Тыдзень postfactum: вясна...

14:21 / 13.03.2012
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Чым электарат задаволіцца?

Мінулым тыднем свет “перажоўваў” вынікі расійскіх выбараў.
Рэакцыя на іх Захаду аказалася прадказальна стрыманай. Зразумець можна: прынцыповы і непадатлівы Пуцін для Еўропы зусім не падарунак.
Назіральнікі ад АБСЕ і іншыя “еўрапарламентарыі” хоць і заікнуліся слаба аб несправядлівасці перадвыбарчай гонкі, выбары тым не менш прызналі. Не без касога позірку на газавую трубу, трэба думаць.
ЗША, хоць і з інтрыгуючым спазненнем, сціпла павіншавалі новага-старога прэзідэнта Расіі, чым нямала абразілі расійскую апазіцыю, якая на заакіянскае віншаванне разрадзілася рашучай заявай.
“Пара нарэшце зразумець, што існуюць рэчы, важнейшыя за дыпламатычны пратакол!” – гаворыцца ў ёй.
Якую рэакцыю хацелі ўбачыць праціўнікі Пуціна: эканамічныя санкцыі, “спісы” ці ваенную інтэрвенцыю – з заявы не вынікае.
Пакуль апазіцыянеры крыўдзіліся, у сродках масавай інфармацыі разгарнулася зусім не жартоўная дыскусія адносна вынікаў мінулых выбараў і выкарыстаных падчас іх сродкаў і метадаў палітычнай барацьбы.
“Несвядомыя” палітолагі і аналітыкі замест таго, каб зацягнуць у агульным хоры пратэстную песню, задаліся пытаннем: а што, уласна кажучы, прапанавалі электарату лідары сістэмнай і несістэмнай апазіцыі, каб святкаваць перамогу ў выбарах?
Мао Цзэдун, напрыклад, як сцвярджае легенда, прыцягнуў сімпатыі народа, паабяцаўшы кожнаму кітайцу талерку рысу і новыя штаны. Такімі былі паліттэхналогіі пачатку 20 стагоддзя.
Час сёння, зразумела, іншы, ды і расіяне не кітайцы…
І ўсё ж…



“Узяць усё ды падзяліць!”

Чамусьці неяк так атрымліваецца, што адразу пасля вызвалення ад “тыраніі” і набыцця свабоды ў краіне пачынаецца грамадзянская вайна.
Так было ў ЗША пасля заваявання незалежнасці.
Грамадзянскім кровапраліццем закончылася звяржэнне самадзярджаўя ў Расіі.
Не пазбеглі вайны краіны балканскага паўвострава, якія ўзніклі на руінах былой Югаславіі…
Праз год пасля “арабскай вясны” ў кроку ад грамадзянскай вайны апынулася Лівія.
Штуршком да яе можа паслужыць процістаянне ўсходу і захаду краіны.
У мінулы аўторак старэйшыны ўсходняй часткі краіны, вядомай як Кірэнаіка, заявілі аб увядзенні частковай аўтаноміі.
Падобную заяву нельга назваць неабдуманай, тым больш выпадковай.
На ўсходзе Лівіі здабываецца дзве трэція лівійскай нафты. Гэта – самы багаты рэгіён краіны. Аднак, як сцвярджаюць ініцыятары аўтаноміі, з нацыянальнага багацця мала што дастаецца мясцовым жыхарам. Маўляў, усе “вяршкі” здымае цэнтр.
Цэнтр у асобе нацыянальнага пераходнага савета выказвае рашучую нязгоду з аўтанамізацыяй краіны і выказвае намер выкарыстаць усе сродкі дзеля захавання адзінства краіны.
У тым, што афіцыйны Трыпалі не паступіцца і пяддзю свайго нафтавага “падбрушша”, можна не сумнявацца.
У сукупнасці з наяўнасцю ў краіне вялікай колькасці зброі, некіруемых нікім узброеных фарміраванняў, якія засталіся ў спадчыну ад нядаўняй вайны, гэта можа прывесці да куды большага па моцы і працягласці грамадзянскага канфлікту.



Са святам!

8 сакавіка ў Беларусі ў чарговы раз адзначылі жаночы дзень. Адзначылі кветкамі, шампанскім, падарункамі – у каго на што хапіла фантазіі і грошай.
Мала хто сёння ўспамінае, што першапачаткова гэты дзень увогуле не меў адносін да свята і адзначаўся масавымі шэсцямі, мітынгамі, падчас якіх жанчыны патрабавалі роўнасці з мужчынамі, выступалі супраць дыскрымінацыі па палавой прыналежнасці, прыцягвалі ўвагу грамадскасці да сваіх, жаночых, праблем.
Не ўсе з іх і не ўсюды вырашаны і сёння. Тым не менш Міжнародны жаночы дзень з часам згубіў сваю палітычную афарбоўку і ператварыўся ў дзень, калі мужчыны віншуюць жанчын. Адорваюць сваіх палавінак крыху большай, чым звычайна, увагагай і цеплынёй.
На жаль, у многіх краінах ад святкавання 8 Сакавіка адмовіліся, выплюхнуўшы гэтае свята на звалку гісторыі разам з іншай “спадчынай камуністычнай эпохі”.
Праўда, у рэспубліках былога СССР 8 Сакавіка працягваюць святочна адзначаць. Іншая справа, што не ўсюды гэты дзень з’яўляецца афіцыйным выхадным.
А вось у Латвіі статус афіцыйнага дзяржаўнага свята жаночаму дню вярнулі ў 2007 годзе.
Думаецца, рана ці позна да гэтага прыйдуць і Грузія з Літвой ды Эстоніяй.