Фізкультура і культура сталі асноўнай тэмай дня сельвыканкама, які прайшоў у Гервятах

08:53 / 06.06.2011

Пасля доўгага перапынку аднавілася правядзенне папулярных раней дзён сельвыканкама. На гэты раз прымаў гасцей – кіраўнікоў асноўных арганізацый і службаў райвыканкама, а таксама кіраўнікоў сельскіх Саветаў раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвічам – Гервяцкі сельвыканкам.


Падчас правядзення  сельвыканкама было вырашана паглядзець, як на тэрыторыі Гервяцкага сельскага Савета праводзіцца спартыўная і фізкультурна-масавая работа, а таксама пазнаёміцца з захаваннем тут гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Кажучы па шчырасці, больш “выгадную” для Гервят тэму дня сельвыканкама падабраць было цяжка. Бо ні ў якім іншым сельскім Савеце раёна няма такой спартыўнай базы, як тут – праўда, заслугі непасрэдна сельвыканкама у яе стварэнні асаблівай няма. Але такому фізкультурна-аздараўленчаму комплексу, які намаганнямі райвыканкама рэаніміраваны ў Гервятах практычна з руін, такой спартыўнай залы, як у Рымдзюнскай школе, няма больш нідзе ў раёне, у тым ліку і ў райцэнтры. Заканамерна, што тут праводзяцца спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, у тым ліку і міжнародныя – можна ўзгадаць штогадовы турнір па баскетболу на прыз першага пасла Літвы ў Беларусі Альфонсаса Аўгуліса, міжнародны турнір літоўскіх абшчын, які праходзіў тут летась і да якога, да слова сказаць, Гервяцкі ФАК атрымаў шыкоўны падарунак: баскетбольныя платформы, якія адпавядаюць усім міжнародным стандартам. Усе гэтыя аб’екты ў першую чаргу наведалі ўдзельнікі семінара, а аб іх дзейнасці, як і ўвогуле аб развіцці спорту ў сельскім Савеце расказалі начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама С.В. Шэін, старшыня сельсавета М.У. Шульгін, дырэктар ФАКа А.М. Кавалеўскі.
Школьны стадыён Гервяцкай СШ знаходзіцца далёка не ў такім прывабным выглядзе – тут ужо старшыні сельвыканкамаў маглі параўнаць убачанае  са сваімі спартыўнымі базамі. Але, па словах М.У. Шульгіна, сіламі школы, сельвыканкама і мясцовага СВК тут таксама стараюцца зрабіць больш-менш прыстойную базу для заняткаў спортам дзяцей і моладзі.
Што тычыцца захавання гісторыка-культурнай спадчыны, то тут зноў Гервяты – “наперадзе планеты ўсёй” тутэйшы касцёл Святой Тройцы  намаганнямі ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка і  прыхаджан даўно стаў прадметам гонару мясцовых жыхароў і месцам паломніцтва турыстаў не толькі нашага раёна і ўсёй Беларусі, але і блізкага і далёкага замежжа. Знаёма ўсім і “дарога лёну” – музейная экспазіцыя з такой назвай створана ў Рымдзюнскім літоўскім цэнтры адукацыі, інфармацыі і культуры.
Адкрыццём для ўдзельнікаў семінару стаў бадай што толькі нядаўна створаны, але ўжо багаты рознымі цікавымі вырабамі Гервяцкі Дом рамёстваў і знаёмства з яго супрацоўнікамі, апантанымі сваёй працай творцамі – Святланай Карэйва і Уладзімірам Пагада.
Па традыцыі наведалі ўдзельнікі дня сельвыканкама і іншыя аб’екты сацыяльнай сферы: Рымдзюнскія магазін, комплексны прыёмны пункт, фельчарска-акушэрскі пункт, пошту.
А пры падвядзенні вынікаў размова ішла не толькі аб пытаннях, якія былі названы асноўнай тэмай дня сельвыканкама, але і аб іншых аспектах дзейнасці мясцовай улады: навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях, закупе малака і іншых.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.