Сустрэчы раённай улады са свяшчэннаслужыцелямі стануць традыцыйнымі

15:38 / 24.09.2010

Сустрэчы кіраўніцтва раённай улады са свяшчэннаслужыцелямі ў мінулыя гады былі традыцыйнымі. Аднак апошнім часам гэтая добрая традыцыя, якая дазваляла “зверыць гадзіннікі” ў многіх пытаннях грамадскага жыцця, была крыху прызабытая за іншымі неадкладнымі справамі. Нядаўна было вырашана яе аднавіць — і ў мінулы аўторак сустрэча кіраўнікоў органаў мясцовай улады і святароў адбылася ў чарговы раз.


На сустрэчу былі запрошаны ксяндзы-пробашчы ўсіх касцёлаў раёна – Астравецкага, Гудагайскага, Варнянскага, Гервяцкага, Міхалішкаўскага, Дайлідскага, Быстрыцкага, а таксама настаяцелі Астравецкага і Альхоўскага праваслаўных храмаў. Уладу прадстаўлялі начальнікі асноўных аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам.
Напачатку размовы Адам Дзмітрыевіч расказаў свяшчэннаслужыцелям пра перспектывы, якія чакаюць наш раён і сам Астравец у недалёкай будучыні, калі пачнецца актыўная фаза будаўніцтва атамнай электрастанцыі, і тых задачах, якія давядзецца вырашаць у гэтай сувязі органам мясцовай улады.
Аналізуючы сённяшні стан спраў у эканоміцы і сацыяльна-культурным жыцці раёна, старшыня райвыканкама асаблівую ўвагу завастрыў на праблемах, якія некаму аднаму – ці то органам улады, ці медыкам, ці святарам – не вырашыць, бо алкагалізацыя грамадства і ўсе тыя беды, якія яна цягне за сабой, – гэта агульная праблема, і вырашаць яе трэба разам, усім мірам.
З гэтым пагадзіліся і святары. Ксёндз Здзіслаў Пікула, пробашч Варнянскага касцёла Святога Юрыя, падзякаваў мясцовай уладзе за супрацоўніцтва, за разуменне – і разам з тым, працягваючы тэму, узняў пытанне, што ў Варнянах нават у гадзіну ночы можна купіць гарэлку. Праваслаўны святар, настаяцель Петрапаўлаўскай царквы ў Астраўцы айцец Георгій Савіцкі таксама гаварыў пра тое, што на паліцах магазінаў зашмат алкагольных напояў і варта было б абмежаваць іх продаж, асабліва танных і няякасных краплёных він, якія прыносяць найбольшую згубу арганізму. “Алкагалізм – гэта хвароба, да якой трэба старацца не дапусціць, бо яна практычна невылечная”, — сказаў айцец Георгій.
З гэтым пагадзіліся ўсе. Але як папярэдзіць гэтую страшную хваробу? І ці дасць жаданы вынік забарона продажу спіртнога? Гэта мы ўжо праходзілі – безвынікова…
Ксёндз Гудагайскага касцёла Наведвання Маці Божай Казімір Мараўскі гаварыў аб тым, што самае важнае — гэта работа з моладдзю і дзецьмі, папулярызацыя сярод іх здаровага ладу жыцця, бо змагацца за алкаголікаў, якія самі найчасцей не жадаюць выходзіць са свайго напаўжывёльнага стану – справа амаль заўсёды марная і загадзя вырачаная на няўдачу.
Заняць моладзь, каб адцягнуць яе ад піва, цыгарэт і іншай брыдоты лепш за ўсё на культурных і спартыўных мерапрыемствах – так лічыць старшыня райвыканкама. Адам Дзмітрыевіч расказаў, што ў раёне ў гэтым напрамку ўжо зроблена і што яшчэ плануецца зрабіць – у прыватнасці, Варнянскі Дом культуры, праблема адсутнасці якога ў буйнейшым паселішчы раёна даўно ставіцца на ўсіх узроўнях, па словах Адама Дзмітрыевіча, да канца гэтага года абавязкова павінен быць адкрыты.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тарэса Мар’янаўна Драган расказала пра няўдалыя сем’і, што ёсць у раёне, і папрасіла святароў і ўсіх прысутных быць больш уважлівымі да дзяцей, якія ў іх выхоўваюцца, бо часта гэтыя малышы застаюцца сам-насам са сваёю бядою.
А ў начальніка упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Чаславы Эдуардаўны Кандратовіч іншы клопат і боль – сацыяльна неабароненыя старыя, адзінокія нямоглыя, шматдзетныя сем’і. Так, ім выплачваюцца дапамогі і пенсіі, але гэта вельмі невялікія грошы, якія не ў стане істотна змяніць іх жыццё.
—Увогуле ў мяне, калі я ўзначаліў Астравецкі раён, было тры мары, — уступіў у размову Адам Дзмітрыевіч Кавалька. — Першая – змяніць уклад жыцця на вёсцы: каб гаспадаркі нашы сталі працаваць з прыбыткам, каб у першую чаргу нашы буйнейшыя вёскі набылі прыстойны выгляд, займелі неабходную інфраструктуру – яна, можна сказаць, ужо ажыццявілася. Другая – надаць дастойнае аблічча Астраўцу, і сёння ўсе бачаць, як выглядае наш раённы цэнтр. А вось над трэцяй трэба яшчэ шмат працаваць: я мару, каб нашы людзі – усе, хто можа і мае жаданне працаваць, мелі дастойную заработную плату, якая дазволіць ім задавальняць усе іх патрэбы. Бо тыя пенсіі, дапамогі, пра якія гаварыла Часлава Эдуардаўна Кандратовіч і якія мы можам сёння прадаставіць малазабяспечаным – гэта слёзы, саломінка, якую мы кідаем тапельцу для выратавання.
Напрыканцы сустрэчы старшыня райвыканкама падзякаваў свяшчэннаслужыцелям за захаванне помнікаў культуры – а такімі па сутнасці з’яўляюцца ўсе храмы Астравеччыны — і падтрыманне іх у дастойным выглядзе. Тут, вядома, перш за ўсё выдзяляецца Гервяцкі кацёл Святой Тройцы, які ўжо стаў візітнай карткай Астравецкага раёна – і за гэта яго пробашчу ксяндзу Леаніду Несцюку А.Д. Кавалька выказаў асаблівыя словы падзякі. Шмат робяць святары па выхаванню дзяцей, моладзі, дарослага насельніцтва – і за гэта таксама заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці.



Лейтматывам сустрэчы стала думка, што сумесную працу святароў і органаў мясцовай улады на агульную карысць грамадства трэба працягваць, бо задача ва ўсіх адна – пабудова здаровага грамадства, і працаваць над яе ажыццяўленнем трэба разам, супольна.
На развітанне ўсім гасцям былі ўручаны кнігі “Памяць”.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.