Тыдзень рostfactum: Вільнюс становіцца бліжэй

07:23 / 27.10.2010
Мінулы тыдзень вачамі галоўнага рэдактара Ніны РЫБІК

Дык якія ж падзеі мінулага тыдня сталі для нашых суграмадзян галоўнымі, усхвалявалі розум і сэрца?
Безумоўна, за гэты час у кожнага адбылося нешта асабістае, прыемнае ці не вельмі, якое важней за ўсе грамадска значныя падзеі. Кажам, калі прапаў любімы коцік, то падпісаны дагавор на пастаўкі венесуэльскай нафты здаецца такой дробяззю…
Але ж на мінулым тыдні прыйшлі навіны, якія могуць падсаладзіць нават гора ад прапажы хатняга любімца. Да, прыкладу, павышэнне з 1 лістапада ўсіх працоўных і сацыяльных пенсій у сярэднім на 10 працэнтаў – вельмі нават прыемная навіна для больш чым сямі тысяч астравецкіх пенсіянераў – а гэта, нагадаю, амаль што трэцяя частка насельніцтва раёна. А калі палічыць дзяцей і ўнукаў, якім ад гэтага павышэння, трэба думаць, таксама што-кольвечы перападзе, то і значна большай за трэць.


Аматарам спорту, трэба думаць, узняла настрой перад пачаткам працоўнага тыдня беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая ў нядзелю бліскуча выйграла Кубак Крамля. Хоць думаецца, што гэтая вікторыя Вікторыі парадавала нават тых нашых суайчыннікаў, якія не лічаць сябе вялікімі аматарамі спорту. А што – ведай нашых! Тым больш, што ў фінале беларуска перайграла расійскую тэнісістку Марыю Кірыленка, перамогі якой так чакалі высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі на трыбунах. А не дачакаўшыся, дэманстратыўна пакінулі корт. Ну і хай сабе – ад гэтага наша перамога ніколькі не страціла.
Але галоўнай падзеяй мінулага тыдня, безумоўна, стаў візіт у Беларусь прэзідэнта Літоўскай рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ. Нават далёкія ад палітыкі жыхары Астравеччыны лавілі кожнае слова ў выпусках навін і гадалі: падпішуць – не падпішуць? Размова, вядома, аб пагадненні аб спрошчаным перасячэнні дзяржаўнай мяжы жыхарамі прыгранічных раёнаў нашых дзвюх краін, пра падпісанне якога як падзею, што павінна адбыцца з дня на дзень, больш чым год гаварылі на ўсіх узроўнях. І вось нарэшце: кіраўнікі дзяржаў-суседак, якіх звязвае не толькі агульная мяжа, але і непадзельная гісторыя, паставілі свае подпісы пад дакументам, якога так чакалі жыхары па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. У вачах астраўчан гэтая навіна, безумоўна, зацьміла і візіт кіраўніка Венесуэлы Уга Чавеса з падпісаннем кантракту на пастаўку 10 мільёнаў тон нафты, і візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, які ў пэўнай ступені прымусіў прытрымаць язык разышоўшыхся было некаторых расійскіх палітыкаў: з думкай Кітая сёння не можа не лічыцца нават Расія.
Пасля падпісання пагаднення з Літвой з палёгкай уздыхнулі сотні бацькоў, дзеці якіх пасля развалу Саюза сталі замежнымі грамадзянамі, родныя, блізкія, сваякі: нарэшце можна будзе наведаць сваіх, што ўжо атрымалі еўрасаюзаўскую прапіску. Ды і проста паблукаць па вулачках любімай і роднай для многіх астраўчан Вільні – хто ж адмовіцца? А заадно і прыкупіць што-небудзь на акцыі ці распродажы па казачных цэнах, пра якія так любяць расказваць шчаслівыя ўладальнікі віз. Можа якраз да Калядных распродажаў паспеем?
Тых, хто знаходзіцца ў падобнай шчаслівай эйфарыі, мусім расчараваць: не паспееце. Бо падпісанае прэзідэнтамі пагадненне ўступіць ў сілу праз 30 дзён пасля ратыфікацыі яго парламентамі абедзвюх краін – плануецца, што гэта адбудзецца толькі вясной наступнага года. Далей трэба будзе атрымаць спецыяльнае пасведчанне: па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса, такія будуць выдавацца ў міграцыйнай службе пасольства. І зусім не бясплатна – кошт дакумента будзе складаць, па папярэдніх звестках, 20 еўра і выдавацца ён будзе на тэрмін ад аднаго года да пяці. Канешне, гэта зусім не тое, што 60 еўра за шангенскую візу, атрымаць якую не так і проста, але тым не менш набываць білеты на Калядныя святы пакуль што ранавата.
Тым не менш той факт, што 650 тысяч жыхароў Беларусі і 850 тысяч – Літвы змогуць у спрошчаным парадку перасякаць дзяржаўную мяжу, ездзіць у госці адзін да аднаго – хай сабе ў населеныя пункты, якія адносяцца толькі да 50-цікіламетровай прыгранічнай зоны, аднаўляць страчаныя было сувязі і будаваць так званую народную дыпламатыю – не можа не радаваць жыхароў Астравецкага раёна.
І хочацца спадзявацца, што далёка не ўсе з іх будуць выкарыстоўваць свае аўтамабілі ў якасці персанальных “бензавозаў”, робячы бізнес на розніцы цэн на паліва ў Беларусі і Літве і ствараючы на пунктах пропуску шматкіламетровыя заторы. І не ўсім спрошчаны парадак перасячэння мяжы трэба толькі для таго, каб ездзіць у Літву за таварамі, якіх пакуль няма ў нашых крамах ці цэны на якія істотна адрозніваюцца.
Думаецца, падпісанае пагадненне найперш паспрыяе аднаўленню культурных, гістарычных, спартыўных, міжасабовых сувязей – і гэта галоўная радасная падзея мінулага тыдня для жыхароў нашага раёна.