У грамадскую прыёмную – за дапамогай

13:52 / 24.08.2010

Учора ў грамадскай прыёмнай пры  Прэзідыуме Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” праводзілі прыём грамадзян намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, намеснік старшыні абласной арганізацыі “Белая Русь” Р.К. Хамуціннік і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” В.І. Дземеш.


У грамадскую прыёмную у той дзень прыйшоў са сваім даўнім клопатам старшыня грамадскага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпан Ціток. Былы воін-афганец даўно выношвае ідэю ўстанавіць у Астраўцы помнік землякам, што загінулі на афганскай вайне.
У працэсе абмеркавання ідэя набыла больш выразнае і шырокае аблічча. Усе сышліся на тым, што помнік такі павінен быць – хоць у Астраўцы і ўстаноўлены помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай, але гэтая вайна была далёка не адзінай, калі нашы суайчыннікі геройскі змагаліся з ворагам і гінулі за Радзіму. Аднак, на агульную думку ўсіх, хто прыняў удзел у абмеркаванні ідэі Сцяпана Цітка, гэты помнік павінен увасабляць у сабе памяць нашчадкаў аб земляках, загінуўшых ва ўсіх ваенных канфліктах. Гэтую ідэю падтрымалі кіраўнікі “Белай Русі” раённага і абласнога ўзроўню, пра сваю падтрымку заявіла і маладзёжная грамадская арганізацыя БРСМ.
Думаецца, калі рашэнне аб такім помніку будзе прынята, то яго падтрымаюць і ветэраны Вялікай Айчыннай, не застануцца ў баку ад высакароднай справы і ўсе жыхары раёна.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.