таго ж расійскія будаўнікі, перш чым даручыць сваім калегам з Беларусі будаваць АЭС, навучаць іх, як працаваць на ўзвядзенні такога аб’екта, як атамная электрастанцыя – яны пройдуць практычную стажыроўку на будаўніцтве расійскіх атамных станцый. Канешне, бетоншчык – ён паўсюль бетоншчык, але на такім аб’екце, як АЭС, кантроль за якасцю работ будзе асаблівы, і людзі павінны быць да гэтага гатовы і адпавядаць патрабаванням. А калі нашы будаўнікі навучацца працаваць на такім узроўні, то ў далейшым яны змогуць прапанаваць свае паслугі на ўзвядзенні іншых аб’ектаў з павышаным узроўнем складанасці.
У далейшым, калі станцыя будзе пабудавана і запушчана ў эксплуатацыю, там стануць працаваць прыкладна 2300 чалавек. І толькі 60-70 з іх будуць запрошаны на работу з-за межаў Беларусі. А ў пераважнай большасці на беларускай АЭС будуць працаваць нашы людзі, якія, вядома ж, папярэдне атрымаюць адпаведную адукацыю, пройдуць стажыроўку на расійскіх атамных электрастанцыях, усяму, што трэба, навучацца і ў тэорыі, і на практыцы. Бо запрошаныя спецыялісты – гэта, вядома, добра, і на пэўным этапе нам без іх не абысціся, але патрэбна, каб для беларусаў гэтая станцыя стала сваёй, роднай…
Я ўжо не гавару пра такія агульнавядомыя рэчы, як тое, што будаўніцтва атамнай электрастанцыі – гэта прыток інвестыцый. Беларускія арганізацыі, што выйграюць падрад на пэўныя віды работ, будуць атрымліваць грошы за сваю працу з расійскага крэдыту – і гэтыя сродкі нікуды не дзенуцца, яны застануцца ў краіне, каб працаваць тут – у выглядзе падаткаў, грашовых паступленняў і г.д. – і ўсё гэта будзе садзейнічаць развіццю і Астравецкага раёна, і краіны ў цэлым.
У адпаведнасці з падпісаным кантрактам ужо ў маі па пляцоўцы пачнуцца земляныя работы, у гэты час там будзе працаваць да 70 экскаватараў і 200 самазвалаў – жыццё закіпіць. А да наступнага года мы павінны выйсці на першы бетон.
А тое, што Расія і Беларусь зараз знаходзяцца ў адзінай мытнай прасторы – таксама вялікая падмога ў рэалізацыі нашага праекта, эканомія, як ужо сёння гаварылі, і часу, і сродкаў – таму што вырабленае ў Расіі абсталяванне для станцыі будзе перамяшчацца праз граніцу без растаможвання і, значыць, будзе дастаўлена хутчэй і абыдзецца дзешавей.
Усё пералічанае і многае іншае, пра што мы сёння нават не ўспомнілі – тыя неаспрэчныя плюсы, якія дае Беларусі і Расіі ўзаемная інтэграцыя.
Юрый ДРЭМЛЮК:
– Як расказаў Уладзіслаў Станіслававіч, наш раён у мінулым годзе спрацаваў са станоўчым знешнегандлёвым сальда – і ў гэтым поспеху ёсць пэўны ўклад і Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У мінулым годзе аб’ём экспарту райспажыўтаварыства склаў 270 тысяч долараў ЗША – гэта пяты паказчык у вобласці. Хоць у гэтым агульным аб’ёме экспарту кааператараў, як і ў цэлым па раёне, асноўная частка прыпадае на краіны Еўрасаюза – куды мы прадаём у асноўным дзікарослую прадукцыю. Чарніц у мінулым годзе адправілі на экспарт на 172 тысячы долараў ЗША, грыбоў – на 35 тысяч і брусніц – на 17 тысяч долараў.
У Расіі ж найбольшым попытам карыстаецца наша гародніна – бульба, цыбуля, морква, буракі. Але бульба ў мінулым годзе ў Расіі годзе ўрадзіла добрая, таму мы змаглі адгрузіць суседзям толькі 20 тон – супраць 400 тон у папярэднім 2010 годзе.
Увогуле ж прадпрыемствы спажыўкааперацыі вобласці – тыя, хто дасягнуў нашмат большага, чым мы, экспарту – прадаюць расіянам у асноўным мяса, якое там карыстаецца вялікім попытам. Гэта ж, дарэчы, пацвярджае і вопыт нашай фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”. Таму ў нашым раёне, мне здаецца, варта было б падумаць пра стварэнне мясаперапрацоўчага прадпрыемства, арыентаванага на экспарт мяса ў Расію – рынак там, па сутнасці, неабдымны, і справа гэтая перспектыўная. Сельская гаспадарка ў нашым раёне знаходзіцца на высокім узроўні, і можна падумаць аб тым, каб прадаваць расіянам мяса ялавічыны ці свініны.
Што ж тычыцца нашага сённяшняга самага галоўнага сумеснага расійска-беларускага праекта – будаўніцтва атамнай электрастанцыі, то для райспажыўтаварыства гэта таксама, можна сказаць, своеасаблівы падарунак: будаўнікоў будзе карміць наша прадпрыемства грамадскага харчавання, павялічыцца гандлёвы абарот у магазінах. Мы спадзяемся, што дзякуючы гэтаму праекту, зможам нарэшце правесці рэканструкцыю свайго хлебазавода. Ён быў пабудаваны ў яшчэ ў 1988 годзе, у свой час гэта было перадавое прадпрыемства, дзе выпякалася за 500 тон хлеба ў суткі. Сёння ж наш хлебазавод патрабуе рэканструкцыі і замены абсталявання. І калі б не гэтая будоўля стагоддзя, то мы б, напэўна, гэтую справу так і не асілілі, бо яна патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў. Але цяпер у нас ёсць надзея на інвестыцыі ў рэканструкцыю хлебазавода, пасля якой, спадзяемся, зможам выпякаць не 70 тон, як сёння, а да 200 тон якаснага і смачнага хлеба і хлебабулачных вырабаў. Думаю, што мы зможам забяспечыць будаўнікоў АЭС і людзей, што прыедуць працаваць на АЭС, усім неабходным.
Аляксандр КЛІМЧЭНЯ:
– Мы сёння больш гаворым пра эканамічныя міжнацыянальныя сувязі, пра гандаль, будоўлю. Але ж ёсць яшчэ і міжасабовыя зносіны. Народы нашых абедзвюх дзяржаў несумненна выйгралі ад таго, што Беларусь і Расія сталі пасля стварэння саюзнай дзяржавы бліжэй, што пашырыліся і спрасціліся іх рознапланавыя сувязі. У нашых народаў шмат агульнага – менталітэт, гісторыя, мова. І нам самім лёсам наканавана быць разам.

Ніна РЫБІК:
– Праціўнікі інтэграцыі Беларусі і Расіі часта палохаюць народ тым, што, маўляў, у выніку наша краіна можа страціць сваю незалежнасць і стаць адной са шматлікіх губерняў Расіі. А будаўніцтва АЭС – гэта яшчэ адзін крок на гэтым шляху, бо ў выніку Беларусь трапляе яшчэ і ў энергетычную залежнасць ад Расіі…

Уладзімір ГОРЫН:
– А тыя, хто так гаворыць, не ведаюць, што Беларусь і сёння знаходзіцца ў энергетычнай залежнасці ад Расіі? Бо 95 працэнтаў электраэнергіі, якую выпрацоўваюць беларускія электрастанцыі, вырабляецца на імпартуемай з Расіі сыравіне. І спадзявацца, што мясцовыя віды паліва ці альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў адзін момант вырашаць усе праблемы краіны, мякка кажучы, памылкова.
Але тое, што Беларусь – як, дарэчы, і многія іншыя краіны свету – сёння жыве за кошт паліўна-энергетычных рэсурсаў, якія купляе ў Расіі, не з’ўяўляецца пагрозай ля яе суверэнітэту. Чаму ж раптам такой пагрозай павінна стаць будаўніцтва атамнай электрастанцыі? Можна пашыраць для ўзаемнай выгады міждзяржаўнае супрацоўніцтва ў розных галінах, разам ажыццяўляць нейкія маштабныя праекты – і пры гэтым заставацца суверэннымі дзяржавамі.
Як, напрыклад, Швейцарыя, якая жыве з кошт турызму і электраэнергіі, што выпрацоўваецца на атамных электрастанцыях. І нікому ў галаву не прыходзіць, што яна можа страціць свой суверэнітэт. Па гэтаму шляху павінна ісці і Беларусь. І будаўніцтва АЭС толькі дапаможа нашай краіне ў набыцці рэальнай незалежнасці.
Леанід НАВАГРАН:
– Увогуле працэс інтэграцыі – гэта сусветны працэс, і не трэба яго баяцца. Я не думаю, што Расію цікавіць Беларусь у палітычным сэнсе, што там нехта спіць і бачыць, як бы далучыць новую губерню. Ім бы там са сваімі праблемамі разабрацца, у сваёй краіне парадак навесці…
А вось у эканамічным плане наша краіна прыцягальная для многіх расіян. За кошт таго, што ў нас больш парадку, менш карупцыі, у нас больш кваліфікаваныя і адказныя работнікі, лепшыя прафесіяналы… І з улікам таго, што Расія – краіна вялікая, і багатых людзей там шмат, многія з іх хочуць адкрыць у Беларусі свае прадпрыемствы, банкі, пашырыць свой бізнес у нашай краіне. І пашыраюць.
Зрэшты, гэты працэс двухбаковы – я асабіста ведаю некалькі беларусаў, якія таксама адкрылі ў Расіі свае прадпрыемствы. Так што інтэграцыя дзейнічае, даўно і паспяхова, і баяцца гэтага не варта.

Ніна РЫБІК:
– У СМІ нядаўна прайшла інфармацыя, што паводле дадзеных апытання насельніцтва Украіны, 60 працэнтаў апытаных хацелі б, каб іх краіна далучылася да ЕўрАзС, а не да Еўрапейскага Саюза. Калі б падобнае даследаванне праводзілі ў нас, як вы лічыце, што адказалі б нашы людзі? І вы асабіста?

Міхаіл СЛУШКО:
– Калі пакінуць у спакоі эканоміку і пагаварыць аб інтарэсах простых людзей, то канешне, тое, што беларусы і расіяне жывуць у саюзнай дзяржаве, дае шмат пераваг, да якіх мы так прывыклі, што ўжо, магчыма, нават не заўважаем іх. Варта толькі ўявіць, што сёння нам патрэбны былі б візы для паездкі ў Расію, як у Літву, якая, знаходзячыся ў некалькіх дзясятках кіламетраў, раптам стала далёкім замежжам, ці на граніцы патрабавалася б вытрымаць пагранічны і мытны кантроль… Усё ж нашы народы звязаны сотнямі непарыўных ніцяў – сваёй гісторыяй, мовай, міжасабовымі стасункамі, і рваць іх давялося б па жывому. Варта толькі ўспомніць тыя самыя дзевяностыя гады, калі кожны быў да жудасці самастойны, і колькі праблем ад гэтага ўзнікала… А сёння мы бачым, што Расія для Беларусі ўстанаўлівае зусім іншыя цэны, што міждзяржаўныя адносіны развіваюцца на ўсіх узроўнях. І будаўніцтва з дапамогай Расіі атамнай электрастанцыі ў нашым раёне – таму пацвярджэнне.
І калі выбіраць, з кім сябраваць, то варта ўспомніць старую прыказку, што стары сябар лепш новых двух. Нічога добрага нам у тым Еўрасаюзе не прапануюць…
Юрый ДРЭМЛЮК:
– Я таксама лічу, што сябраваць нам трэба перш за ўсё з Расіяй, з якой нас звязвае вельмі многае, аб гэтым сёння ўжо гаварылі. А Еўрасаюз… Паглядзіце, як там сябе паводзяць у адносінах да Беларусі: ледзь што не спадабалася – адразу санкцыі, абразы, нават чэмпіянат свету па хакею прапаноўваюць адмяніць у нашай краіне. Калі ўжо гаварыць пра суверэнітэт і незалежнасць, то пры інтэграцыі з Еўрасаюзам яго страціш хутчэй – там больш за ўсіх любяць камандаваць іншым слабейшым краінам, каму і як сябе паводзіць.
Віктар СВІЛА:
– Я лічу, што гэтае пытанне ўвогуле некарэктнае! Ужо хаця б таму, што Беларусь і Расія стаялі ля вытокаў стварэння адзінай Саюзнай дзяржавы. Нагадаю яшчэ раз: усе інтэграцыйныя працэсы пачыналіся з супольніцтва Беларусі і Расіі, потым была Саюзная дзяржава, ЕўрАзС, Мытны саюз – і ва ўсіх гэтых утварэннях сярод заснавальнікаў і ініцыятараў – Рэспубліка Беларусь. Дык няўжо можна адмовіцца ад таго, што сам ствараў і пачаць паглядваць туды, дзе ты нікому непатрэбны, дзе цябе ніхто не чакае?
Канешне, наша палітыка павінна быць мнагавектарнай, мы павінны развіваць адносіны не толькі з Расіяй, але і з іншымі краінамі. Зрэшты, яна такой і з’яўляецца, і сёння неаднаразова прыводзіліся прыклады знешнегандлёвай дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна, якія гэта пацвярджаюць. Але ж Расія – наш галоўны і стратэгічны партнёр, аб гэтым неаднойчы гаварыў і кіраўнік дзяржавы, гэта пацвярджае і наша паўсядзённая дзейнасць.
Вы ўспомніце той самы 1991 год, пра які сёння неаднойчы ўзгадвалі, калі разваліўся Савецкі Саюз – што, паспяшаўся нам Захад на дапамогу ў той вельмі няпростай сітуацыі? Не, усе спакойна назіралі і чакалі, што будзе… Стварэнне супольнасці дзвюх дзяржаў у той час было вымушанай і неабходнай мерай.
І сёння Беларусь можа ганарыцца тым, што яна была адным з ініцыятараў стварэння новага інтэграцыйнага аб’яднання, якое, няхай і не без праблем, але дзейнічае і развіваецца, набываючы новыя, усё больш прагрэсіўныя формы. Сёння мы адзначаем 16-ю гадавіну стварэння беларуска-расійскай супольнасці, і ўсім нам трэба усведамляць, што гэта – цудоўны дзень, які абяцае нам новыя гарызонты развіцця нашых узаемных сувязей – як міждзяржаўных, палітычных, эканамічных, так і простых міжасабовых стасункаў паміж людзьмі.