Савет кіраўнікоў: як выглядаюць задворкі прывабных фасадаў

14:48 / 29.06.2011

Апошняе пасяджэнне савета кіраўнікоў праходзіла па традыцыйным у апошні час сцэнарыі: заходзячы ў салон аўтобуса, ніхто з яго членаў і запрошаных не ведаў маршруту руху. Яго асабіста карэкціраваў па ходу старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Адметнасцю стала тое, што на гэты раз для ўдзелу ў пасяджэнні савета кіраўнікоў былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў. Па той простай прычыне, што асноўная тэма пасяджэння – добраўпарадкаванне і падтрыманне належнага парадку на падведамасных тэрыторыях – прадстаўнікоў мясцовай улады тычыцца не менш, чым кіраўнікоў гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый. А вось робіцца на сяле часам намнога менш….


У апошні час госці Астраўца ў адзін голас называюць наш гарадок прыгожым, чыстым і ўтульным. Напэўна, гэта так – калі прайсціся па  цэнтральных вуліцах, паглядзець на парадныя фасады будынкаў і адміністрацыйных тэрыторый. А што на задворках за прывабнымі  фасадамі? Пагадзіцеся: пра акуратнасць гаспадыні сведчыць не столькі бляск новай мэблі ў гасцёўні, колькі парадак на кухні ды чысціня ў санітарных памяшканнях. Вось і вырашыў старшыня райвыканкама паглядзець – ды разам з тым і іншым, часам – і самім гаспадарам — паказаць тыя самыя задворкі. І, забягаючы наперад, трэба сказаць, што многім давялося пачырванець – нават тым, чые адміністрацыйныя тэрыторыі лічацца ўзорам і ставяцца ў прыклад для пераймання іншым.
—Трэба прызнацца, найперш самім сабе: мы апошнім часам заснулі, — такія не вельмі прыемныя для многіх словы старшыні райвыканкама папярэднічалі аб’езду. – Так, у 2008 годзе, падчас падрыхтоўкі да юбілею горада, было зроблена шмат. Толькі многія на тым і спыніліся. А цяпер толькі смецце падмятаем, ды і то не вельмі чыста і не ўсюды. Асабліва шмат прэтэнзій да работы сельскіх выканаўчых камітэтаў. Іншыя раёны рушылі нашмат далей нас. На кожнай тэрыторыі павінен быць такі парадак, каб у любы дзень у любы куток можна было зайсці – і не чырванець. А ці так у нас? Вось сёння ўсе разам і паглядзім.
Найбольш нараканняў у той дзень прагучала ў адрас устаноў гандлю. Пачаліся яны з самага першага прыпынку аўтобуса ля буйнейшага ў Астраўцы магазіна “Гермес”, дзе прадстаўніку райспажыўтаварства давялося выслухаць шмат нараканняў ад старшыні райвыканкама за ўтрыманне падведамаснай тэрыторыі – гэта сапраўды класічны прыклад пра згаданую вышэй гаспадыню. Беспарадак пабачылі члены савета кіраўнікоў і за магазінам “Клопат” – да таго ж, па сцвярджэнню начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.І. Калтана, — пажаранебяспечны беспарадак. Тое ж адзначалі яны і каля “Універсама “ на Фізкультурнай, ля кафэ “Беларусь”, знешні выгляд якога псуе перакошаны дашчаты “будынак невядомага архітэктара”, і нават у цэнтры горада, у двары гастранома “Цэнтральны”, які да таго ж па іроніі лёсу з’яўляецца тэрыторыяй праўлення райспажыўтаварыства і ўяўляе сабой адну вялікую лужыну, гразь з якой затым развозіцца машынамі, што пад’язджаюць сюды безупынным патокам, па ўсім горадзе. Зарастае пустазеллем і ператвараецца ў смеццезвалку тэрыторыя каля магазіна па вуліцы Калгушкіна. А між тым, менавіта райспажыўтаварыства ў 2008 годзе было прызнана пераможцам конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне – за тую вялікую работу, што была праведзена па будаўніцтву і рэканструкцыі гандлёвых кропак. Вось толькі праведзенае тады добраўпарадкаванне, на жаль, тычылася адных  парадных фасадаў і пасля юбілею горада спынілася…
Але не толькі кіраўніцтву райспажыўтаварыства давялося чырванець падчас аб”езду і даваць абяцанні ўсё выправіць у бліжэйшы час. Ведамасная тэрыторыя раёна электрасетак з’яўляецца ўзорам ідэальнага парадку і цудоўнай прыгажосці, які выклікае захапленне ў кожнага, хто тут бывае. А вось будынкі ТП, якія таксама належаць РЭСу, не абкошаны, зарастаюць пустазеллем.
Праехаўшы па Набярэжнай вуліцы, прысутныя вымушаны былі ўслед за старшынёй райвыканкама адзначыць, што задворкі буйнейшых у раёне арганізацый-суседзяў – аўтапарка, ДРБУ-159, завода “Радыёдэталь” – утрымліваюцца далёка не ў такім прывабным выглядзе, як парадныя “пад’езды”. Ды і каля іх, парадных, яшчэ патрэбна зрабіць многае.
Па шматгектарных адміністрацыйных тэрыторыях прадпрыемства меліярацыйных сістэм, сельгастэхнікі, МПМК-158 члены савета кіраўнікоў зрабілі аўта-экскурсію. Па ходу кіраўнікі гэтых арганізацый давалі тлумачэнні не толькі па ўтрыманні сваіх тэрыторый, але і па асноўных паказчыках работы. І таксама выслухалі ад старшыні райвыканкама шмат крытычных заўваг: існуючыя памяшканні можна задзейнічаць з большай карысцю, аварыйныя трэба разабраць, каб не псавалі агульны выгляд. А тэрыторыю ўтрымліваць у лепшым парадку, чым існуе зараз.
Падчас аб’езду мікрараёна прыватнай забудовы Адам Дзмітрыевіч Кавалька даў даручэнне начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і райЦГЭ актывізаваць работу санітарнай камісіі і сваю ўласную, бо вельмі часта на адной вуліцы можна сустрэць дагледжанае падвор’е, а побач – зарослае пустазеллем. Гаспадарам, якія лічаць, што на сваім двары што хачу, тое і раблю, а тое, што за яго межамі, увогуле не мая справа, трэба нагадаць, у тым ліку і з дапамогай самага пераканаўчага аргумента – рубля, калі іншыя не даходзяць, што жывучы ў грамадстве, трэба захоўваць і агульнапрынятыя правілы і законы.
І ўсё ж найбольш даручэнняў – а па ходу аб’езду вёўся спецыяльны пратакол, каб можна было пракантраляваць іх выкананне – выпала на долю РУП ЖКГ. І не таму, што камунальнікі працуюць горш, чым іншыя, проста тэма аб’езду – добраўпарадкаванне – тычыцца іх у першую чаргу.
Але падчас аб’езду старшынёй райвыканкама былі вызначаны і агульныя задачы для савета кіраўнікоў Адна з такіх — будаўніцтва гарадскога стадыёна, які вельмі патрэбен Астраўцу. Многае тут ужо зроблена – міні-футбольнае поле, газон на вялікім футбольным полі, хакейная пляцоўка. Але для таго, каб гэты важны спартыўны аб’ект з’явіўся ў райцэнтры, патрэбны агульныя намаганні. Адам Дзмітрыевіч прапанаваў весці работы па ўзвядзенні стадыёна метадам народнай будоўлі. Ідэю падтрымаў дырэктар РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, які выступіў з ініцыятывай: кожная арганізацыя, якая ўваходзіць у савет кіраўнікоў, павінна выдзеліць пэўную суму грошай на карысную справу.
Агульную зацікаўленасць выклікала і прапанова добраўпарадкаваць вадасховішча каля лесапарку — у колішняга любімага месца адпачынку астраўчан ёсць усе шансы вярнуць былую славу, але для гэтага трэба прыкласці немалыя намаганні і ўлажыць салідныя грошы. Ды, калі ўзяцца дружна, можна супольна вырашыць і гэтую задачу.
Тэма добраўпарадкавання атрымала свой працяг і падчас пленарнага пасяджэння. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.Э. Сянюць з дапамогай мультымедыйнай апаратуры паказаў “ва ўсёй красе” тэрыторыі некаторых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый – але большасць “карцінак” не стала для прысутных адкрыццём: толькі што ўсе бачылі іх падчас аб’езду.
Былі на пасяджэнні савета кіраўнікоў па традыцыі прааналізаваны вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна за пяць месяцаў – з інфармацыяй па гэтаму пытанню выступіў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама А.В. Зорка. Тут, зрэшты, вялікіх праблем пакуль не ўзнікае – усе прагнозныя паказчыкі выконваюцца. І хоць старшыня райвыканкама заклікаў усіх не расслабляцца і кантраляваць свае паказчыкі, асаблівую ўвагу надаючы энергазберажэнню,  уводу жылля, таварабароту на душу насельніцтва і іншым.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Здымкі прадастаўлены аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.