Чарговая прэс-канферэнцыя з губернатарам Гродзенскай вобласці прайшла на мінулым тыдні

07:24 / 26.09.2011

Чарговая прэс-канферэнцыя журналістаў рэспубліканскіх, абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам адбылася ў мінулы аўторак.


Пачалася яна з найбольш актуальнага ў апошнія дні пытання аб сітуацыі на валютным рынку, якая істотна змянілася пасля таго, як штодзённа пачалі праводзіць таргі на беларускай валютна-фондавай біржы. Губернатар выказаў свае станоўчыя адносіны да гэтай падзеі, якая павінна “выбіць глебу з-пад ног” спекулянтаў, якія адны і выйгравалі ад узнікшай сітуацыі, і прывесці да стабільнасці ў цэнаўтварэнні, а затым – і ў грамадстве.
Як звычайна, на прэс-канферэнцыі з губернатарам журналісты ўздымалі многія пытанні па самых розных галінах дзейнасці. Адказваючы на адно з іх – аб тым, з якімі вынікамі вобласць збіраецца ехаць на рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі”, Сямён Барысавіч расказаў пра папярэднія вынікі сельскагаспадарчага года. Каравай Гродзеншчыны сёлета важкі — хоць і не настолькі, як планавалася з вясны.
— Мы зрабілі ўсё, каб атрымаць валавы збор 1 мільён 700 тысяч тон збожжа, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Але свае карэктывы ўнесла надвор’е. У выніку сабрана 1 мільён 400 тысяч тон – гэта на 100 тысяч тон больш, чым у папярэднім годзе. Ураджайнасць вырасла на 2 цэнтнеры з гектара.
Акрэсліваючы задачы ў сельскай гаспадарцы, С.Б. Шапіра нагадаў колішнія словы Аляксандра Іосіфавіча Дубко, які гаварыў, што хутчэй Нёман пацячэ ў зваротным кірунку, чым Гродзеншчына аддасць першынства ў вытворчасці малака. А сёння, на жаль, былыя дасягненні, якія раней здаваліся бясспрэчнымі, трэба вяртаць – і гэта неабходна рабіць: вобласць павінна займаць годнае месца ў рэспубліцы.
На пытанне аб эфектыўнасці выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, якая нядаўна прайшла ў суседняй Смаргоні, губернатар адказаў, што карысць падобных мерапрыемстваў вымяраецца не толькі ў грашах. Эфектыўнасць іх ужо ў тым, што людзі сустракаюцца, больш даведваюцца адзін пра аднаго і прадукцыю, якая выпускаецца ў суседзяў, наладжваюць сувязі, якія з цягам часу развіваюць. Сямён Барысавіч, па яго ўласнаму прызнанню, і сам да Смаргонскага форума не ведаў пра ўсю тую прадукцыю, што выпускаюць прадпрыемствы нашага рэгіёна.
— А ўвогуле я лічу, што ў паўночнага рэгіёна Гродзеншчыны вялікія перспектывы, — сказаў губентарар. — Якія яшчэ больш пашырацца з пачаткам будаўніцтва ў Астравецкім раёне атамнай электрастанцыі. Сюды прыйдуць новыя дзелавыя людзі, а з імі – і інвестыцыі.
Тэме развіцця ініцыятывы і прадпрымальнасці губернатар заўсёды надае асаблівую ўвагу – не была абыдзена яна і падчас гэтай прэс-канферэнцыі.
—Сёння многія скардзяцца на недахоп грошай. Але грошы – не праблема. Нашмат большы дэфіцыт – цікавыя праекты з хуткай акупляльнасцю, — зазначыў губернатар. І прывёў у пацвярджэнне сваіх слоў той факт, што ў абласным бюджэце прадугледжана 20 мільярдаў рублёў на падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы – з іх асвоена пакуль толькі чацвёртая частка: няма цікавых прапаноў, пад якія гэтыя грошы можна было б выдзеліць.
Набліжаецца юбілей Гродзенскай губерні — і гэтую тэму таксама закраналі ў сваіх пытаннях журналісты, пацікавіўшыся, уклад каго з губернатараў у развіццё прынёманскага краю Сямён Барысавіч лічыць асабліва значным і чаго б сам ён хацеў дасягнуць у гэтым рэгіёне? На што старшыня аблвыканкама адказаў, што губерню, а затым і вобласць узначальвала шмат дастойных людзей, імёнамі якіх цяпер названы вуліцы горада. А ацэнку яго асабістай працы і ўкладу ў развіццё вобласці дадуць час і людзі.
Закраналіся на прэс-канферэнцыі пытанні развіцця турызму, будаўніцтва вакол абласнога цэнтра аб’яздной дарогі, льгот асобным катэгорыям грамадзян. На ўсе іх Сямён Барысавіч адказаў, як заўсёды, шчыра і падрабязна.


Ніна РЫБІК.