Крэдыт даверу апраўдалі. Так трымаць і надалей!

11:45 / 30.04.2010

Чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў, якое прайшло ў красавіку, было асаблівым: закончыўся чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў дзеючага прэзідыума гэтай грамадскай арганізацыі і яго старшыні, і надышоў час чарговай выбарчай кампаніі. Да таго ж савет кіраўнікоў адзначаў першы сур’ёзны юбілей сваёй дзейнасці – ён быў створаны дзесяць гадоў назад.
Але значнасць моманту не збіла ўдзельнікаў пасяджэння з дзелавога тону размовы і ўсталяваных на працягу дзесяці гадоў традыцый: найперш былі падведзены вынікі работы за тры месяцы года. Трэба сказаць, што яны больш чым сціплыя, і толькі пэўная святочнасць моманту пазбавіла удзельнікаў пасяджэння ад сур’ёзнай і не вельмі прыемнай размовы. Як канстатаваў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі, прагнозны паказчык па росту выпуску валавой прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі за першы квартал года не выкананы, прычым значна. Справіліся з заданнем толькі рабочыя завода “Радыёдэталь”, дзе тэмп росту скалаў 110 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. На ўсіх іншых прадпрыемствах – кардоннай фабрыцы “Альхоўка”, камбінаце кааператыўнай прамысловасці, камбінаце бытавога абслугоўвання — не дасягнулі нават узроўню мінулага года. У цэлым па раёну тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 74,5 працэнта – да ўзроўню мінулага года недададзена прадукцыі больш як на мільярд рублёў, да прагнознага паказчыка – і таго больш. Толькі 76,2 працэнта склаў тэмп росту выпуску спажывецкіх тавараў. Не выконваюцца і іншыя прагнозныя паказчыкі – за выключэннем ўводу жылля, энергазберажэння, рознічнага тавараабароту і некаторых іншых, менш значных. Зразумела, што пры такім раскладзе сумныя “рамансы” “спявае” і фінансава-эканамічнае становішча прадпрыемстваў і арганізацый. Прычыны такога становішча ў розных арганізацыях розныя, ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя, але падрабязны “разбор палётаў” быў пакінуты да наступнага пасяджэння – з улікам, як ужо адзначалася, асаблівага, юбілейна-выбарчага настрою цяперашняга.



На чарговы тэрмін старшынёй Савета кіраўнікоў раёна абрана Ірына Эдуардаўна Тальчук, начальнік вузла паштовай сувязі

У сваім справаздачным выступленні старшыня савета кіраўнікоў начальнік вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук прааналізавала дзейнасць савета кіраўнікоў за апошнія чатыры гады, нагадала прысутным — а некаторыя маладыя кіраўнікі даведаліся пра гэта ўпершыню – чым займаўся савет кіраўнікоў, якія задачы ставіў перад сабой і як іх вырашаў. Галоўная мэта гэтай грамадскай арганізацыі – каб усе прадпрыемствы і арганізацыі раёна працавалі ў цесным узаемадзеянні, больш ведалі пра справы і праблемы адно аднаго і па магчымасці дапамагалі іх вырашаць. Трэба сказаць, што гэта ў многім удаецца: да прыкладу, новыя кантэйнеры для збору пластыкавых адходаў, што з’явіся ва ўсім мікрараёне Валадарскага, па заказу РУП ЖКГ выраблены на заводзе “Радыёдэталь”, спецадзенне большасць прадпрыемстваў заказвае ў камбінаце бытавога абслугоўвання – і гэта дазваляе палепшыць фінансавае становішча не толькі нейкай канкрэтнай арганізацыі, але і раёна ў цэлым.
Таму на пытанне старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі, які дзесяць гадоў назад быў ініцыятарам стварэння савета кіраўнікоў і на працягу ўсяго гэтага часу прымае самы актыўны ўдзел у кожным яго пасяджэнні, ці ёсць карысць ад гэтай грамадскай арганізацыі, адказ быў адназначны: савет павінен працягваць яваю дзейнасць. Ён дазваляе вырашаць многія праблемы і вострыя пытанні, так бы мовіць, “у цесным сямейным коле”, прычым з большай эфектыўнасцю, не выносячы ўнутраныя праблемы на шырокае абмеркаванне. Пастаяннае наведванне розных прадпрыемстваў, якое ўвайшло ў практыку работы савета кіраўнікоў, дазваляе пазнаёміцца з іх дзейнасцю, тымі навінкамі, што з’яўляюцца ў калег. Ды і гаспадароў, да якіх едуць госці-калегі, прымушае падцягвацца, больш старанна наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі. Пытанням добраўпарадкавання на пасяджэннях савета кіраўнікоў таксама надаецца пастаянная і неаслабная ўвага – і гэта таксама стала адной з прычын таго, што вытворчыя базы прадпрыемстваў і арганізацый за апошнія гады набылі зусім новае аблічча, некаторыя з іх, як, да прыкладу, РЭС, вузел паштовай сувязі, “Астравецрайгаз”, сталі сапраўднымі ўзорамі ландшафтнага дызайну.


Другім пытаннем, якое разглядалася на гэтым пасяджэнні савета кіраўнікоў, з’яўляліся выбары кіруючых органаў – прэзідыума, рэвізійнай камісіі і старшыні. Тут абышлося без інтрыгі: члены савета кіраўнікоў прызналі работу савета ў справаздачным перыядзе добрай, а таму вырашылі пакінуць без змен склад прэзідыума, у які ўваходзілі начальнік ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Доўгі, начальнік “Астравецрайгзу” Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны, начальнік РЭС Альфрэд Станіслававіч Калеснік і начальнік вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Старшынёй раённага савета кіраўнікоў на чарговы тэрмін абрана Ірына Эдуардаўна Тальчук.


Ніна РЫБІК.