Па слядах "прамой лініі". “Хай будзе цёпла!” — сказалі камунальнікі

16:20 / 30.06.2011

Дом №47 па вуліцы Валадарскага – адзін з так званых “чарнобыльскіх дамоў” – здавалі ў 1990 годзе: будавалі спехам, бо кожнаму з чарнобыльскіх перасяленцаў, што працавалі тады на будоўлі па 12-14 гадзін, хацелася як мага хутчэй атрымаць абяцаныя кватэры і забраць з забруджаных радыяцыяй раёнаў свае сем’і. Да якасці ніхто асабліва не прыглядваўся – быў бы дах над галавой ды сцены...
Цяпер, пасля дваццаці гадоў эксплуатацыі дома, уся гэтая спешка “вылазіць бокам”  – і кладзецца дадатковымі клопатамі на плечы камунальнай службы: то дах пачынае  працякаць, то высвятляецца, што швы паміж панелямі некалі не заладжваліся – і цяпер ідуць страты цяпла.
Адной з такіх застарэлых праблем, характэрнай, праўда, не для ўсяго дома, а толькі для жыхароў чацвёртага пад’езда, стала тое, што будаўнікі ў свой час “забыліся” паставіць у іх пад’ездзе батарэю ацяплення. З-за гэтага ў кватэрах было значна халадней, чым у іншых дамах і пад’ездах – што, вядома не магло не выклікаць нараканняў.


Са сваёй праблемай жыхары чацвёртага пад’езда звярталіся па чарзе да кожнага з кіраўнікоў камунгаса – і адказ чулі заўсёды адзін: батарэю ацяплення ў вашым пад’едзе паставіць нельга, гэта немагчыма. Чаму? Таму што  немагчыма ў прынцыпе! У якасці тлумачэнняў ішлі тэхналагічныя тэрміны, з якімі недасведчанаму спрачацца цяжка.
Сёлета, калі ў красавіку праводзілася “Прамая лінія” чытачоў “Астравецкай праўды” са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам, жыхары чацвёртага пад’езда дома №47 звярнуліся са сваёй застарэлай праблемай да кіраўніка раённай улады. Адам Дзмітрыевіч даў даручэнне РУП ЖКГ устанавіць батарэю ацяплення да 1 верасня.
Шчыра кажучы, людзі верылі і не верылі, што нарэшце і ў іх, як і ва ўсіх іншых, у пад’ездзе з’явіцца цяпло. Але вельмі хутка  з’явіліся работнікі  камунальнай службы. І ўжо 15 чэрвеня батарэя ацяплення ў пад’ездзе была ўстаноўлена. Аб чым сведчыць не толькі афіцыйны адказ начальніка РУП ЖКГ А.Б. Стурліса, але і  дасланая ў рэдакцыю падзяка жыхароў чацвёртага пад’езда дома №47.