Сямён Шапіра: "На Гродзеншчыне можна размаўляць шэптам"

14:22 / 18.06.2010

У сераду адбылася прэс-канферэнцыя нядаўна прызначанага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі вобласці.


Сямён Барысавіч пачаў сваю сустрэчу з журналістамі з таго, што адклаў убок папку з падрыхтаванымі спецыялістамі адказамі на загадзя прапанаваныя пытанні ад розных перыядычных выданняў, заўважыўшы, што гэта прыніжае і яго, як кіраўніка вобласці, і журналістаў, і заклікаў усіх да шчырай, адкрытай размовы, дзе будуць не толькі пытанні, але і думкі, меркаванні, прапановы па розных напрамках жыцця вобласці.
Гэтак жа адназначна ён “зарубіў на корані” спробы некаторых журналістаў рассыпацца ў кампліментах: маўляў, за такі невялікі тэрмін работы ў вобласці губернатар паспеў вельмі многае зрабіць.
—Ды нічога я не зрабіў! — парыраваў Сямён Барысавіч Шапіра. – Не паспеў яшчэ. Я пакуль па вобласці па карце езджу – не ведаю ні гаспадарак, ні людзей. Пакуль што ідзе працэс знаёмства.
Але, як стала зразумела з далейшай размовы, працэс гэты даволі інтэнсіўны: старшыня аблвыканкама, як сам прызнаўся, многа ездзіць па раёнах, прычым, як правіла, тады і туды, дзе і калі яго зусім не чакаюць.
–У мяне цяпер нібы другое дыханне адкрылася, — шчыра прызнаўся губернатар. — Люблю ездзіць па вечарах, ноччу, не складаючы пэўнага маршруту: еду па дарозе, спыняюся, размаўляю з людзьмі. Ведаеце, тое, што раскажуць вясковыя бабулькі на лавачцы – гэтага ніводзін памочнік не даложыць, гэта самы лепшы маніторынг грамадскай думкі. І мне падабаецца, што ў людзях няма агрэсіі, крыўды, непавагі да мясцовай улады — ёсць канкрэтныя пытанні, праблемы, якія патрабуюць такога ж канкрэтнага вырашэння.
Сямён Барысавіч сказаў, што пераканаўся падчас знаёмства з вобласцю: тая думка, што існуе ў сталіцы пра Гродзеншчыну як рэгіён з высокай культурай, дзе жывуць працавітыя, гаспадарлівыя людзі, адпавядае сапраўднасці. І тое, што наша вобласць заўсёды была перадавой у многіх паказчыках, — справядліва. А вось тое, што апошнім часам яе сталі “абыходзіць” іншыя рэгіёны, трэба папраўляць і вяртаць Гродзеншчыне славу флагмана.
—Падчас вашага прызначэння на пасаду губернатара была пастаўлена задача за бліжэйшыя паўтара-два гады павялічыць вытворчасць ў два разы – як гэта магчыма? – прагучала пытанне аднаго з журналістаў.
У адказ С.Б. Шапіра прывёў прыклад: калі ён узначаліў агракамбінат “Дзяржынскі”, выручка там складала 30 мільярдаў рублёў – гіганцкая, здавалася б, сума. Праз шэсць гадоў гадавы даход быў ужо 300 мільярдаў, а чысты прыбытак – больш за 60 мільярдаў.
—Як вядома, існуюць два шляхі развіцця: інтэнсіўны і экстэнсіўны, — сказаў губернатар. —У нас яшчэ не вычарпаны рэзервы ні ў тым, ні ў другім. Сярэднесутачны надой у 15 кілаграмаў малака – гэта не паказчык Гродзенскай вобласці. Наш патэнцыял – 25 кілаграмаў малака ў суткі. А ў свеце дояць і па 40 – і да гэтага трэба імкнуцца.
На пытанне аб тым, што са стылю работы колішняга губернатара Гродзенскай вобласці А.І. Дубко хацеў бы пераняць, сённяшні старшыня аблвыканкама С.Б. Шапіра ўзгадаў перш за ўсё ўменне Аляксандра Іосіфавіча працаваць з людзьмі.
—Ведаеце, з людзьмі можна гаварыць гучна, а можна – шэптам. Некаторыя, пакуль не павысіш голас, цябе не пачуюць. Дык вось, мне здаецца, што заслуга Аляксандра Іосіфавіча Дубко ў тым, на Гродзеншчыне можна гаварыць шэптам. І гэта вельмі важна, бо можна лічыць, колькі малака і мяса атрымалі, а можна –колькі інфарктаў і інсультаў зарабілі пры гэтым людзі – што важней, удакладняць, думаю, няма патрэбы. А яшчэ Дубко стаў адным з першых, хто павярнуў сельскагаспадарчую вытворчасць на высокатэхналагічны шлях развіцця – і гэта таксама тое, што трэба працягваць і развіваць.
Размова на прэс-канферэнцыі ішла пра розныя тэмы, пытанні задаваліся як шырокага гучання, так і вельмі канкрэтныя аб праблемах тых ці іншых раёнаў – інвестыцыйных праектах па развіццю Смаргоні, лёсе Слонімскага тэатра, будаўніцтве ачысных зубудаваняў у Свіслачы, захаванні самабытных будынкаў пры будаўніцтве аграгарадкоў, развіцці турыстычнай інфраструктуры на Аўгустоўскім канале і інш.
Журналіст “Астравецкай праўды” ад імя працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна пацікавілася, ці плануецца выдзяленне крэдытаў сельгаскааператывам на набыццё паліва на перыяд корманарыхтоўкі. На гэтае пытанне адказваў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама М.Э. Сарасек. Ён сказаў, што корманарыхтоўка сёння з’яўляецца вельмі важнай сельскагаспадарчай кампаніяй – нават важнейшай, чым уборка збожжавых, бо травяністыя кармы на 60 працэнтаў забяспечваюць прадуктыўнасць жывёлагадоўчай галіны, а тая, у сваю чаргу, з’яўляецца эканамічна найбольш эфектыўнай галіной сельскай гаспадаркі. Канкрэтна на корманарыхтоўку крэдытаў выдзяляць не плануецца. Аднак ужо падпісаны Указ Прэзідэнта аб выдзяленні авансаў гаспадаркам перапрацоўчымі прадпрыемствамі на ўборку ўраджаю. Нашай вобласці выдзяляецца прыкладна 25 мільярдаў рублёў – з гэтых сродкаў таксама можна будзе набываць паліва для завяршэння работ па нарыхтоўцы кармоў.
Прэс-канферэнцыя са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта С.Б. Шапірам доўжылася амаль дзве гадзіны, і, на агульную думку, Сямён Барысавіч зачараваў журналістаў сваёй адкрытасцю, шчырасцю, непасрэднасцю. Кажуць, што першае ўражанне – самае правільнае і важнае. Без перабольшвання можна сказаць, што ў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вобласці ад знаёмства з губернатарам яно засталося самым станоўчым.


Ніна РЫБІК.