Астравец набыў статус горада

14:55 / 06.04.2012
11

4 красавіка ў 14 гадзін 34 хвіліны адбылася гістарычная падзея: Астравец юрыдычна і фактычна набыў статус горада. Такое рашэнне было аднагалосна прынята на сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.


Наша газета ўжо паведамляла, што 27 сакавіка Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову №268, у якой даў згоду Гродзенскаму абласному Савету дэпутатаў на аднясенне гарадскога пасёлка Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.
На спецыяльна скліканай для вырашэння гэтага пытання сесіі абласнога Савета дэпутатаў – якая, дарэчы, у рэжыме рэальнага часу трансліравалася на ўсе раёны вобласці – выступіў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які расказаў пра сённяшні стан Астраўца і яго перспектывы ў сувязі з будаўніцтвам на тэрыторыі раёна першай беларускай атамнай электрастанцыі, а ў самім Астраўцы – горада энергетыкаў. Расказ кіраўніка раённай улады дапоўніў спецыяльна зняты відэафільм.
Пытанняў у дэпутатаў наконт таго, ці павінен гарадскі пасёлак Астравец набыць статус горада раённага падпарадкавання, не ўзнікла: яны аднагалосна прагаласавалі за гэтае рашэнне.
Такім чынам, у шматвекавой гісторыі Астраўца пачынаецца новая старонка…


Ніна РЫБІК.