Старшыня Савета дэпутатаў падала ў адстаўку

07:57 / 30.04.2010
25 красавіка адбыліся выбары дэпутатаў мясцовага Савета 26-га склікання. А напярэдадні, 23 красавіка, сабраліся на сваю апошнюю сесію дэпутаты раённага Савета 25-га склікання.

На парадку дня было толькі два пытанні. Па просьбе начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Я.В. Кірэевай дэпутаты сваім рашэннем зацвердзілі справаздачу аб выканні раённага бюджэту 2009 года.
Затым чарга дайшла да своеасаблівага падвядзення вынікаў работы раённага Савета 25 склікання. Усе дэпутаты падчас рэгістрацыі атрымалі падзякі старшыні райвыканкама за актыўную і добрасумленную работу ў раённым органе прадстаўнічай улады, а таксама — кнігі “Памяць” і буклеты “Астравецкі раён”. Найбольш актыўным дэпутатам, якія да таго ж з’яўляліся ў гэтым скліканні членамі прэзідыума раённага Савета – І.Э. Тальчук, М.Н. Ігнатовіч, А.А. Марозу, В.Ч. Далговічу, В.І. Тачонаму, А.Ч. Вярбовічу, а таксама спецыялісту апарата раённага Савета Г.А. Кляпец — І.Б. Шляхтун уручыла Падзячныя лісты прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Сама Ірына Баляславаўна Шляхтун была ўзнагароджана Ганаровай граматай прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.





А затым Ірына Баляславаўна звярнулася да дэпутатаў з заявай аб датэрміновым вызваленні ад займаемай пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку, матывуючы яе тым, што ўзрост яе набліжаецца да пенсійнага і на чарговае скліканне кандыдатам у дэпутаты яна не вылучалася. У адпаведнасці з Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні дэпутаты могуць даць такі дазвол шляхам тайнага галасавання.
Удзел у тайным галасаванні прынялі ўсе 20 дэпутатаў, якія прысутнічалі на сесіі. Як паведаміла падліковая камісія, 18 з іх выказаліся за задавальненне просьбы І.Б. Шляхтун, 2 былі супраць. Такім чынам, рашэннем большасці дэпутатаў раённы Савет прыняў адстаўку старшыні.
На заканчэнні сесіі Ірына Баляславаўна выслухала шмат цёплых слоў падзякі за сваю шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання ад старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі, членаў прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т.Г. Голубевай, у якой Ірына Баляславаўна з’яўляецца памочнікам дэпутата, – ім жа, па словах Таццяны Генадзьеўны, яна застанецца і пасля выхаду ў адстаўку.
Ірына Баляславаўна Шляхтун таксама падзякавала за плённую сумесную работу раённы выканаўчы камітэт і яго старшыню, дэпутатаў, нешматлікі апарат раённага Савета.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.