Астравец стане горадам

12:00 / 31.03.2012


Можна павіншаваць жыхароў Астраўца з прыняццем важнага і доўгачаканага ўрадавага рашэння,  аднак называць сябе гараджанамі пакуль крыху дачасна.


27 сакавіка 2012 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь даў згоду Гродзенскаму абласному Савету дэпутатаў на аднясенне гарадскога пасёлка Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.
Аб гэтым гаворыцца ў Пастанове Савета Міністраў № 268.


Па закону канчатковае рашэнне аб прысваенні новага статуса прымае абласны Савет дэпутатаў, які на наступным тыдні збярэцца на пазачарговую сесію.
Аб гэтым у тэлефоннай размове нам паведаміў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Мікалаевіч Наўмовіч.
– У павестцы дня толькі адзін пункт. Гучыць ён гэтак жа, як і ў пастанове ўрада.
Нягледзячы на досыць фармальны характар дадзенага рашэння, сам момант абяцае быць урачыстым і хвалюючым. Усё ж не кожны дзень мы прысвойваем населенаму пункту статус горада! – заўважыў старшыня абласнога Савета.


Эдуард СВІРЫД.