Семінар ідэалагічнага актыву прайшоў у Гродне

15:37 / 15.09.2011
1

Aбласны семінар ідэалагічнага актыву, на якім абмяркоўваліся актуальныя пытанні ідэалагічнай работы на сучасным этапе, прайшоў на мінулым тыдні ў Гродне. На семінар запрашаліся намеснікі старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць пытанні ідэалагічнай работы, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі гаррайвыканкамаў, прадстаўнікі абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце буйных прадпрыемстваў і іншыя. Удзел у рабоце семінара прынялі старшыня абласнога выканаўчага камітэта С.Б. Шапіра і Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў.


Здаецца, усе ўжо перасталі саромецца слова “ідэалогія” і абмяркоўваць, ці патрэбна яна ўвогуле: сусветная гісторыя даўно і неаднойчы пацвердзіла, што перамогі ці паражэнні ў сусветных войнах залежаць не ад таго, наколькі моцна ўзброеная армія – яны найперш адбываюцца ў галовах і сэрцах людзей, якія выходзяць на поле бою. Тое ж можна сказаць і пра эканоміку: як правіла, паспяховае тое прадпрыемства, дзе людзі ведаюць, дзеля чаго працуюць, адчуваюць сэнс і задавальненне ад вынікаў сваёй дзейнасці, дзе кожны супрацоўнік бачыць непадробную ўвагу да сваіх паўсядзённых клопатаў і праблем. Магчыма, не ўсе іх можна ў той жа момант вырашыць, але часам уважлівыя адносіны, добрае слова каштуе даражэй, чым матэрыяльная дапамога, кінутая, як костка сабаку.
На семінары ішла размова пра разнастайныя аспекты ідэалагічнай работы, абмяркоўваўся яе стан і нюансы ў розных накірунках дзейнасці. Аб найбольш актуальных пытаннях ідэалагічнай работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва абласнога цэнтра расказала намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама І.П. Сенчанкава. Аб гэтым жа накірунку як важнейшым фактары сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства і фарміравання карпаратыўнага духу членаў калектыву гаварыла ў сваім выступленні генеральны дырэктар Гродзенскага РУП “Гронітэкс” В.А. Лаўцель. Загадчыца кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Т.А. Піваварчык засяродзіла ўвагу прысутных на інавацыйных падыходах у рабоце са студэнцкай моладдзю. Галоўны рэдактар Шчучынскай раённай газеты Т.В. Ступакевіч расказала пра ролю рэгіянальных СМІ і сучасных інфармацыйных тэхналогій у фарміраванні грамадскай думкі насельніцтва. Намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама В.М. Семяняка вёў гутарку аб асаблівасцях ідэалагічнай работы з сельскім насельніцтвам. На ролі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у кансалідацыі беларускага грамадства засяродзіў увагу ў сваім выступленні рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, прафесар, старшыня абласной арганізацыі “Белая Русь” В.К. Песціс.
Падвёў вынікі работы абласнога семінара Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў. Ён падкрэсліў, што асноўная задача ідэалагічнай работы – дайсці да кожнага чалавека. І тут самае важнае – жывыя, вочы ў вочы, стасункі з людзьмі. Кіраўнік арганізацыі, прадпрыемства, гаспадаркі, які занепакоены толькі вытворчымі паказчыкамі і не хоча сустракацца са сваімі працаўнікамі, не ведае іх клопатаў, не цікавіцца іх жыццём, — дрэнны кіраўнік. Аляксандр Міхайлавіч у чарговы раз нагадаў, што ў адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы менавіта кіраўнікі – а не іх намеснікі!— з’яўляюцца галоўнымі ідэолагамі ў той ці іншай вытворчай структуры і яны — і толькі яны! – у першую чаргу нясуць адказнасць за поспехі ці няўдачы ідэалагічнай работы.
Асабліва падкрэсліў А.М. Радзькоў важнасць работы з рэзервам кадраў, бо часта за людзьмі таленавітымі, энергічнымі, ініцыятыўнымі не відаць такой жа змены, – а побач павінны быць вучні, пераемнікі ідэй і метадаў работы, неацэннага вопыту лепшых спецыялістаў і кіраўнікоў.
Ішла размова на семінары і пра іншыя аспекты ідэалагічнай работы, якія павінны стаць паўсядзённай практыкай у жыцці кожнага калектыву.
Губернатар вобласці Сямён Барысавіч Шапіра, выступіўшы на заканчэнне работы семінара, падкрэсліў, што паспяховасць работы кожнага калектыву вызначаецца не толькі вытворчымі і эканамічнымі паказчыкамі, але і станам ідэалагічнай работы – і пра гэта трэба памятаць.


Ніна РЫБІК.