За вопытам на Астравеччыну прыехалі прадстаўнікі сельскай гаспадаркі Гродзенскай вобласці

14:45 / 23.03.2012
1

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вобласці па выніках работы за два месяцы бягучага года не выканалі валавы прагнозны паказчык у вытворчасці ялавічыны. Таму чарговы абласны семінар-нарада, які  адбыўся на базе Астравецкага раёна, быў прысвечаны менавіта гэтай тэме. У яго рабоце прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання усіх раёнаў вобласці, іх намеснікі па жывёлагадоўлі, галоўныя ветэрынарныя ўрачы, а таксама спецыялісты абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні на чале са старшынёй Уладзіславам Эдвардавічам Рукам.





Семінар распачаўся ў актавай зале райвыканкама, дзе ад імя раёна гасцей прывітаў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька. Адам Дзмітрыевіч расказаў аб асноўных накірунках і перспектывах развіцця Астравеччыны, агучыў асноўныя вытворчыя дасягненні раённай жывёлагадоўлі і шляхі ўкаранення перадавых тэхналагічных прыёмаў для забеспячэння высокай прадукцыйнасці жывёлы.
Трэба адзначыць, што на фоне абласнога недавыканання прагнознага паказчыка валавой вытворчасці ялавічыны, страт у вытворчасці малака, сітуацыя ў нашым раёне выглядае аптымістычна – Астравецкі раён даведзеныя яму заданні выканаў.
За першыя два месяцы бягучага года атрымана 6888 тон малака, што на 112,4 працэнта больш мінулагодняга. Надой на карову склаў 810 кілаграмаў (плюс 82 кілаграмы). Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 910,5 тоны (108,8 працэнта), сярэднясутачная прывага – 700 грамаў. Кошт валавай прадукцыі склаў 11501,9 мільёна рублёў. Планавае заданне выканана на 108,5 працэнта.
Падобныя вытворчыя поспехі не маглі не заахвоціць удзельнікаў нарады пабываць на фермах Астравеччыны, каб падгледзець, так бы мовіць, вытворчыя сакрэты, на месцах разабрацца ў адпаведнасці справаздачнасці і фактычнага стану спраў.
Першым аб’ектам семінарскага падарожжа стаў малочна-таварны комплекс “Германішкі”. Ён унікальны ў сваім родзе – кошт яго будаўніцтва як мінімум удвая ніжэй, чым яму падобных. А сакрэт таннасці ў тым, што і будаваліся, і аснашчаліся вытворчыя памяшканні гаспадарчым спосабам. І яшчэ адно дасягненне – СВК «Гудагай» ўвайшоў у лік 36-ці гаспадарак рэспублікі, у якіх на вытворчасць аднаго літра малака затрачана толькі адна кармавая адзінка.
Праграмай нарады было прадвызначана акцэнтыраваць увагу яе ўдзельнікаў на паточна-цэхавай сістэме вытворчасці малака, тэхналогіі вырошчвання цялушак і цялят дарошчвання. Аднак госці зазірнулі ў кожнае вытворчае памяшканне комплексу. Падышлі нават да сянажнай ямы, каб праверыць якасць яго трамбоўкі. На старшыню СВК Э.І. Садоўскага і заатэхніка гаспадаркі В.Ч. Яцэнка абрынуліся дзясяткі пытанняў. У выніку і ступень укормленасці, і ўмовы ўтрымання жывёлы былі адназначана прызнаны добрымі. Хоць не абышлося і без заўваг: на думку спецыялістаў, кармавая сумесь на “сталах” у кароў была залішне здробненай, а гэта спрыяе “заляганню” яе ў страўніку жывёлы.
Наступны прыпынак – малочна-таварны комплекс “Малі”. Тут заатэхнік А.С. Бразевіч расказала аб тонкасцях фарміравання груп жывёлы і аб камп’ютарным уліку малочнага статка. Зноў – град пытанняў.
Па-добраму ўразіў удзельнікаў семінара стан спраў на ферме “Міцюны” (СВК “Гервяты”). Бездакорны парадак, высокая ўкормленасць жывёлы, стан бытавых памяшканняў для абслугоўваючага персаналу – усё гэта на міцюнскай ферме ў самым лепшым выглядзе. Нараканні ўзніклі толькі на пляцоўцы для выгулу жывёлы – яе памер не адпавядае колькасці пагалоўя, таму назіраецца скучанасць кароў.
Наведання Гервяцкага комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы госці раёна чакалі з асаблівым нецярпеннем. Справа ў тым, што нядаўна на аналагічным комплексе ў Навагрудскім раёне ў сувязі са зменай кіраўніка было праведзена пераважванне пагалоўя – недавага жывёлы аказалася, мякка кажучы, адчувальнай. У сувязі з гэтым на адкормачных комплексах вобласці распачалося пазапланавае ўзважванне…






Вядома, падчас семінара ніхто не збіраўся пераважваць гервяцкіх быкоў, але вопытнае вока галоўных спецыялістаў жывёлагадоўлі вобласці ў стане вызначыць вагу жывёлы і без адпаведных прыстасаванняў. Тым больш, што на дзвярах кожнай секцыі комплексу была напісана сярэдняя вага гадаванцаў. Толькі і самых прыдзірлівых гасцей чакала расчараванне – быкі не толькі адпавядалі ўказанай вазе, але нават мелі ў гэтым сэнсе пэўны запас.
Зацікавіліся “семінарысты” і работай камбікормавага цэха – гаспадаркі Астравеччыны ўжо не першы год адмовіліся ад паслуг перапрацоўшчыкаў і, закупіўшы адпаведнае абсталяванне, самі рыхтуюць якасныя канцэнтраваныя кармы. Аб перавагах “свайго” камбікорму расказаў гасцям старшыня СВК “Гервяты” А.У. Янчэўскі.
На плянарным пасяджэнні нарады выступалі спецыялісты абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. Намеснік старшыні А.В. Вайцяховіч расказаў аб выніках работы жывёлагадоўлі за першыя два месяцы 2012 года і задачах па выкананні прагнозных паказчыкаў. Праблемным пытанням арганізацыі аднаўлення статка прысвяціў сваё выступленне начальнік аддзела па племянной рабоце Гродзенскага племпрадпрыемства В.А. Гербедзь. Уласным бачаннем спектра неадкладных мер па павышэнні захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы і скарачэнні выбыцця кароў падзяліўся Т.В. Пальгуй, намеснік начальніка аддзела ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
Перад жывёлаводамі вобласці было пастаўлена нямала задач. Да прыкладу, прадоўжыць жыццё кароў да чатырох, а то і пяці лактацый – сёння рагулі эксплуатуюцца ў сярэднім 2,5-2,9 лактацыі. Трэба максімальна магчыма скараціць невытворчае выбыццё кароў і поўнасцю спыніць здачу на мясакамбінаты цялушак аднаўлення. Утрыманне жывёлы павінна адбывацца выключна ў адпаведнасці з паточна-цэхавай сістэмай, яе рацыён – адпавядаць навукова распрацаваным нормам. Чысціня, распарадак дня і працоўная дысцыпліна – непазбежныя атрыбуты вытворчага поспеху…
Вынікі семінара падвёў Уладзіслаў Эдвардавіч Рук, які расказаў аб эканамічнай і стратэгічнай сітуацыі ў жывёлагадоўлі вобласці. А ў канцы свайго выступлення старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні падзякаваў гаспадарам семінара за добрую яго падрыхтоўку, а таксама за выдатную працу.
Інтэрв”ю ў кулуарах

Да сваіх – па справядлівасці

Кароткае інтэрв’ю са старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзіславам Эдвардавічам Рукам:


– Уладзіслаў Эдвардавіч, 25 гадоў працоўнага жыцця вы аддалі варнянскай гаспадарцы. І вось ужо паўтара года, як вы – па-за яе межамі. Якія пачуцці звязаны з Астравеччынай?
– Астравеччына – мая радзіма. Кожны раз, калі сюды збіраюся, я збіраюся дадому. Думаю, так будзе заўсёды.
– Ці азначае гэта, што наш раён можа разлічваць на пэўныя, так бы мовіць, прэферэнцыі?
– Не больш, чым усе астатнія. Зрабі я хоць самую маленькую паблажку Астравецкаму раёну, у вачах працаўнікоў іншых раёнаў вобласці яна разрасцецца да грандыёзнага падарунка.
– Прызнайцеся шчыра – цікавіць вас становішча ў СВК “Варняны”?
– Як вы самі толькі што сказалі, гэтай гаспадарцы я аддаў 25 гадоў, 16 з якіх узначальваў яе. Стан спраў у “Варнянах” не можа не цікавіць. Хоць з-за высокай загружанасці не магу сказаць, што ў гэтым сэнсе я заўсёды ў курсе падзей.
На маю думку, гаспадарка павінна арыентавацца больш на ўласныя сілы, а не спадзявацца на дапамогу добрага дзядзькі, якога клічуць “бюджэт”.
– Уладзіслаў Эдвардавіч, дайце, калі ласка, ацэнку эканамічнай стабільнасці гаспадарак Астравецкага раёна. Расстаўце прыярытэты.
– Самая стабільная сітуацыя на сённяшні дзень назіраецца ў СВК “Гудагай”. Далей, на маю думку, гаспадаркі размяшчаюцца наступным чынам: СВК “Гервяты”, саўгас “Падольскі”, СВК “Міхалішкі” і СВК “Варняны”.
– На сённяшні дзень у Астравецкім раёне шляхам аб’яднання засталося пяць гаспадарак. Дарэчы, як вы ставіцеся да гэтага працэсу?
– Патрэбу ў аб’яднанні невялікіх гаспадарак дыктуе навукова-тэхнічны прагрэс – сучасную тэхніку неэфектыўна выкарыстоўваць на дробных участках. Магутным трактарам патрэбна прастора. І наогул, многія тэхналагічныя пытанні вырашаць прасцей пры маштабным да іх падыходзе.
Тым не менш лічу: не ўсе раёны вобласці ідуць на аб’яднанне гаспадарак. Да прыкладу, Бераставіцкі раён адмовіўся і аргументаваў гэта тым, што невялікай гаспадаркай кіраваць зручней. Так што канчатковы выбар – за самім раёнам.
– А як вы ставіцеся да сучасных буйных жывёлагадоўчых комплексаў?
– Нармальна. Фактычна гэта прамысловыя прадпрыемствы па вытворчасці малака. Галоўная іх перавага ў тым, што сітуацыю ў надоях цяпер вызначаюць не даяркі, як гэта было раней, а дыпламаваныя спецыялісты. Даярка на такой ферме – як слесар на канвееры: памыў, прасушыў сурвэткай, прыладзіў даільны апарат… Каровы для яе абязлічваюцца. Затое селекцыянер падобнага комплексу кожную рагулю павінен ведаць, як уласную. Пад яго кіраўніцтвам жывёла ўвесь час павінна быць у руху – перамяшчацца з цэха ў цэх у залежнасці ад перыяду лактацыі, велічыні надояў і г.д. Вось тады комплекс будзе даваць сапраўдную аддачу.
– І апошняе пытанне: якія ўражанні засталіся ад наведвання жывёлагадоўчых аб’ектаў, у прыватнасці і ад арганізацыі семінара ўвогуле?
– Прыемныя. Практычна ўсюды мы ўбачылі ўкормленую жывёлу, чысціню ў жывёлагадоўчых памяшканнях, запоўненыя якасным кормам кармавыя сталы. І гэтая сітуацыя не з разраду “для глянцавай вокладкі” – аб тым, што семінар адбудзецца на базе раёна, Астравеччына даведалася толькі за два дні да яго правядзення. За такі кароткі тэрмін лоск не навядзеш, жывёлу не адкорміш. Так што, лічу, мы ўбачылі рэальны стан спраў. І ўбачанае не можа не радаваць.


Гутарыла Ганна ЧАКУР.