Тыдзень postfactum: перажыванні, спадзяванні і расчараванні

13:56 / 24.06.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Страсці па ЦТ

Здаецца, толькі ўчора адзвінелі ў школах апошнія званкі, а выпускнікі ўжо вытрымліваюць чарговыя іспыты – цэнтралізаванае тэсціраванне.
Колькі яно існуе, столькі не сціхаюць гарачыя спрэчкі аб мэтазгоднасці яго выкарыстання. Маўляў, ЦТ ператварае абітурыентаў  у  бяздумных робатаў, вымушае бацькоў звяртацца да рэпетытараў, многія трапляюць ва ўніверсітэт метадам “тыка”… А яшчэ праз тэсціраванне немагчыма выявіць чалавечыя якасці і творчыя здольнасці выпускніка. І гэтак далей, і таму падобнае.
Нешта з названага, безумоўна, мае месца быць. Аднак ніколі да ўвядзення ў практыку ЦТ сярод студэнтаў самых прэстыжных ВНУ не было столькі сельскіх выпускнікоў, дзяцей самых звычайных бацькоў, без тугіх кашалькоў і патрэбных сувязяў, як зараз.
А вось што сама арганізацыя тэсціравання магла быць шмат лепшай, з тым не паспрачаешся.
Адна справа – перад ЦТ добра выспацца, паснедаць і з’явіцца на “экзамен” за паўгадзіны да пачатку. І зусім іншая – прачнуцца  з узыходам сонца ці нават да яго, дзве гадзіны, а то і болей, трэсціся ў аўто ці дызелі – і з такімі “свежымі” мазгамі рашаць тэст па матэматыцы.
Астравецкім выпускнікам у гэтым сэнсе “пашанцавала” асабліва. У Гродзенскай вобласці бліжэйшы пункт тэсціравання ў Лідзе. Яшчэ ёсць у Ваўкавыску, да якога ўвогуле з Астраўца ніякім відам грамадскага транспарту не дабярэшся. Ну і абласны цэнтр – Гродна. Колькі часу трэба, каб да яго даехаць – можна не гаварыць.
Застаецца толькі паспачуваць нашым выпускнікам і ўспомніць самае першае цэнтралізаванае тэсціраванне, якое, калі не памыляюся, было праведзена ў раённых цэнтрах. Нічога, справіліся! І выпускнікі, і арганізатары. Чаму б не вярнуць мінулую практыку?



Хто каму вінен?

У мінулы аўторак Барак Абама звярнуўся да кангрэса ЗША з патрабаваннем-ультыматумам: калі не будзе павялічаны ліміт крэдытавання краіны, Злучаныя Штаты, а за імі і ўвесь свет сутыкнецца з новым фінансавым крызісам.
На сёняшні дзень ЗША з’яўляюцца буйнейшым у свеце даўжніком. Па звестках Міністэрства фінансаў гэтай краіны, на 1 студзеня 2011 года дзяржаўны доўг дасягнуў гістарычнага максімуму ў 14 трлн. долараў, што складае 96,5 % валавага ўнутранага прадукту, а ў пераразліку на кожнага жыхара краіны — прыкладна 45 тысяч амерыканскіх грашовых адзінак.
Па дадзеных гэтай жа ўстановы, калі справа так пойдзе і далей, то ў 2015 годзе дзяржаўны доўг ЗША дасягне 102% ВУП.
Увогуле, становішча, калі дзяржава звяртаецца за пазыкай, у сусветнай практыцы цалкам прымальная і шырока распаўсюджаная. Прычым амерыканцы ў гэтым плане, нягледзячы на каласальны аб’ём агульнага доўгу, далёка не рэкардсмены.
Па дадзеных інтэрнэт-энцыклапедыі “Вікіпедыя”, сярод буйнейшых даўжнікоў: Вялікабрытанія (416% ВУП); Германія (159% ВУП); Нідэрланды (470%); Францыя (188%); Ірландыя (1004%).
А абсалютным рэкандсменам з’яўляецца “карлікавы”  Люксембург. Яго дзяржаўны доўг складае 4000% валавага ўнутранага прадукту! Калі агульную суму раздзяліць паміж жыхарамі, кожнаму прыйшлося б “раскашэліцца” ажно на 4 млн. долараў!
Канешне, ёсць у свеце і тыя, хто нікаму нічога не вінен: Бруней, Ліхтэнштэйн, Макао і Палаў.
Беларусь сярод сусветных даўжнікоў займае сціплае 65 месца з трыма тысячамі долараў доўгу “на брата” і 57-мі працэнтамі ў адносінах да валавага ўнутранага прадукту.
Загадкавы “вірус”
Таямнічая кішэчная інфекцыя E.coli працягвае ліхаманіць Заходнюю Еўропу. З пачатку мая ёю захварэлі звыш трох тысяч чалавек. Для 29-ці з іх вынік быў смяротным.
Аднак палохае не столькі колькасць ахвяр, колькі нявызначанасць крыніцы смяротнай бактэрыі. Еўрапейскай “апале” ўжо былі падвергнуты і агуркі, і лісты салату, і парасткі соі. Фермеры церпяць шматмільённыя страты.
На мінулым тыдні прыйшла вестка, што прычынай інфекцыі ўсё ж нібыта з’яўляецца прарошчаная соя.
Абнадзейвае і тое, што колькасць захварэўшых паступова ідзе на спад.



Капрызная фартуна

Ужо ў мінулую нядзелю айчынны футбол мог дасягнуць самай вялікай у сваёй гісторыі вяршыні – заваяваць пуцёўку на бліжэйшыя алімпійскія гульні ў Лондане. І дастацца нам яна магла амаль што дарам, за кошт перамогі англічан над чэхамі на чэмпіянаце Еўропы сярод маладзёжных каманд.
Аднак за дзве хвіліны да заканчэння асноўнага часу фартуна павярнулася да беларусаў спіной. Чэхі матч выйгралі, а беларусам цяпер трэба даказваць сваё права на алімпіяду ў матчы – сама меней – за трэцяе месца на чэмпіянаце.
Па вялікаму рахунку – усё правільна. Фартуна – дама капрызная і “халяўшчыкаў” не шануе. Граміце іспанцаў, хлопцы – і запаветная пуцёўка будзе ў вас у кішэні!