Хто мае права на адрасную сацыяльную дапамогу?

08:16 / 12.09.2011

У жыцці кожнага чалавека часам здараюцца складаныя сітуацыі, калі без дапамогі, у тым ліку і матэрыяльнай, не абысціся. Усцешна, што ў нашай краіне прадугледжана адрасная сацыяльная дапамога маламаёмным грамадзянам і сем’ям, а таксама тым, хто трапіў у складаныя жыццёвыя абставіны.
Хто мае права на адрасную сацыяльную дапамогу? Якія дакументы трэба прадаставіць для яе атрымання? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама Алена Станіславаўна Дукевіч.


– Алена Станіславаўна, раскажыце, у чым асаблівасці адраснай сацыяльнай дапамогі і хто мае на яе права?
– Адрасная дапамога накіравана на аказанне часовай матэрыяльнай падтрымкі малазабяспечаным сем’ям, садзейнічанне ў вырашэнні цяжкіх жыццёвых праблем. Асабліва гэта было актуальна ў летнія месяцы, калі бацькі збіралі дзяцей у школу. Маламаёмасным сем’ям пры цяперашняй дарагоўлі тавараў забяспечыць усім неабходным школьнікаў немагчыма. Акрамя таго, на адрасную дапамогу могуць разлічваць тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю – пажары, поўная непрацаздольнасць па прычыне інваліднасці ці дасягнення 80-гадовага ўзросту.
– І якія віды адраснай дапамогі прадастаўляюцца насельніцтву?
– Штомесячная і (ці) аднаразовая сацыяльная дапамога на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных прылад і на іншыя патрэбы, а таксама сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі.
Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна ці вядуць асобную гаспадарку, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму, які зараз складае 442 360 рублёў (дарэчы, яшчэ ў маі ён быў 296 870 рублёў). Назначаецца дапамога з месяца падачы заявы на перыяд з 1 да 6 месяцаў з улікам кожнай канкрэтнай сітуацыі. Так, да прыкладу, калі мы бачым, што ў сям’і ўсе працуюць, стараюцца, то камісія прымае рашэнне аб выплаце дапамогі на працягу 6 месяцаў. Іншыя ж не прымаюць ніякіх мер для паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча, ім проста выгадна пастаянна стаяць на ўліку ў службе занятасці – для такіх грамадзян перыяд выплаты адраснай дапамогі будзе скарочаны.
– Няўжо кожная сям’я з даходам ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму можа разлічваць на сацыяльную адрасную дапамогу? Ці ёсць выключэнні?
– Створана спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць спецыялісты ўпраўлення, райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадскіх аб’яднанняў, якія разглядаюць кожную справу асобна, і толькі потым прымаюць рашэнне. Каб выключыць утрыманства і неабгрунтаванае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, мы адмаўляем некаторым сем’ям і грамадзянам у дапамозе. Так, на дзяржаўную падтрымку не могуць разлічваць сем’і, якія маюць на тэрыторыі Беларусі больш чым адно жылое памяшканне (за выключэннем шматдзетных сем’яў); здаюць па дагавору найму жылое памяшканне; ездзяць адпачываць за мяжу; набываюць транспартныя сродкі (акрамя мапедаў і веласіпедаў) – за выключэннем шматдзетных сем’яў, сем’яў з дзяцьмі-інвалідамі, інвалідамі I ці II групы; тым сем’ям, дзе хтосьці з членаў сям’і вучыцца ва ўстанове адукацыі на платнай аснове, за выключэннем выпадкаў навучання за кошт ільготнага крэдыту ці сродкаў юрыдычных асоб. Дапамога не аказваецца і грамадзянам, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі; пакрываюць расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні; працуюць па ўласнай просьбе на ўмовах няпоўнага рабочага часу.
Але зноў жа мы стараемся ўваходзіць у становішча кожнай сям’і. Да прыкладу, нядаўна за дапамогай звярнулася жанчына з малазабяспечанай сям’і, але стала вядома, што нядаўна яна ездзіла ў Польшчу. Мы павінны былі адмовіць ёй, але жанчына прадаставіла дакументы, што ў Польшчы жыве яе 88-гадовая цётка, якую яна хацела праведаць. Дапамога ёй была аказана.
Няўдалым сем’ям дапамогу стараемся аказваць не ў грашовым выглядзе, а прадуктамі, палівам, аплатай камунальных паслуг.
– Ці маюць права беспрацоўныя на штомесячную сацыяльную дапамогу?
– Толькі тыя, хто зарэгістраваны ў службе занятасці больш за 3 месяцы і не парушаюць патрабаванні заканадаўства аб занятасці насельніцтва.
– Да прыкладу, у сям’і – тры чалавекі, іх сярэднедушавы даход складае 300 000 рублёў. Якім будзе памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі?
– Памер дапамогі на кожнага члена сям’і складае рознасць паміж бюджэтам пражытачнага мінімуму (442360 рублёў) і сярэднедушавым даходам сям’і (у дадзеным выпадку гэта 300000 рублёў). Гэта значыць, што на кожнага члена сям’і прыходзіцца дапамогі на суму 142360 рублёў.
– Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці аднаразовай сацыяльнай дапамогі?
– Як я ўжо казала, на аднаразовую дапамогу могуць разлічваць грамадзяне, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. У гэтым годзе ўсім пагарэльцам раёна мы выплацілі па 5 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Аказваем дапамогу пажылым людзям у вырашэнні складаных сітуацый – да прыкладу, ім неабходна адрамантаваць печку, а самі яны справіцца не могуць. Аднойчы да нас звярнулася шматдзетная сям’я з трыма маленькімі дзецьмі, у іх выйшаў са строю ацяпляльны кацёл – ім аказалі дапамогу ў памеры 5 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Асаблівасць гэтага віду дапамогі заключаецца ў тым, што прызначаецца яна толькі адзін раз на працягу года і толькі ў тым выпадку, калі сярэднедушавы даход не перавышае 150 працэнтаў крытэрыю патрэбнасці – 663 540 рублёў. Нагадаю, што сярэднедушавы даход сям’і (грамадзяніна) пры назначэнні штомесячнай і (ці) аднаразовай сацыяльнай дапамогі вылічваецца за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу звароту.
– Якія дакументы трэба прадаставіць для атрымання штомесячнай і аднаразовай дапамогі?
– Неабходна прыйсці да нас ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, напісаць заяву і прылажыць наступныя дакументы: пашпарт; пасведчанні аб нараджэнні дзяцей для сем’яў з дзецьмі да 18 гадоў; пасведчанне аб устанаўленні бацькоўства – для жанчын, якія нарадзілі дзяцей па-за шлюбам; пасведчанне аб заключэнні шлюбу ці копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу; працоўную кніжку – для непрацуючых пенсіянераў і непрацуючых членаў сям’і працаздольнага ўзросту; звесткі аб даходах сям’і за апошнія 12 месяцаў; даведкі аб рэалізацыі прадукцыі жывёльнага паходжання, пладоў і прадукцыі ўласнай падсобнай гаспадаркі, прадуктаў прамысловай дзейнасці – у выпадку, калі такая рэалізацыя мела месца; карту ўліку льготнага продажу лекавых сродкаў – для асоб, якія маюць права на такую льготу; дагавор аб падрыхтоўцы спецыяліста на платнай аснове, заключаны з установай адукацыі – для студэнтаў, якія навучаюцца за кошт льготнага крэдыту, сродкаў юрыдычных асоб; дагавор рэнты і (ці) пажыццёвага ўтрымання. Але пры неабходнасці ўпраўленне можа запытваць іншыя дакументы ў дзяржаўных органах, арганізацыях.
– А хто мае права на сацыяльную дапамогу на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі?
– Дзеці да 18 гадоў, не прызнаныя інвалідамі, але якія маюць патрэбу па медыцынскіх паказаннях у сродках рэабілітацыі, а таксама інваліды III групы, акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку проціпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення. Дапамога аказваецца ў памеры кошту тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Назначаецца для аплаты артэзаў верхніх і ніжніх канечнасцяў, вырабаў для лячэбнага пратэзавання дзяцей, артапедычнага абутку, слыхавых апаратаў, тэст-палосак для вызначэння цукру ў крыві, слыхавых апаратаў, вочных пратэзаў, шпрыцаў інсулінавых і іншага.
– Колькі чалавек у гэтым годзе атрымалі адрасную сацыяльную дапамогу ў нашым раёне?
– Штомесячная і аднаразовая дапамога была назначана 145 заяўнікам на суму 130,8 мільёна рублёў, 41 сродак рэабілітацыі быў выдадзены 22 заяўнікам на суму 12,8 мільёна рублёў.
Мы стараемся не абысці ўвагай ніводнага чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе. Тым больш, што сёння сацыяльная абарона адрозніваецца выключнай дыферэнцыяцыяй, “дакладнасцю”, якая ўлічвае патрэбы кожнага малазабяспечанага грамадзяніна ці сям’і.
– Дзякуй за гутарку!


Вольга ШОЎКУН.