Тыдзень postfactum: калясвяточныя разважанні аб маралі, валюце і атаме

15:07 / 26.04.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Свята ўваскрасення Хрыста ў гэтым годзе прыпала на адзін дзень і ў католікаў, і ў праваслаўных. І ў каторы ўжо раз прымусіла задумацца: чаму аднаму і таму ж Богу мы молімся ў розных храмах, а святы адзначаем пераважна ў розныя дні?
Па праўдзе кажучы, хоць і не вельмі разбіраюся ў канфесійных асаблівасцях і тонкасцях, падобнай недарэчнасці чыста па-чалавечы зразумець не магу.
Колькі ні намагаўся знайсці рацыянальны адказ на гэтае пытанне – нічога не знайшоў. Нават цяперашні Патрыарх Кірыл у бытнасць сваю вядучым тэлеперадачы “Слова Божае” на гэты конт выказаўся досыць няўпэўнена: “Людзі прывыклі”. Магчыма. Але цяжка прывыкаць толькі да дрэннага, а добрае чалавек заўсёды прымае вельмі лёгка.



СТРАСЦІ ВАКОЛ АТАМА

Стараннямі кіраўніка літоўскага міністэрства замежных спраў Аўдронюса Ажубаліса беларуская АЭС мае ўсе шанцы стаць “міжпланетнай пагрозай”.
Аб тым, што яна пагражае бяспецы Літвы, мы ўжо чулі. Аб звароце міністра да кіраўніка МАГАТЭ — пісалі. АБСЕ і Еўрасаюз таксама сталі заложнікамі знешнепалітычных інтрыг суседняй дзяржавы.
А на мінулым тыдні дыпламат заявіў, што атамная электрастанцыя ў Беларусі можа ўяўляць пагрозу ўсім краінам НАТО! Праўда, ні аднаго разу ў гучных пасажах міністра не прагучала выразнага тлумачэння: чаму?
Адзінае больш-менш зразумелае нездавальненне міністра выклікае толькі блізкасць АЭС да Вільнюса.
Тым часам газета “Літоўскі кур’ер” размясціла на сваіх старонках даволі цікавую інфармацыю. Аказваецца, некаторыя еўрапейскія АЭС знаходзяцца значна бліжэй да сталіц суседніх дзяржаў, чым беларуская да сталіцы Літвы. Так, французская атамная электрастанцыя ў Каттэноме знаходзіцца ў 20-ці кіламетрах ад сталіцы Люксембурга. АЭС у Барсбеке (Швецыя) пабудавана ў 22-х кіламетрах ад Капенгагена. Усяго ў 38-мі кіламетрах ад сталіцы Харватыі Загрэба дзейнічае славенская атамная электрастанцыя. Менш, чым у сотні кіламетраў ад сталіцы Бельгіі знаходзіцца нідэрландская АЭС. “Літоўскі кур’ер” звяртае ўвагу сваіх чытачоў на тое, што “міжнародныя дакументы не рэгламентуюць адлегласць АЭС ад сталіцы”.
Неаднойчы аб гэтым заяўляў і беларускі бок.
Даведачна: да 2020 года ў непасрэднай блізкасці ад Літвы будуць пабудаваны 6 ядзерных энергетычных рэактараў польскай АЭС. Незадаволенасці планамі Польшчы літоўскі ўрад ніколі не выказваў.



МАРАЛЬНЫ ТЭРОР

Беларускае грамадства паступова выходзіць з шоку, выкліканага выбухам у мінскім метрапалітэне. Працягваецца следства. Яго папярэднія вынікі, як і настойваў прэзідэнт краіны, штодзень даводзяцца да ведама грамадскасці.
Аднак афіцыйных звестак некаму падалося мала. Нягледзячы на суровае папярэджанне Генеральнай пракуратуры Беларусі аб недапушчэнні распаўсюджвання любой адвольнай інфармацыі, многія расійскія сродкі масавай інфармацыі апублікавалі на сваіх старонках і імёны, і месцы працы, і нават дамашнія адрасы тых, каго падазраюць ва ўчыненні страшнага злачынства. Не кажучы пра шкоду следству, існуе і чыста маральны бок падобных дзеянняў. Журналіст прыехаў, сабраў “гарачую” інфармацыі і пераможна вярнуўся ў рэдакцыю. Выданне можа падлічваць барышы ад апублікавання сенсацыйнага матэрыялу. А бацькам, родзічам, якія не могуць несці адказнасці за дзеянні сваіх блізкіх – жыць...



ВАЛЮТНАЕ ПЫТАННЕ

Валюта ў абменніках і яе кошт – самая папулярная тэма мінулага тыдня.
Не трэба быць глыбокім фінансавым аналітыкам, каб зразумець, што долараў і еўра па “старых” цэнах мы ўжо не ўбачым. Аб гэтым гавораць і чыноўнікі з мінэканомікі, і банкаўскія эксперты. Спрэчка пакуль толькі аб тым, на якой рублёвай адзнацы затрымаецца долар. Прагнозы як аптымістычныя, так і даволі скептычныя.
Прыхільнікі ліберальнай эканомікі сцвярджаюць, што ўсё павінен адрэгуляваць рынак. Інакш кажучы - попыт нараджае прапанову і з’яўляецца галоўным фактарам цаны. Незалежна ад таго, пра што ідзе гаворка: замежную валюту ці мінулагодні снег. Калі ён нам спатрэбіцца – абавязкова знойдзецца яго прадавец. Калі ВЕЛЬМІ спатрэбіцца – да варажбіткі не хадзі – цана на яго будзе высокай.
Тую сітуацыю, якая ўтварылася на валютным рынку, у многім спарадзілі мы самі, без важкай патрэбы кінуўшыся ў абменнікі і банкі. Наіўна было чакаць, што пры такім шалёным попыце цана на валюту застанецца ранейшай. У выніку маем тое, што маем.
Ажыятаж – інструмент вельмі магутны. Таму ўзнікае рэзоннае пытанне – узнік ён па чыёйсці ”добрай” волі ці ўсё атрымалася неяк само па сабе? Мяркуючы па нядаўнім “хапуне” алею і цукру, у апошняе верыцца з цяжкасцю.