У Астравецкім райвыканкаме віншавалі лепшых жанчын раёна

16:36 / 14.03.2012


Напярэдадні жаночага свята 8-га Сакавіка ў райвыканкаме прайшоў традыцыйны прыём жанчын кіраўніцтвам раёна.


Праўда, на гэты раз у традыцыйным прыёме, даруйце за каламбур, крыху адышлі ад ранейшых традыцый. Па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын 7-га сакавіка ў раённы выканаўчы камітэт былі запрошаны жанчыны, якіх вызначылі лепшымі ў кожнай з дзесяці абраных намінацый – былі ахоплены практычна ўсе асноўныя галіны жыцця раёна. Хочацца спадзявацца, што такое новаўвядзенне з цягам часу таксама стане традыцыяй.
Такім чынам, на прыём, які напярэдадні свята праводзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч у суполцы з начальнікам ідэалагічнага аддзела райвыканкама Аляксандрам Яўгенавічам Клімчэнем і дырэктарам цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктарам Іосіфавічам Ждановічам, былі запрошаны адзінаццаць жанчын. Кожная з якіх – асоба, вядомы ў раёне і ў сваёй сферы чалавек.
Да прыкладу, Ірына Эдуардаўна Тальчук з’яўляецца не толькі начальнікам раённага вузла паштовай сувязі – яна яшчэ і дэпутат раённага Савета дэпутатаў на працягу некалькіх скліканняў, дырэктар грамадскага аб’яднання “Савет кіраўнікоў”. Раённая пошта пад яе кіраўніцтвам стала адной з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы – і не толькі ў вытворчых паказчыках, а і ў творчасці, спартыўных дасягненнях. Ірына Эдуардаўна ўзнагароджана знакам “Ганаровы работнік сувязі Рэспублікі Беларусь”, выбіралася дэлегатам ІІІ Нацыянальнага народнага сходу, а калектыў РУПС адзначаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І менавіта Ірына Эдуардаўна Тальчук была названа жанчынай года ў намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”.


Даўно вядома, што грамадскую работу прадстаўнікі “моцнай палавіны” найчасцей перакладваюць на слабыя жаночыя плечы. Ну сапраўды, хто ж яшчэ будзе працаваць, як на службе – але бясплатна, у лепшым выпадку – за “дзякуй”? На гэта здольны толькі жанчыны – самыя добрасумленныя і адказныя з іх, якія ніколі і нічога не ўмеюць рабіць дрэнна. Менавіта да гэтай катэгорыі адносіцца Тарэса Мацвееўна Мароз, старшыня Астравецкага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”. З таго часу, як яна ўзначаліла астравецкіх палякаў, іх жыццё стала цікавым і насычаным, запоўненым рознымі культурнымі мерапрыемствамі, паездкамі на конкурсы, фестывалі і канцэрты, вялікай работай па захаванні нацыянальнай спадчыны, культуры, мовы, памяці суродзічаў, якія ў розныя часы былі пахаваны на тэрыторыі нашага раёна. І таму пераможцам у намінацыі “За актыўную грамадскую дзейнасць” была прызнана Тарэса Мацвееўна Мароз.


Кім бы ні працавала жанчына, якіх бы поспехаў ні дасягнула, напэўна, пераважная большасць з іх скажа, што галоўная ўзнагарода, асноўнае дасягненне яе жыцця – гэта дзеці. У Ірыны Зянонаўны Пашук, бухгалтара СВК “Варняны”, такіх узнагарод – пяць: тры сыны і дзве дачушкі. А ордэн Маці, якім была ўзнагароджана жанчына ў 2006 годзе, – гэта толькі прызнанне грамадствам і кіраўніцтвам краіны яе звычайнага мацярынскага подзвігу. На прыёме ў райвыканкаме Ірына Зянонаўна Пашук была ўзнагароджана ў намінацыі “За выхаванне дзяцей”.


У намінацыі “За выхаванне дзяцей” была ўзнагароджана яшчэ адна жанчына – намеснік дырэктара Спондаўскай СШ Іна Баляславаўна Памецька. Толькі Іна Баляславаўна была адзначана за выхаванне не ўласных дзяцей – такая ўзнагарода, магчыма, яшчэ чакае яе наперадзе, але на гэты раз так высока быў ацэнены уклад педагога ў выхаванне вучняў Спондаўскай школы. Падчас прыёму расказвалі, у якіх конкурсах і спаборніцтвах перамаглі і сталі прызёрамі выхаванцы Іны Баляславаўны. Але лепш за ўсё пра яе поспехі сведчыць шчырая, непадробная любоў дзяцей, якая – лепшая ўзнагарода для любога настаўніка.


Кожная жанчына па сваёй прыродзе – творца, незалежна да таго, чым яна займаецца: вырошчвае кветкі, варыць мужу абеды ці вяжа дачушцы новы світар. Але ёсць сярод іх тыя, для каго творчасць – не проста прафесія, а лад жыцця. Як, напрыклад, для вядомай у раёне мастачкі Тарэсы Іосіфаўны Варановіч. Яе карціны – гэта гімн радзіме, роднай Астравеччыне, і яе людзям. Нездарма ж партрэт Тарэсы Іосіфаўны занесены на раённую Дошку гонару. Але таленавітая мастачка не толькі сама піша карціны, а яшчэ на працягу вось ужо дваццаці гадоў вучыць дзяцей разумець і цаніць мастацтва, прыгажосць, развівае іх таленты – у Дайлідскай сярэдняй школе, цэнтры пазашкольнай работы, школе мастацтваў. І менавіта Тарэса Іосіфаўна Варановіч была прызнана пераможцай у намінацыі “За высокія творчыя дасягненні”.


Праца Наталлі Уладзіміраўны Волк-Леановіч, намесніка начальніка, начальніка аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, пераконвае, што работа эканаміста не менш творчая, чым, скажам, пісьменніка ці артыста. Для гэтага трэба толькі так, як гэтая жанчына, разумець, адчуваць кожную лічбу, бачыць за ёй працу дзесяткаў і соцень людзей – і магчымасць змяніць да лепшага і гэтую працу, і яе вынікі. У тым, што Астравецкі раён з колішніх аўтсайдараў вырваўся ў лідары і трывала заняў месца сярод абласных флагманаў сельскагаспадарчай вытворчасці, ёсць пэўная заслуга і гэтай цікавай, творчай жанчыны, высокага прафесіянала сваёй справы. У намінацыі “За ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі” жанчынай года была прызнана Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч.


Словазлучэнне “жаночая мужнасць” гучыць не вельмі звыкла. І тым не менш, ёсць жанчыны, якім яно – да твару, яно яскрава адлюстроўвае іх працу і лад жыцця. Адна з такіх – Анфіса Станіславаўна Савіцкая, старшы лейтэнант пагранічнай службы, начальнік змены пагранічнага кантролю “Гудагай-1”. Пра тое, як строгі і адказны старшы лейтэнант спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, лепш за ўсё сведчыць перамога Анфісы Станіславаўны ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод ваеннаслужачых пагранічнай службы і датэрміновае прысваенне ёй чарговага воінскага звання. А пра тое, якая гэта клапатлівая мама, цудоўная гаспадыня, уважлівая дачка і проста мілая і сімпатычная жанчына – тыя, хто ведае яе без пагонаў. У намінацыі “За жаночую мужнасць” была адзначана Анфіса Станіславаўна Савіцкая.


Няма такіх паказчыкаў, па якіх можна было б вызначыць ступень дабрачыннасці і міласэрнасці. І тым не менш, тыя, хто ведаюць старшыню раённай арганізацыі таварыства “Чырвонага Крыжа” Вольгу Іосіфаўну Руднік, пацвердзяць: прызнанне яе жанчынай года ў намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць” – стопрацэнтнае траплянне “у дзясятку”. Гэтая мілая сімпатычная жанчына ўспрымае боль кожнага чалавека, што прыходзіць да яе, як свой уласны. І кожнаму імкнецца дапамагчы. І робіць для гэтага канкрэтныя справы. Словы падзякі за яе штодзённую дабрачынную дзейнасць – галоўная ўзнагарода для Вольгі Іосіфаўны. А прызнанне на ўзроўні кіраўніцтва раёна – як дадатак да яе.


Напэўна, няма такога чалавека ў раёне, які б не чуў цудоўны – моцны, пранікнёны, лірычны, незвычайны – голас Дануты Міхайлаўны Блашкевіч, не захапляўся ім і не адбіваў далоні ў надзеі, што спявачка яшчэ што-небудзь праспявае “на біс”. Усё жыццё Дануты Міхайлаўны, выкладчыцы дзіцячай школы мастацтваў, Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, звязана з песняй. І ўзнагароджанне Дануты Міхайлаўны Блашкевіч у намінацыі “За вернасць прафесіі” – даніна павагі і захаплення талентам і творчымі дасягненнямі гэтай цудоўнай жанчыны.


2012 год у нашай краіне аб’яўлены Годам кнігі. І невыпадкова, што на прыём была запрошана жанчына, для якой кніга, творчасць – частка яе прафесіі: галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда”, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў, аўтар дзвюх кніг мастацкай прозы Ніна Аляксееўна Рыбік – яна была адзначана ў намінацыі “За ўклад у развіццё беларускай літаратуры і журналістыкі”.


А за дасягненні ў выхаваўча-адукацыйным працэсе жанчынай года была прызнана намеснік дырэктара Варнянскага вучэбна-педагагічнага комплексу Алена Іванаўна Юркойць. Таленавіты выкладчык хіміі і біялогіі, вучні якой пастаянна ўдзельнічаюць у навукова-даследчых канферэнцыях і прывозяць адтуль узнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, граматны адміністратар, цікавы чалавек, які ўвесь час займаецца самаадукацыяй – усё гэта пра Алену Іванаўну, і гэтага вельмі мала, каб перадаць усю паўнату і рознабаковасць талентаў гэтай цікавай і шматграннай натуры.
Апошнія словы, дарэчы, можна аднесці да кожнай з жанчын, што былі запрошаны ў той дзень на прыём да кіраўніцтва раёна – пра кожную з іх можна напісаць калі не кнігу, то нарыс – дакладна. Арганізатары – супрацоўнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – па меры магчымасці пастараліся гэта зрабіць: расказаць пра кожную з намінантак цёплымі словамі і цікавымі медыя-прэзентацыямі.
А падарунак кожная з іх атрымала таксама незвычайны – эксклюзіўны, спецыяльна зроблены для гэтага мерапрыемства на шклозаводзе “Нёман”: высакародны белы бусел, сімвал нашай сінявокай Беларусі і сямейнага шчасця, якога ўсім жанчынам шчодра і шчыра жадалі ў гэты дзень.
Хочацца спадзявацца, што гэты сімвалічны прыз, як і новая форма правядзення прыёму жанчын напярэдадні 8-га Сакавіка, неўзабаве стануць традыцыйнымі. А сапраўдныя буслы хутка прыляцяць да ўсіх нас. І прынясуць сапраўдную вясну. Прадвеснікі ўжо з”явіліся ў раёне...


Тамара РАБІНКІНА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.