Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра правёў у Мастах прэс-канферэнцыю для журналістаў Гродзеншчыны

08:06 / 02.04.2012
1

Стала ўжо традыцыяй прэс-канферэнцыі журналістаў цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, што працуюць на тэрыторыі Гродзеншчыны, са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам праводзіць у адным з раёнаў вобласці. На гэты раз месцам яе правядзення быў абраны Мастоўскі раён.




Пабачыць на свае вочы

Гэтаксама традыцыйна перад пачаткам прэс-канферэнцыі журналісты знаёмяцца з дзейнасцю найбольш цікавых прадпрыемстваў, гаспадарак, установамі сацыяльна-культурнай сферы.
На Мастоўшчыне першым такім аб’ектам стаў “Мастоўскі кумпячок” – прадпрыемства, дзе займаюцца вырошчваннем, забоем і перапрацоўкай свіней. Праўда, з-за жорсткіх санітарных патрабаванняў непасрэдна вытворчасць пабачыць не ўдалося, што найбольш засмуціла тэле-і фотааператараў, якія засталіся тут, па сутнасці, без справы. Але прадстаўленая журналістам інфармацыя сведчыць: справы на прадпрыемстве спорацца: з 2004 года, калі “Кумпячок” стаў філіялам “Скідзельсельгаспрадуктаў”, вытворчасць і рэалізацыя свініны тут падвоілася і дасягнула ў мінулым годзе 7 тысяч тон пры ўзроўні рэнтабельнасці 30 працэнтаў. Практычна ўся прадукцыя “Кумпячка” ідзе на экспарт, у Расію.
Затое ў царкве Свяціцеля Мікалая, што ў аграгарадку Дубна, у майстроў фота і відэа работы хапала: велічны прыгожы храм, гісторыя якога адлічваецца з 1844 года, з цудоўнымі фрэскамі, роспісамі, адрэстаўраванымі іконамі… Жадаючыя маглі нават пазваніць у царкоўны звон, які зрабіў за свае ўласныя сродкі і падарыў храму мясцовы жыхар, колішні яго алтарнік.
На ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод” журналісты маглі пазнаёміцца з самай сучаснай тэхналогіяй вытворчасці крухмалу, аналагаў якой няма нідзе на тэрыторыі СНД – суперсучасная шведская лінія была ўстаноўлена тут у мінулым годзе і адразу ж дазволіла практычна ў чатыры разы павялічыць колькасць перапрацаванай бульбы і вырабленага крухмалу, які карыстаецца павышаным попытам як у Беларусі, так і за яе межамі.
Пабываць у Мастах і не наведаць горадаўтвараючае прадпрыемства “Мастоўдрэў” – усё роўна, што пабыць у Ватыкане і не пабачыць Папу Рымскага. Хоць пару гадоў назад журналістаў не вельмі ахвотна запрашалі на гэтае прадпрыемства, якое перажывала цяжкія часы. Пасля таго, як у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тут была праведзена грунтоўная рэканструкцыя, 85-гадовы “Мастоўдрэў” набыў другое дыханне і новае жыццё. Прадпрыемства спецыялізуецца па выпуску фанеры па еўрастандарту – і прадукцыя яго запатрабавана многімі прадпрыемствамі. А наперадзе – арганізацыя вытворчасці пліты МДФ і вырабаў з яе – і трэба спадзявацца, што цяжкія часы “Мастоўдрэва” мінулі беззваротна.



А вось аб тым, мінулі яны для насельнікаў Курылавіцкага дома-інтэрната для састарэлых грамадзян ці толькі насталі, журналісты, найперш – эмацыянальныя жанчыны, завялі ў кулуарах цэлую дыскусію. Так, умовы ў доме-інтэрнаце, які быў здадзены ў строй у мінулым годзе, цудоўныя. Тут прыгожа, утульна, тут за кожным з насельнікаў – дом-інтэрнат разлічаны на 75 чалавек, пакуль што жывуць 69 – наладжаны медыцынскі догляд, яны дажываць свае гады ў цяпле і пры нябачаных зручнасцях. Але ці хацелася б кожнаму з нас так дажываць сваю старасць: у фізічным камфорце, побач з такімі ж, як сам, старымі, але ўдалечыні ад вечна занятых дзяцей і ўнукаў – меркаванні на гэты конт падзяліліся. Але гэта ўжо, што называецца, тэма для зусім іншай размовы.



Пачуць на свае вушы

Наведванне Мастоўскага раёна закончылася прэс-канферэнцыяй са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам, якая доўжылася замест намечаных паўтара гадзін дзве з паловай і нагадвала не афіцыйнае мерапрыемства, а хутчэй шчырую размову аб самых розных пытаннях жыцця. Сямён Барысавіч не толькі адказваў на пытанні журналістаў, выказваў свае меркаванні па розных пытаннях і праблемах, але і ў прадстаўнікоў СМІ пытаўся парады, цікавіўся іх думкамі і праблемамі. Асвяціць усе тэмы, якія закраналіся падчас прэс-канферэнцыі, даволі складна – прывядзем словы губернатара толькі па некаторых з іх.

Пра хуткую пасяўную…


– Ніякіх асаблівых праблем гэтая пасяўная не прадвяшчае. Чакаецца звычайная напружаная і вельмі цікавая работа. Я ўжо бачу, як земляробы засумавалі па зямлі, як ім хочацца хутчэй прыгарнуць насенне ў глебу, назіраць за ім – як расце, як развіваецца, прадугадваць ураджай…
На набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, як і звычайна, паступіць таварны крэдыт. Крыху больш напружаная сітуацыя будзе з угнаеннямі, асабліва азотнымі. Але яна таксама вырашальная: мы праводзім азотныя падкормкі не адзін раз, як на захадзе, а два-тры. Так што будзем сеяць – і карміць.
На дапамогу вяскоўцам прыйдуць гараджане – у вёску з горада будзе адпраўлена каля 500 трактароў, 150 пагрузчыкаў, неабходная колькасць аўтамабіляў. Гэта, лічу, нармальная практыка: трактары і пагрузчыкі з сельгаспрадпрыемстваў зімой дапамагалі ў гарадах прыбіраць снег, цяпер гарадскія службы дапамогуць хлебаробам адсеяцца.
Але, як бы мы ні стараліся, заканчваць пасяўную ўсё роўна будзем напачатку мая – ад гэтага нікуды не дзенемся.



Пра сланечнік, лубін і хрэн…

– Сёння вялізныя грошы ідуць на набыццё сланечнікавага і соевага жмыху як крыніцы бялку для жывёлагадоўлі. Ёсць меркаванне, што гэтыя культуры – сою, сланечнік – трэба вучыцца вырошчваць у Беларусі. Але ў нас пакуль няма для гэтага ўмоў – раянаваных сартоў, тэхналогіі вытворчасці. На Брэстчыне спрабавалі сеяць сланечнік, і атрымалася нядрэнна, але ў нашых шыротах гэтай паўднёвай культуры не хапае сонца.
Але ў Беларусі ёсць свая цудоўная крыніца бялку – лубін, яго нашы дзяды-прадзеды вырошчвалі. Толькі мы апошнім часам захапіліся вапнаваннем, бо збожжавыя культуры дрэнна растуць на кіслых глебах. А лубін, наадварот, любіць іх і на раскісленых высокіх ураджаяў не дае.
Яшчэ адна крыніца бялку – маладая трава. Толькі мы, як правіла, пачынаем касіць, калі там ужо не бялок, а адна клятчатка. Кіраўнікоў гаспадарак можна зразумець – з іх пытаюць за валавую вытворчасць, а не за бялок, Але з гэтым трэба нешта рабіць.
Лічу таксама, што нам сорамна купляць за мяжой цыбулю, часнок, хрэн – а купляем жа. Цыбулю, праўда, ужо навучыліся вырошчваць у прамысловых аб’ёмах – Гомельшчына можа забяспечыць ёй усю краіну. А мы з вамі, дарэчы, сёння знаходзімся ў цыбульнай сталіцы Гродзеншчыны – старшыня Мастоўскага райвыканкама Аляксей Сцяпанавіч Шафарэвіч запэўнівае, што яго раён здольны забяспечыць цыбуляй усю Гродзеншчыну, тут яго вырошчваюць 8 тысяч тон, 7 з якіх – на рахунку мясцовага фермера. Давайце папросім, каб Аляксей Сцяпанавіч паабяцаў на будучую зіму яшчэ гектараў пяць зімовага часнаку пасадзіць – ну колькі можна яго купляць за мяжой? Хацеў яго яшчэ і пра хрэн папрасіць, дык кажа, што гэта няхай ужо нехта іншы…
Увогуле трэба разумець, што вырошчванне ўсіх гэтых культур – самы эканамічна выгадны напрамак сельскай гаспадаркі, недаацэнены пакуль нашымі сельгасвытворцамі. Мы ў апошні час вельмі ўжо захапіліся збожжам. Гэта, вядома, важна, але кармы для паўнацэннага збалансаванага кармлення жывёлы – яшчэ важней. А вырошчванне гародніны – нашмат больш выгадна. І гэта трэба разумець.



Пра кадры ў сельскай гаспадарцы…

– На той час, калі я працаваў міністрам сельскай гаспадаркі, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы выпускалі ў год каля 7 тысяч маладых спецыялістаў, якія прыходзілі працаваць у сельскую гаспадарку – не думаю, што сітуацыя прынцыпова змянілася зараз. І прыкладна столькі ж чалавек штогод пакідае гэтую галіну. А ўсё таму, што ў вяскоўцаў няма выхадных. Раней асноўнай праблемай лічылася нізкая заработная плата ў сельскай гаспадарцы, але яе мы апошнім часам істотна падцягнулі. Наяўнасць выхадных, на мой погляд, яшчэ больш важная, чым зарплата. Ну дзе знайсці маладога чалавека, які згодны з ранняй вясны і да позняй восені штодня працаваць? Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў павінны зразумець: калі не даць людзям магчымасць адпачыць, то можна страціць кадры, прычым беззваротна. Ну няўжо так цяжка зразумець, што адпачыўшы чалавек па-іншаму адносіцца да справы? Ён нешта зрабіў па гаспадарцы, каб жонка не пілавала, пабыў з дзецьмі, праведаў бацькоў – і зусім з іншым настроем прыйшоў назаўтра на працу. Так, ёсць пасяўная, уборка – два месяцы ў годзе, напэўна, пра выхадныя вяскоўцу трэба забыцца. А ў астатні час яны павінны быць. Тым больш, што неабходнасці ў працы “ад цямна да цямна” ўжо няма, сучасная тэхніка дазваляе асноўныя тэхналагічныя працэсы выконваць больш хутка.
Калі б мы вырашылі праблему выхадных у сельскай гаспадарцы, ды на фоне таго, што ў вёсцы сёння нашмат прасцей атрымаць жыллё і сітуацыя з зарплатай там палепшылася – гэта б дапамагло вырашыць праблему кадраў асноўных сельгаспрафесій.



Пра газеты і журналістаў…

– Чытаць у нас сёння ўмеюць усе, а вось пісаць – вельмі нямногія. Журналісты на дарозе не валяюцца, гэта – штучны тавар, і адносіцца да іх патрэбна адпаведна. Тое, што слесар на заводзе “Азот” атрымлівае зарплату ў два разы большую, чым журналіст, – гэта ненармальная сітуацыя. Зарплату журналістам трэба падымаць, інакш можна страціць кадры – а знайсці іх потым будзе цяжка. Не падумайце, што гэта папулізм – гэта маё цвёрдае перакананне.
І газетам таксама трэба дапамагаць, асабліва тым, што выдаюцца ў невялікіх раёнах. Ну няма магчымасці ў Бераставіцкай “раёнкі” атрымаць столькі ж даходаў, як у Ваўкавыскай – не тое насельніцтва, не тая прамысловасць і г.д., а газета патрэбна і ў адным, і ў другім раёне. І цану на газету мы таксама не можам падняць да ўзроўню яе самаакупнасці, бо для многіх гэтая цана будзе непад’ёмнай. А ў каторай бабулькі на хутары гэта, магчыма, адзіная сувязь са светам, і мы не маем права яе абарваць. Пагэтаму падтрымка дзяржаўным газетам з бюджэту будзе ажыццяўляцца і надалей, і мы не павінны гэтага саромецца – не саромеюцца ж так званыя незалежныя газеты атрымліваць матэрыяльную падтрымку з Захаду. Гэта органы дзяржаўнай улады, і гэтая ўлада павінна клапаціцца аб тым, каб у рэдакцыях былі годныя ўмовы, а ў журналістаў – нармальныя зарплаты.


Акрамя таго, падчас прэс-канферэнцыі былі абмеркаваны пытанні рэпрыватызацыі, залішняга, на думку Сямёна Барысавіча, захаплення стварэннем холдынгаў, кадравай палітыкі, сітуацыі ў Гродзенскай філармоніі і абласным тэатры лялек, пабудовы Гродзенскай ГЭС, праблем старога горада, будаўніцтва аб’яздной дарогі і многія іншыя. Магчыма, не ўсіх задаволілі адказы старшыні аблвыканкама на пастаўленыя пытанні, але з адным не паспрачаецца ніхто: губернатар размаўляў з журналістамі шчыра і адкрыта і выказваў сваю пазіцыю па кожнаму з узнятых пытанняў канкрэтна і аргументавана. І гэтым у каторы ўжо раз заслужыў непадробную павагу і захапленне ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, незалежна ад іх статуса і рангу.


Ніна РЫБІК, фота аўтара.