Пагадненне падпісана

14:20 / 15.10.2010

У пачатку кастрычніка ў Лідзбарку Вармінскім (Рэспубліка Польшча) старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька і стараста Лідзбарка Вармінскага павету Марэк Хіль падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.


Шлях да гэтага пагаднення пачаўся больш як год назад з так званай “народнай дыпламатыі”: візіту на Астравеччыну доктара філалагічных навук, прафесара з польскага горада Ольштын Мечыслава Яцэвіча, які нарадзіўся і дзяцінства правёў у Кямелішках. Вось тады і ўзнікла ідэя аб пашырэнні стасункаў.
Яна затым знайшла сваё развіццё падчас сустрэчы ў жніўні таго ж года ў Вільнюсе маршалка Вармінска-Мазурскага ваяводства Яцэка Протаса – таксама, дарэчы, беларуса па паходжанню — і намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы. Менавіта тады ў якасці магчымага партнёра для Астравецкага раёна і быў прапанаваны Лідзбарк Вармінскі – Яцэк Протас мае да яго асаблівыя пачуцці, бо сам даволі працяглы час, да абрання маршалкам (па-нашаму – губернатарам) ваяводства, з’яўляўся там старастам.
Чарговы этап развіцця беларуска-польскіх адносін адбыўся ў красавіку гэтага года, калі дэлегацыя з Лідзбарка Вармінскага ў складзе старасты павету Марэка Хіля, яго намесніка Яраслава Когута, кіраўніка павятовай рады Юзэфа Крукоўскага і супрацоўніка адміністрацыі Паўла Марэка наведала Астравеччыну. Тады былі ўзгоднены тэксты распрацаванага пагаднення аб супрацоўніцтве, умовы яго падпісання, якое было намечана ажыццявіць ва ўрачыстай абстаноўцы ў Лідзбаркскім замку 24 верасня, падчас святкавання так званых Дзён наследавання Варміны, якія адзначаюцца вельмі шырока і ўрачыста. Але на гэты дзень якраз быў прызначаны рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі”, і візіт астравецкай дэлегацыі ў Польшчу быў адкладзены на тыдзень.
Гасцей з Беларусі – старшыню райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавальку і яго намесніка Віктара Збігневіча Свілу – урачыста віталі ў Лідзбарку Вармінскім 30 верасня. Першага кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім раёнам і Лідзбаркам Вармінскім, якое прадугледжвае развіццё адносін паміж нашымі рэгіёнамі ў самых розных накірунках – культурным, спартыўным, турыстычным. Гэта выгадна і карысна для абодвух бакоў: у палякаў з’яўляецца дадатковая магчымасць рэалізоўваць новыя праекты па развіццю трансгранічнага супрацоўніцтва, якія фінансуюцца Еўрасаюзам, беларусам таксама цікава павучыцца нечаму новаму ў суседзяў і, магчыма, прыцягнуць еўрапейскія інвестыцыі для развіцця культуры, турызму і г.д.



Акрамя афіцыйнай місіі – падпісання пагаднення – астравецкай дэлегацыі была прапанавана шырокая культурная і пазнавальная праграма. У прыватнасці, яны пабывалі на Грунвальдскім полі, дзе 600 гадоў таму беларускія, польскія, літоўскія ваяры разам змагаліся за сваю зямлю супраць крыжакоў. Цікавай была экскурсія па Лідзбарку, незабыўныя ўражанні пакінула наведванне замка ў Мальбарку, знаёмства з Ольштынам – цэнтрам Вармінска-Мазурскага ваяводства. З цікавасцю пазнаёміліся госці з гаспадаркай польскага фермера — карані якога, дарэчы, таксама на Беларусі, на Браслаўшчыне – Збігнева Арановіча.
Візіт афіцыйнай дэлегацыі Астравецкага раёна ў Рэспубліку Польшча быў цікавым і карысным. Трэба спадзявацца, што падпісанне пагаднення выльецца ў канкрэтнае ўзаемнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і рэгіёнамі па абмену мастацкімі калектывамі, правядзенню сумесных спартыўных мерапрыемстваў, развіццю турызму, а магчыма, і канкрэтныя інвестыцыі ў эканоміку.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.